Top.Mail.Ru
58

Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Беларусі за пяць гадоў істотна вырасла і па выніках

Прамысловасць па праве лічыцца ключавой галіной народнай гаспадаркі. Гэта галоўная рухаючая сіла эканомікі, наймагутнейшы фактар развіцця і росквіту дзяржавы і грамадства. Імпартазамяшчэнне ў сваю чаргу — адказ на сучасныя выклікі. Пераможцы і лаўрэаты конкурсу «Імпартазамяшчэнне», які праводзіцца ўжо трэці раз, — прыклады прафесіяналізму, смеласці і адказнасці.


Міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР падчас урачыстай цырымоніі адзначыў, што імпартазамяшчэнне для многіх прадпрыемстваў сёння — гэта тэхналагічны суверэнітэт і самадастатковасць. Для Міністэрства эканомікі падтрымка такіх ініцыятыў з’яўляецца безумоўным прыярытэтам.

«Мы бачым тут людзей, якія не спалохаліся выклікаў, а ўспрынялі іх як магчымасць заняць пустыя нішы і стварыць унікальны нацыянальны прадукт, — падкрэсліў Юрый Чабатар. — Па выніках 2025 года ў краіне выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі практычна на 30 мільярдаў долараў. Асаблівая роля тут адводзіцца малому і сярэдняму бізнесу. Летась сектар МСП забяспечыў трэць усяго аб’ёму імпартазамяшчэння краіны. Вашы вынікі даказваюць: знак „Зроблена ў Беларусі“ — сінонім тэхналагічнасці, надзейнасці і высокай якасці».


Па словах Юрыя Чабатара, вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Беларусі за пяць гадоў істотна вырасла і па выніках мінулага года склала больш за 29 мільярдаў долараў — чвэрць прамысловай вытворчасці. Больш за палову пастаўляецца на экспарт: «У гэтых аб’ёмах малы бізнес займае істотную долю: рост за пяцігодку больш чым у 1,3 раза, амаль да 4 мільярдаў долараў. І прадстаўнічасць рэгіёнаў вельмі вялікая — не толькі Мінск. Мы робім вялікую стаўку на тое, каб у малых гарадах малы бізнес развіваў свае кампетэнцыі».

Асновай для такога рыўка сталі створаныя ў Беларусі інструменты, у тым ліку інфраструктурныя (развіццё пляцоўкі субкантрактацыі і біржы імпартазамяшчэння) і фінансавыя (новыя крэдытныя прадукты). Усё гэта дало яшчэ большы штуршок да таго, каб бізнес ішоў з праектамі.


ТАА «Навукова-вытворчае аб’яднанне «Пасат» з Салігорскага раёна Мінскай вобласці спецыялізуецца на вытворчасці тэхналагічнага абсталявання для хімічных вытворчасцяў і горна-абагачальных камбінатаў.
Прадпрыемства атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Вытворца года». Першы намеснік дырэктара ТАА «Навукова-вытворчае аб’яднанне «Пасат» Мікалай ГРАБАРАЎ адзначыў, што па лініі імпартазамяшчэння прадпрыемству ўдалося за апошнія гады зрабіць велізарны крок наперад. «Самы галоўны наш прадукт — гэта пласціністы згушчальнік для ўзбагачэння калійных руд. Таксама мы выпускаем згушчальнікі для ўзбагачэння металічных руд, залатых руд».

У галіне хімічнага машынабудавання для абагачальнага абсталявання канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі грунтуецца на трох «кітах»: інжынерная школа, практычная адаптацыя і адказнае суправаджэнне, адзначыў першы намеснік дырэктара. «Беларускія інжынеры прафесійна працуюць на вытворчасці, адаптуюць абсталяванне пад зменлівыя параметры зыходнай сыравіны і заўсёды ўлічваюць новыя патрабаванні да машын, якія выпускаюцца. Таму ў суадносінах кошт — якасць — сэрвіс — адаптыўнасць беларускія машыны становяцца не проста канкурэнтаздольнымі, а пераважнымі».

Гаворачы аб сакрэце поспеху прадпрыемства, Мікалай Грабараў сказаў: «Гэта штодзённая праца ініцыятыўнага і прафесійнага калектыву з беларускім поглядам на якасць і жаданнем ганарыцца вынікамі сваёй працы. Усё гэта — разам з разуменнем важнасці ўласнай вытворчасці на дзяржаўным узроўні, ініцыятыў з боку нашых заказчыкаў».


Рэспубліканскае інавацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» займаецца распрацоўкай інавацыйнай прадукцыі, заснаванай на навуковых даследаваннях Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. За гады працы тут быў створаны цэлы комплекс вырабаў, якія на сёння атрымалі практычнае прымяненне і вырашаюць не толькі сацыяльныя, але і эканамічныя задачы нашай краіны. Асноўную долю ў забеспячэнні паказчыка росту аб’ёму вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі для тэхнапарка склалі эндапратэз каленнага сустава з сістэмай імплантацыі, а таксама вырабы медыцынскага прызначэння для траўматалогіі і артапедыі.

«Нам урад даручыў стварыць тры тысячы камплектаў эндапратэзу каленнага сустава. Мы пры ўсіх абставінах зрабілі пяць тысяч трыста, — расказаў дырэктар навукова-тэхналагічнага парка БНТУ „Палітэхнік“ Георгій ВЯРШЫНА. — Цяпер мы пачынаем распрацоўваць трэцяе пакаленне эндапратэзу каленнага сустава».

Прадпрыемства прайшло даволі доўгі шлях ад стварэння сур’ёзнай інавацыйнай вытворчасці да моманту, калі можна казаць, што аналагаў такой імпартазамяшчальнай вытворчасці няма на постсавецкай прасторы.
«Дзякуючы падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта мы змаглі стварыць унікальную вытворчасць і выпрабавальную лабараторыю, якая цяпер вырабляе эндапратэзы каленнага сустава. Унікальнае абсталяванне дазваляе працаваць на перспектыву, ствараць новыя мадэлі вырабаў, замяшчаць імпартныя прадукты па эндапратэзаванні каленнага сустава».

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю