Археалагічныя артэфакты, этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці, тэма Вялікай Айчыннай вайны — аб канцэпцыі выставачных залаў новага Нацыянальнага гістарычнага музея ў эфіры тэлеканала «РТР-Беларусь» расказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза, паведамляе БелТА.
Гісторык падкрэсліў, што, паводле задумы Прэзідэнта, канцэпцыя ўстановы культуры распрацавана так, каб любы, хто пройдзе па выставачных залах, змог адчуць багацце беларускай спадчыны. «Канцэпцыю абазначыў кіраўнік дзяржавы. Ён сказаў, што ў музей павінны прыйсці турысты, маладыя людзі, прайсці па ўсіх залах і выйсці адтуль патрыётамі Беларусі, быць упэўненым у прыгажосці, унікальнасці тысячагадовай гісторыі Беларусі, — сказаў Вадзім Лакіза. — І ўсе залы Нацыянальнага гістарычнага музея будуць прасякнуты гэтай дзіўнай гісторыяй — гісторыяй гераізму, людзей, падзей».
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН адзначыў, што ў новым музеі можна будзе даведацца, як адбывалася станаўленне нашай дзяржаўнасці. «Будуць абазначаны дагістарычны перыяд і гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці — Полацкае, Тураўскае княствы, перыяд Вялікага Княства Літоўскага, Расійскай імперыі. І нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці — савецкі перыяд і, вядома, Рэспубліка Беларусь як вянец усяго гістарычнага развіцця, да чаго мы прыйшлі дзякуючы працы, намаганням нашых продкаў. Там будзе паказана і сучасная гісторыя, і розныя напрамкі жыццядзейнасці чалавека — космас, навука, абарона. Гэта вельмі важна, таму што такім чынам Нацыянальны гістарычны музей увасабляе ў сабе ўсе нацыянальныя дасягненні сучаснай Рэспублікі Беларусь», — растлумачыў Вадзім Лакіза.
Ён дадаў, што ва ўстанове культуры будуць прадстаўлены цікавыя археалагічныя знаходкі. «Там будуць абазначаны ўсе перыяды, напрыклад, палеаліт, мезаліт, бронзавы век, эпоха Сярэдневякоўя, — расказаў эксперт. — І мне яшчэ як археолагу і гісторыку вельмі важна, што мы будзем паказваць вельмі многія арыгінальныя артэфакты, у тым ліку якія выяўлены ў выніку найноўшых археалагічных даследаванняў ужо ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, мы зноў бачым гэту сувязь і гісторыі, і сучаснасці. Гэта вельмі важна. Гэта таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, каб музей не забываў пра традыцыі і інавацыі, гэта значыць, гэтыя традыцыі, традыцыйнае грамадства, культуру, якая дала магчымасць нам быць і называцца беларусамі. Але мы гаворым і аб тым, што гэту цеплыню старажытнасці захоўваем, выкарыстоўваем усе дасягненні сучаснасці, але і думаем пра будучае пакаленне».
Вадзім Лакіза падкрэсліў, што ў новым музеі будуць залы, прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і тэме генацыду беларускага народа. «Пра гэта нельга не гаварыць, нельга гэта пакідаць без увагі. І трэба паказаць так, каб мы дакладна разумелі: праз гэты трагізм і гераізм мы захавалі сучасны мір», — сказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН.