Top.Mail.Ru

Выйшаў трэйлер фільма «Чабурашка 3», прэм’ера якога адбудзецца 1 студзеня

У «Чабурашку 3» да вушастага героя прыязджаюць усе яго сваякі

 


Фільмы пра Чабурашку ўжо сталі добрай навагодняй традыцыяй. Выйшаў трэйлер сямейнага блакбастара «Чабурашка 3», прэм’ера якога адбудзецца 1 студзеня 2027 года, паведамілі ў прэс-службе кінастудыі «Саюзмультфільм», перадае РІА «Новости».

У трэцяй частцы фільма «Чабурашка» гледачоў чакае новая гісторыя пра сямейныя ўзаемаадносіны і нечаканыя змены ў лёсе любімых герояў. На гэты раз у прыморскі горад прыязджае сапраўдная сям’я Чабурашкі — бацькі, дзядуля і старэйшы брат, але сустрэча са сваякамі абарочваецца шэрагам нечаканых падзей: галоўнаму герою трэба пазнаёміць блізкіх з чалавечым светам і дапамагчы ім асвоіцца сярод новых правілаў і звычак. У той жа час Гену даводзіцца разбірацца ва ўласных пачуццях, бо паміж ім і Рымай зараджаецца нешта большае, чым проста сяброўства.


«У трэцім фільме Чабурашка сталее: ён ужо разумее, хто ён і адкуль, у яго фарміруецца характар і ўласная думка. Мне здаецца, у гэтай гісторыі вельмі дакладна закранутая важная і актуальная тэма адносін паміж пакаленнямі: дзеці вучацца чуць дарослых, а дарослыя — размаўляць з дзецьмі, а не проста прымушаць іх нешта рабіць. Гэта блізка многім сем’ям, бацькам і ўвогуле людзям розных узростаў», — прыводзяцца словы Вольгі Кузьміной, якая падарыла свой голас Чабурашку.

Над працягам кінафраншызы працуе каманда стваральнікаў першых дзвюх частак. Рэжысёрам зноў выступае Дзмітрый Дзячэнка. Ролі выканаюць Сяргей Гармаш, Алена Якаўлева, Вольга Кузьміна, Фёдар Дабранраваў, Паліна Максімава, Сяргей Лавыгін і іншыя.

Першы фільм «Чабурашка» пра знакамітага літаратурнага і анімацыйнага персанажа зняў рэжысёр Дзмітрый Дзячэнка. Кінапрэм’ера адбылася 1 студзеня 2023 года. За два тыдні кінастужка стала самым касавым фільмам за ўсю гісторыю расійскага пракату. Сіквел «Чабурашка 2» выйшаў у пракат 1 студзеня 2026-га. Карціна таксама сабрала ў пракаце больш за 6 мільярдаў расійскіх рублёў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю