Услед за Лігай чэмпіёнаў вызначыліся ўдзельнікі паўфінальнай стадыі астатніх футбольных еўракубкавых турніраў, паведамляе БелТА.
У барацьбе за выхад у фінал Лігі Еўропы сыдуцца два прадстаўнікі англійскай прэм’ер-лігі — «Нотынгем Форэст» і «Астан Віла» з Бірмінгема. Другую пару склалі нямецкі «Фрайбург» і партугальская «Брага».
У паўфіналах трэцяга па рангу кантынентальнага турніру — Лігі канферэнцый — былы сапернік гродзенскага «Нёмана» іспанскі «Раё Вальекана» сустрэнецца з французскім «Страсбурам», а ўкраінскі «Шахцёр» будзе сапернічаць з англійскім клубам «Крыстал Пэлас» з Лондана.
Паўфінальныя сустрэчы абодвух турніраў намечаны на 30 красавіка і 7 мая. Фінальны паядынак Лігі Еўропы пройдзе 20 мая ў Стамбуле, а пераможца Лігі канферэнцый вызначыцца 27 мая ў Лейпцыгу.
Раней вызначыліся паўфіналісты Лігі чэмпіёнаў. Дзеючы пераможца французскі «Пары Сен-Жэрмэн» згуляе з чэмпіёнам Германіі мюнхенскай «Баварыяй», а сапернікам лідара чэмпіянату Англіі лонданскага «Арсенала» будзе мадрыдскі «Атлетыка». Першыя матчы 1/2 фіналу пройдуць 28 красавіка ў Парыжы і 29 красавіка ў Мадрыдзе, сустрэчы ў адказ за выхад у фінал адбудуцца 5 мая ў Лондане і 6 мая ў Мюнхене. Вырашальны паядынак 71-га сезона галоўнага кантынентальнага турніру адбудзецца 30 мая ў Будапешце.