Top.Mail.Ru

Аб правобразах, шляхах фарміравання і развіцця беларускага народаўладдзя ішла гаворка на чарговых парламенцкіх чытаннях

Ад Полацкага веча да Нацыянальнага сходу


Беларускія парламентарыі маюць вопыт арганізацыі і правядзення падобных асветніцкіх праектаў. У мінулым годзе, цыкл першых чытанняў прысвячаўся тэме 80-годдзя Вялікай Перамогі. Акрамя дэпутатаў, слухачамі праекта традыцыйна выступаюць грамадскія актывісты, моладзь. Тэма сёлетніх чытанняў — «Вытокі і традыцыі беларускага народаўладдзя».

Мерапрыемства, прымеркаванае да 30-годдзя ўтварэння Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, невыпадкова праходзіла ў старажытным Полацку, на базе дзяржуніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Згодна думцы, агучанай на чытаннях, беларускі свет пачаўся з гэтага горада. 

— Парламент з’явіўся не на пустым месцы, гэтаму папярэднічала найбагацейшая гісторыя, якая стагоддзямі складвалася на беларускіх землях, — адзначыў старшыня Палаты Прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. — Сёння мы разгледзелі некалькі гістарычных эпох, цэлых дзесяць стагоддзяў, ад Х да ХХ, калі нашы землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў, ад Полацкага княства да Расійскай імперыі. Наступныя чытанні ахопяць савецкі і сучасны перыяд суверэннай Беларусі. 

Экскурсам у гісторыю ХІ — ХV cт. па тэме «Традыцыі вечавога народаўладдзя ў Полацкай зямлі» падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. Тагачасны Полацк быў сталіцай моцнага княства, усе жыхары якога, а не толькі непасрэдна горада, зваліся палачанамі. Вышэйшым органам народапраўства на той час з’яўлялася веча, засядаць у якім магло ўсё свабоднае мужчынскае насельніцтва. Веча было надзелена правам запрашэння на княства і адлучэння ад яго, толькі яно, а не князь адзінаасобна, магло абвяшчаць вайну і заключаць мір, мела ўладу над народным апаўчэннем і шэраг іншых важнейшых паўнамоцтваў. Тут нават з’явіўся аналаг партыі — купецкая братчына. Веча абараняла суверэнітэт дзяржавы і служыла захаванню ў ёй палітычнай стабільнасці. Яго можна лічыць правобразам сучаснага Нацыянальнага сходу. 


На пытанне аднаго са слухачоў аб падабенстве паміж Полацкім вечам і Усебеларускім народным сходам Ігар Марзалюк адказаў, што і той, і другі орган народаўладдзя вышэйшыя за любы орган улады. Толькі яны могуць скарэктаваць ці адмяніць любы закон. 

Наступную старонку гісторыі, якая тычылася перыяду знаходжання тэрыторый сучаснай Беларусі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а пасля Рэчы Паспалітай, перагарнуў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслаў Даніловіч. XVI стагоддзе — тэрыторыя сучаснай Беларусі ўваходзіць у склад ВКЛ і складае яго аснову. Гэта дабрадатны час, калі складваецца беларуская народнасць. Афіцыйная мова — старабеларуская. Вядучую ролю ў кіраванні дзяржавай іграе сейм, у рабоце якога прымалі ўдзел прадстаўнікі шляхты. Яго з’яўленню папярэднічала наяўнасць Рады як дарадчага, а пасля і распарадчага органа ўлады. У сейме прасочваецца пераемнасць ад вечавога сходу, і яго можна назваць прадвеснікам парламента.

У выніку палітычных перыпетый урэшце значная частка ВКЛ на ўмовах уніі ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай, што замарудзіла працэс фарміравання беларускай нацыі і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. 

Аднаго са студэнтаў гістарычнага факультэта ПДУ імя Ефрасінні Полацкай зацікавіла, чаму ў ВКЛ у час Рэчы Паспалітай працягвалі збірацца сеймікі. Вячаслаў Даніловіч патлумачыў гэта жаданнем падтрымліваць суверэнітэт сваёй дзяржавы. Так, ва ўсе часы да гэтай тэмы ставіліся рэўнасна. 


Аб дзейнасці беларускіх дэпутатаў у Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі давёў член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Вадзім Гігін. У склад гэтай дзяржавы нашы тэрыторыі ўвайшлі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Перыяд развіцця Беларусі ў Расійскай імперыі ў XVIII — XX ст. — эпоха фарміравання гістарычных перадумоў, якія адкрылі магчымасць рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. 

Ідэя самадзяржаўя ў Расіі ўкаранілася настолькі трывала, што думкі аб увядзенні ў якасці органа кіравання парламента пачалі там узнікаць толькі напрыканцы ХІХ ст. Першая Дзяржаўная Дума была сфарміравана ў 1906 годзе., у яе склад увайшлі 36 дэпутатаў ад пяці беларускіх губерній. Усяго да 1917-га паспелі папрацаваць чатыры Думы розных складаў. Галоўная заслуга гэтага тагачаснага органа ўлады заключалася ў фарміраванні органаў мясцовага самакіравання на нашых землях. Так, у 1911 годзе былі ўведзеныя земствы. Пэўны ўклад Дзярждумы ўнеслі ў развіццё парламентарызму і законнай партыйнасці. 


Моладзь у зале цікавіла, у якім стане знаходзілася нацыянальная самасвядомасць беларусаў у складзе Расійскай імперыі. Вадзім Гігін звярнуў увагу на тое, што на той час беларусы аб гэтым мала задумваліся. Штуршок да абуджэння далі падзеі Першай сусветнай вайны, калі бежанцы з заходніх ускраін імперыі падаліся ў яе глыб і са здзіўленнем высветлілі, што яны быццам рускія, а быццам і не. Відавочнымі былі розніца ў маўленні, бытавым укладзе, звычаях. 

Традыцыі народаўладдзя зарадзіліся ў далёкім гістарычным мінулым беларусаў, а адрадзіліся — ужо ў нашай суверэннай дзяржаве. Органы ўлады і народаўладдзя працягваюць развівацца і ўдасканальвацца, каб найбольш поўна адпавядаць прынцыпам служэння народа. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю