У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылася жараб'ёўка стыкавых матчаў еўрапейскай кваліфікацыі футбольнага чэмпіянату свету 2026 года, паведамляе БелТА.
У паўфіналах 26 сакавіка 2026 года згуляюць: Італія — Паўночная Ірландыя, Данія — Паўночная Македонія, Турцыя — Румынія, Украіна — Швецыя, Польшча — Албанія, Уэльс — Боснія і Герцагавіна, Чэхія — Ірландыя, Славакія — Косава. Пераможцы паўфінальных баталій 31 сакавіка правядуць рашаючыя паядынкі за выхад у фінал ЧС-2026.
Па выніках еўрапейскага адборачнага турніру прамыя пропускі ў фінальную стадыю планетарнага футбольнага форуму заваявалі зборныя Англіі, Францыі, Нідэрландаў, Германіі, Нарвегіі, Партугаліі, Харватыі, Шатландыі, Бельгіі, Швейцарыі, Іспаніі і Аўстрыі. З іншых кантынентаў на сусветнае першынство ўжо прабіліся каманды Аргенціны (дзейны чэмпіён свету), Бразіліі, Эквадора, Калумбіі, Уругвая, Парагвая, Панамы, Гаіці, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Марока, Туніса, Егіпта, Алжыра, Ганы, ПАР, Сенегала, Кот-д’Івуара, Ірана, Рэспублікі Карэя, Японіі, Катара, Саудаўскай Аравіі, а таксама чатыры дэбютанты ЧС — Узбекістан, Іарданія, Каба-Вэрдэ і Кюрасаа.
Фінальны турнір 23-га па ліку чэмпіянату свету адбудзецца з 11 чэрвеня па 19 ліпеня. Упершыню ў гісторыі матчы пройдуць адразу ў трох краінах — ЗША, Канадзе і Мексіцы, каманды якіх вызвалены ад кваліфікацыі. Таксама ўпершыню ў фінальнай стадыі планетарнага футбольнага форуму прымуць удзел 48 каманд, у мінулыя гады іх было не больш за 32.