На сёння вядома пра 12868 часткова ці цалкам знішчаных акупантамі населеных пунктаў, і гэта лічба неканчатковая. Яна ўжо большая на 3,5 тысячы, чым да пачатку расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
Пракуратура ўстанаўлівае даныя па архіўных матэрыялах з усіх рэгіёнаў Беларусі. Знойдзены звесткі пра раней невядомыя пацярпелыя населеныя пункты, пацверджаны факты, што некаторыя вёскі былі спалены за некалькі дзён да вызвалення рэспублікі. Пры адступленні вораг прымаў намаганні, каб прынесці максімальны ўрон.
Пра матэрыялы, сабраныя падчас маштабнага расследавання, расказвае кніга «Генацыд беларускага народа. Спаленыя вёскі», падрыхтаваная работнікамі Генеральнай пракуратуры. Гэта новае выданне з запатрабаванай серыі, якая знаёміць з трагедыямі, што адбываліся ў Беларусі. Як паведаміў дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, з 2022 года агульны тыраж такіх выданняў склаў 35 тысяч экзэмпляраў, многія кнігі даводзілася выпускаць дадатковымі тыражамі. Так, самая першая кніга серыі «Генацыд беларускага народа» ўжо ў першы год пасля выхаду ў свет перавыдавалася 3 разы накладам у 1,5 тысячы экзэмпляраў.
За больш чым пяць гадоў расследавання вывучаны дзясяткі тысяч крымінальных спраў, незлічоная колькасць архіўных матэрыялаў. Як адзначыў намеснік Старшыні, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Сяргей Кандрацьеў, сабраная супрацоўнікамі пракуратуры дакументальная база паслужыла асновай для прызнання генацыду беларускага народа на ўзроўні судовых рашэнняў. Данясенне гэтай інфармацыі да шырокай грамадскасці ў наш час набывае асаблівае значэнне. Гэта адказ на новыя выклікі, калі перапісваецца гісторыя, калі ў сумежных дзяржавах вынішчаюцца помнікі вызваліцелям, робяцца спробы абяліць злачынцаў, якія забівалі мірных людзей, палілі вёскі. Сяргей Кандрацьеў упэўнены, што такія выданні трэба вывучаць у навучальных установах, перакладаць на іншыя мовы свету.
Натуральна, умясціць у адну кнігу звесткі пра ўсе спаленыя вёскі нерэальна, для выдання адабраны асобныя гісторыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Асаблівасць новага выдання — інтэрактыўнасць, гэта той фармат, які зацікавіць розных чытачоў, сярод якіх могуць быць як вучоныя, так і школьнікі. Стваральнікі вырашылі данесці інфармацыю даступнай і зразумелай мовай, пры гэтым актыўна выкарыстаць сродкі візуалізацыі і адсылкі да першакрыніц. Такі лічбавы навігатар дазваляе з дапамогай QR-кодаў чытачам адразу са старонкі кнігі перайсці да вывучэння поўных тэкстаў архіўных матэрыялаў, паслухаць запісаныя на відэа словы сведкаў, ці паглядзець спецыяльна створаныя і агучаныя прафесійнымі дыктарамі відэасюжэты, якія дапаўняюць змест.
Кніга можа быць карыснай і для тых, хто вывучае сямейныя архівы ці іншыя сведчанні. Чытач убачыць, як пракуроры, гісторыкі, архівісты крок за крокам аднаўлялі гістарычную праўду. Напрыклад, пра адну з сясцёр Хатыні (так называюць 290 населеных пунктаў, якія не аднавіліся) — вёску Янопаль сучаснага Жабінкаўскага раёна шырокай грамадскасці стала вядома толькі падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У распараджэнні следчай групы былі польская карта 1925 года і тапаграфічная ваенная карта Чырвонай Рабоча-Сялянскай арміі 1936 года. Архіўныя звесткі пацвердзілі існаванне вёскі ў даваенны і акупацыйны перыяд. Дзякуючы нашчадкам прамых сведкаў удалося атрымаць звесткі пра знішчэнне вёскі разам з жыхарамі ў гады вайны. Такім чынам чытачу прапануецца адна з мадэляў для ўласных пошукаў.
Паралельна з выхадам друкаванага выдання сумесна з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку падрыхтавана аўдыякніга.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ