Мерапрыемства адбылося на базе аднаго з прамысловых прадпрыемстваў сталіцы — ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынга «БелОМА» — і аб’яднала прадстаўнікоў прафсаюзаў, дзяржаўных органаў, спецыялістаў па ахове працы, грамадскіх інспектараў і экспертаў у галіне аховы працы. Арганізатарам выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Адной з асноўных мэт правядзення семінара з’яўляецца ўмацаванне сістэмы грамадскага кантролю, абмен практычным вопытам і абмеркаванне мер па павышэнні эфектыўнасці прафілактыкі вытворчага траўматызму.
Праграма семінара-нарады сфарміравана з акцэнтам на практычную частку. Гэта не толькі знаёмства з асаблівасцямі вытворчасці арганізацыі, але і жывыя зносіны з грамадскімі інспектарамі. Гэта дае магчымасць убачыць рэальныя прыклады ўкаранення культуры бяспечнай працы.
Сакратар ФПБ па міжнароднай рабоце Ганна Варфаламеева заклікала ўдзельнікаў актыўна выказваць свае ідэі і прапановы, як можна палепшыць работу па ахове працы, а таксама нацэліла ўдзельнікаў актыўна абмяркоўваць актуальныя пытанні ў сферы аховы працы. І галоўнае — вызначыцца, як будуць прымяняцца дасягнутыя дамоўленасці на практыцы.
Як адзначыў у час мерапрыемства галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел Манько, Тэхнічная інспекцыя працы праводзіць нямала навучальных мерапрыемстваў у сферы аховы працы. І ўсё больш такіх мерапрыемстваў ладзяцца з акцэнтам на практыку.
— Абмяркоўваць важна не ў залах, а на вытворчасцях, на канкрэтных прыкладах разбіраць нюансы арганізацыі здаровых і бяспечных умоў працы, пераймаць вопыт тых прадпрыемстваў, дзе на працягу доўгага часу не зафіксаваны вытворчыя траўмы. Сёння мы сабраліся шырокім саставам, каб абмеркаваць актуальныя пытанні. Эфектыўныя формы грамадскага кантролю, механізмы ўзаемадзеяння прафсаюзаў і наймальнікаў у вырашэнні пытанняў бяспекі, нюансы заканадаўства аб ахове працы, павышэнне кампетэнцый грамадскіх інспектараў і работнікаў — гэта толькі частка пытанняў, якія сёння ўзнімаліся, — расказаў Павел Манько.
Агульны вытворчы траўматызм у цэлым па краіне і па ўсіх галінах зніжаецца. А ў мінулым годзе быў зафіксаваны мінімальны ўзровень смяротнага траўматызму за апошнія 30 гадоў. Такі паказчык няпроста ўтрымаць. Разам з тым пытанні вытворчага траўматызму застаюцца актуальнымі.
Намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынга «БелОМА» Максім Пустаход расказаў, што на ўсіх прадпрыемствах холдынга рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы траўматызму, таксама прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне для падраздзяленняў, дзе не зафіксавана вытворчых траўм.
— Мерапрыемствы, якія праводзяцца на нашым холдынгу, дазваляюць зменшыць выпадкі вытворчага траўматызму. Працуюць грамадскія інспекцыі, праходзіць пастаянны маніторынг сітуацыі, кантралюецца безумоўнае выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны на кожным працоўным месцы. На сістэмнай аснове арганізаваны кантроль з боку кіраўніцтва за выкананнем простых, але эфектыўных мер, — рэзюмаваў Максім Пустаход.
Трэба адзначыць, што ФПБ надае асаблівую ўвагу пытанням бяспекі на працоўных месцах. Работа ў сферы аховы працы вядзецца комплексна і ўключае некалькі асноўных напрамкаў — садзейнічанне ў стварэнні бяспечных і камфортных умоў працы, кансультатыўная дапамога наймальнікам і работнікам, тлумачэнне норм заканадаўства і практычных спосабаў іх прымянення, кантроль за выкананнем патрабаванняў аховы працы, арганізацыя навучальных праграм, накіраваных на фарміраванне культуры бяспечных паводзінаў.
Сёння ў сістэме Федэрацыі прафсаюзаў працуюць 120 тэхнічных інспектараў працы. Таксама за выкананнем патрабаванняў бяспекі непасрэдна на працоўных месцах сочаць каля 63 тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы.
— Грамадскія інспектары дапамагаюць прадухіляць тысячы патэнцыяльных няшчасных выпадкаў. Практыка работы паказвае, што часта прычынамі няшчаснага выпадку становіцца ігнараванне патрабаванняў аховы працы самімі пацярпелымі. Таму важна фарміраваць адказнае стаўленне працаўнікоў да ўласнай бяспекі. І грамадскія інспектары тут адыгрываюць ключавую ролю — яны ўвесь час знаходзяцца ў працоўных калектывах, таму могуць аператыўна рэагаваць на патэнцыяльна небяспечныя сітуацыі, — дадаў Павел Манько.
Так, завяршылася мерапрыемства круглым сталом па пытаннях ажыццяўлення грамадскага кантролю і павышэння эфектыўнасці мер, накіраваных на прафілактыку вытворчага траўматызму.
Алена КРАВЕЦ