У Беларусі плануецца нарасціць вытворчасць каштоўных парод рыб. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадарцы «Белводгас» Дзяніс Заяц на палях выстаўкі «Белагра-2026».
«Па даручэнні кіраўніка дзяржавы прапрацоўваецца пытанне прызначэння аб’ектаў і будаўніцтва 10 індустрыяльных комплексаў па вытворчасці таварнай фарэлі магутнасцю 1000 т. Доследны рыбгас „Сялец“ плануе будаваць другі комплекс на 100 т па асятровых», — расказаў Дзяніс Заяц.
Свой прадукт па выгаднай цане — такая задача стаіць перад вытворцамі. У аб’яднанні працуюць над тым, каб усе этапы вырошчвання праходзілі ў Беларусі — ад малька да таварнай асобіны.
У снежні 2025 года ў Краснапольскім раёне ўвялі ў эксплуатацыю два комплексы па вырошчванні фарэлі магутнасцю 1 тыс. т кожны, а таксама комплекс па вытворчасці ікры ў рыбгасе «Палуж». Па іх прыкладзе будуць рэалізоўвацца іншыя праекты. Сёння зацвярджаюцца пляцоўкі і вызначаецца фінансаванне.
На «Белагра» аб’яднанне прапанавала экспазіцыю «Рыбацкая вёска». Тут можна пазнаёміцца з прадукцыяй рыбакамбіната «Любань», рыбгасаў «Волма», «Чырвоная Слабада», «Сялец», фарэлевай гаспадаркі «Лахва». У падрыхтоўцы пляцоўкі таксама ўдзельнічалі калектывы ААТ «Рыбгас «Навінкі», ААТ «Грыцава», РУП «Калінкавічыводбуд», ААТ «Пінскводбуд», ААТ «Рыбгас «Лактышы».
Прадпрыемствы ў асноўным пастаўляюць прадукцыю на ўнутраны рынак, у мінулым годзе вырабілі 14,4 тыс. т. Рыбагаспадарчая дзейнасць ажыццяўляецца па двух асноўных напрамках: развядзенне і вырошчванне рыбы ў штучных вадаёмах гаспадарак і вылаў яе з рэк і азёр. Асноўны аб’ём вытворчасці аквакультуры складае сажалкавая рыба. Зыходзячы з эканамічнай эфектыўнасці разглядаюцца варыянты рэалізацыі на экспарт.
У бліжэйшыя гады вытворчасць каштоўных відаў павялічыцца на 10 тыс. т. Усяго ў рэспубліку завозіцца больш як 100 тыс. т рыбы. Развіццё рыбаводства ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «АПК будучыні» на 2026-2030 гады.