Top.Mail.Ru

Вытворчасці вызначаюць магчымасці

На сустрэчы з журналістамі, якая прысвячалася вынікам 2024 года, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім КРАЎЧУК падрабязна спыніўся на ініцыятывах, праектах, якія ўдалося рэалізаваць, засяродзіў сваю ўвагу на асобных з іх.


Паводле яго меркавання, рэалізацыя праграмы «Адзін раён — адзін праект» спрыяе ўстойлівасці эканомікі рэгіёнаў. У пераліку Брэсцкай вобласці такіх прадпрыемстваў больш чым 30. Некаторыя гарады і раёны не абмяжоўваюцца адной вытворчасцю. Напрыклад, у Пінску іх чатыры, у Лунінецкім, Бярозаўскім, Брэсцкім, Пружанскім, Столінскім раёнах і ў Брэсце — па два. Рэалізацыя пяці праектаў завяршылася ў вобласці летась. Былі рэканструяваны вытворчыя карпусы «Зубр Энерджы» ў Пінску, што дазволіла наладзіць выпуск штампаваных пласцін для замяшчэння імпартнай сыравіны. Новую лінію па вытворчасці тратуарнай пліткі ўстанавілі на лунінецкім прадпрыемстве «Спецжалезабетон». На Ляхавіцкім ільнозаводзе арганізавалі вытворчасць катанізаванага льновалакна. Вядомы ў краіне вытворца «Бярозабудматэрыялы» запусціў новую тэхналагічную лінію па вырабе керамічнай пліткі і керамаграніту. На «Івацэвічдрэве» адкрылі цэх па ламініраванні ДСП. У выніку выпускаюць прадукцыю, аналагаў якой не было ў краіне.

Варта сказаць, што адкрытае акцыянернае таварыства «Івацэвічдрэў» з’яўляецца адным з найлепшых прадпрыемстваў у сферы дрэваапрацоўкі краіны. Запуск новай лініі ламініравання драўляна-стружачных пліт уласнай вытворчасці стаў магчымым у рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Лінія дазваляе павялічыць аб’ёмы выпуску, пашырыць асартымент прадукцыі, скараціць тэрміны выканання заказаў, робіць магчымым выпуск зусім новых пліт з глыбокімі структурамі паверхні, а таксама ламініраваныя пліты, дзе цісненне паверхні максімальна імітуе натуральную драўніну. Названая прадукцыя ўпершыню будзе рэалізавана на рынку ламініраванай ДСП у нашай краіне.

— Праект па ламініраванні выглядае надзвычай важным сёння, — сказаў старшыня аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК падчас цырымоніі пуску новай лініі. — Абсталяванне, якое ўстаноўлена, дапаможа павялічыць рэалізацыю нашай прадукцыі ў першую чаргу на экспарт.

Як ужо адзначалася, у адкрытым акцыянерным таварыстве «Бярозабудматэрыялы» пачала працаваць новая тэхналагічная лінія па вытворчасці керамічнай пліткі і керамаграніту. У 2021 годзе ААТ набыло маёмасны комплекс РУП «Бярозатара». Названае прадпрыемства было ліквідавана, а цэлы вытворчы комплекс плошчай каля 40 тысяч квадратных метраў на 15 гектарах стаяў без справы. Калі «Бярозабудматэрыялы» выступілі з ініцыятывай даць новае жыццё гэтай маё-
масці, іх падтрымалі на высокім узроўні. 

Але галоўнае — на гэтай пляцоўцы выканалі мантаж новага абсталявання для лініі па вытворчасці буйнафарматнай керамічнай пліткі і керамаграніту.

Керамаграніт выкарыстоўваецца для абліцоўкі фасадаў, прадукцыя цяпер надзвычай запатрабаваная, як і буйнафарматная плітка. Паводле слоў генеральнага дырэктара прадпрыемства Віталя МІХНЮКА, ажыццяўленне праекта стала значным крокам у справе павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукту. Новая лінія эфектыўна працуе на павелічэнне аб’ёмаў без страты якасці. Абсталяванне дазваляе выпускаць плітку з больш дакладнымі памерамі і прамымі вугламі, што забяспечвае ідэальнае прыляганне пры мацаванні. Новыя магчымасці адкрыліся менавіта дзякуючы новаму перадавому абсталяванню. Тут стаіць больш доўгая печ, чым на ранейшых вытворчасцях. На ёй эканоміцца да 5–7 % цеплавой энергіі для вытворчасці прадукцыі, што зніжае сабекошт. Таксама ўстаноўлена новая лічбавая машына, якая дае магчымасць ствараць розныя рэльефы.

Калі рэалізавалі гэты праект, адразу было вырашана некалькі задач: задзейнічаны вытворчыя пляцоўкі, якія да апошняга часу не выкарыстоўваліся, раён атрымаў новыя рабочыя месцы, прадпрыемства, рэгіён атрымалі інвестыцыі.

Апошняе характэрна і для іншых праектаў, якія адкрываюць новыя магчымасці для рэгіёна. Напрыклад, у Ганцавіцкім раёне выходзіць на фінальную стадыю рэалізацыя буйнога праекта па перапрацоўцы плазмы крыві і вытворчасці альбуміну і імунаглабуліну. У Столінскім раёне рэалізоўваюць праект па павелічэнні плошчы цяплічнага комплексу. Ідзе распрацоўка праграмы прамысловага развіцця Брэсцкай вобласці. Яна будзе комплекснай, бо прадугледжвае розныя кірункі. Некаторыя з іх ужо задзейнічаны. У Баранавічах поўным ходам ідзе падрыхтоўка арганізацыі вытворчасці халадзільнага абсталявання. У Пінску істотна павялічаць магутнасці для выпуску акумулятараў і камплектуючых да іх.

Фота БелТА і BEREZA.BY

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю