«Хаваншчына» як сімвал супраціўлення.
У пачатку пленарнага пасяджэння надзвычай цікавы — не толькі інфармацыйна насычаны, але багаты на эмоцыі і вобразы — экскурс па раёне зрабіў старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір БЯЛОЎ. Кіраўнік выканаўчай улады падрабязна спыніўся на знакавых для эканомікі прадпрыемствах трэцяга па тэрыторыі раёна ў вобласці і пятага ў краіне. А яшчэ расказаў аб прыродных асаблівасцях краю, напрыклад, аб самым глыбокім у краіне Сомінскім возеры, аб Выганашчанскім заказніку, дзе захаваліся непраходныя балоты, дзе створаны дзясятак унікальных экалагічных сцяжын і можна сустрэць мноства чырванакніжнікаў. Уладзімір Уладзіміравіч падзяліўся ўласнай гісторыяй сустрэчы з тутэйшай славутасцю — савой, якую называюць барадатая няясыць. Гаворка пра ўнікальную прыроду як падставу для гонару плаўна перайшла да тэмы гераічнай гісторыі краю, якой жыхары раёна нязменна ганарацца.
Удзельнікі пасяджэння пераканаліся ў тым, як беражліва тут захоўваюць памяць аб трагічных і гераічных старонках Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 17 помнікаў і памятных знакаў, 9 памятных дошак, 30 стэл і абеліскаў, два мемарыяльныя комплексы. На дзяржаўным уліку таксама 116 вайсковых пахаванняў. Лічбы прывяла ў сваім дакладзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына КРАЎЧУК.
Паводле яе слоў, у абноўленым скверы райцэнтра летась з’явілася алея Памяці. З усяго раёна сабралі здымкі франтавікоў — тых, хто вярнуўся і не вярнуўся з вайны, усіх, хто зрабіў унёсак у Вялікую Перамогу. Са здымкаў стварылі стэнды. І сёння кожны нашчадак удзельніка вайны можа знайсці фота продка. Рэалізацыя гэтага праекта аб’яднала многіх. Сельскія Саветы, дэпутаты, актывісты грамадскіх арганізацый — усе займаліся пачэснай справай. Устаноўлена 11 стэндаў, але прапановы паступаюць і далей. Цалкам верагодна, што праект, які стаў сапраўды народным у межах аднаго раёна, будзе мець свой працяг.

Дакладчык падкрэсліла важную ролю ў справе патрыятычнага выхавання Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея, асабліва яго філіяла — мемарыяльнага комплексу партызанскай славы «Хаваншчына», які знаходзіцца ў лясным урочышчы Хаваншчына каля вёскі Карочын. У 1943–1944 гадах тут базіраваўся штаб Брэсцкага абласнога партызанскага злучэння, дзейнічаў абласны камітэт ЛКСМБ, выдавалася газета «Заря», была абсталявана санчасць, працавала «лясная школа». Мемарыяльны комплекс адкрыты ў 1971 годзе. Ён размешчаны на лапіку зямлі, які акружаюць балоты і канавы. На астравок, як і ў былыя гады, вядзе адзіная кладка даўжынёй у 150 метраў. Па гэтай кладцы таксама прайшлі ўдзельнікі выязнога пасяджэння. Экскурсію правяла дырэктар краязнаўчага музея, дэпутат раённага Савета Раіса ГОРБАЧ.
Гасцям паказалі выставу арсенала партызанскай зброі, заняткі ў «лясной школе». Цікава было даведацца, што дзеці пісалі ў асноўным паміж радкоў нямецкіх лістовак, а калі і такой паперы не хапала, выкарыстоўвалі пясок. У рамцы, запоўненай ім, крыху вільготным, можна пісаць палачкай. Пра гэта Раісе Іванаўне расказала адна з былых вучаніц «лясной школы». Са слоў відавочцы музейныя работнікі стварылі такія вось экспанаты — пясчаныя сшыткі.
Расказалі наведвальнікам і пра вялікую праблему партызанскага лагера, якой была пітная вада. З дапамогай самаробных прыстасаванняў (у ход ішлі драўняны вугаль, тканіна, пясок) даводзілася ачышчаць і балотную. Экскурсанты атрымалі магчымасць наведаць медыцынскую зямлянку, паглядзець, якія інструменты выкарыстоўвалі партызанскія хірургі, пачуць, якім чынам была арганізавана шпіталізацыя хворых і раненых.Традыцыю збірацца тут у апошнія выхадныя мая ўвялі шмат гадоў таму былыя партызаны. Справу падхапілі нашчадкі. І цяпер у канцы вясны ў «Хаваншчыне» праходзіць вялікае мерапрыемства з рэканструкцыяй баёў партызан з акупантамі. Паводле слоў старшыні райсавета Ірыны Краўчук, штогод ваенна-гістарычную рэканструкцыю наведваюць ад 3 да 5 тысяч чалавек, у Хаваншчыну прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з розных рэгіёнаў Расіі.
- З 2023 года ў раёне рэалізоўваецца грамадска-інфармацыйны праект «Размова пра галоўнае».
Падводзячы вынікі разгляду пытання парадку дня, старшыня Брэсцкага абласнога Савета, сенатар Ігар БРЫЛЕВІЧ адзначыў, што ўнікальны для Беларусі мемарыяльны комплекс партызанскай славы даўно стаў сімвалам народнага супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам у гады Вялікай Айчыннай вайны. І гэты наглядны прыклад мужнасці, патрыятызму беларускага народа трэба як мага шырэй выкарыстоўваць у справе выхавання маладога пакалення. Раённым Саветам дэпутатаў рэкамендавана арганізаваць паездкі ў «Хаваншчыну» для членаў Маладзёжных парламентаў пры гарадскіх і раённых Саветах. Ігар Брылевіч лічыць, што сюды абавязкова варта прывозіць старшакласнікаў, паказваць ім гэту мясціну, расказваць аб партызанскай барацьбе.
- Дэпутаты і ўдзельнікі пасяджэння таксама ўсклалі кветкі да помніка на брацкай магіле воінаў і партызан, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, у скверы Перамогі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў і ахвяр вайны.
Івацэвіцкі раён.
Фота ТК Ивацевичи.News