Цырымонія адкрыцця адбылася ў Доме моладзі 4 лістапада. Сёлета фестываль аб’яднаў 14 каманд — каля 150 маладых педагогаў. У сталіцу прыехалі спецыялісты са стажам працы да трох гадоў з Мінска, Мазыра, Масквы, Санкт-Пецярбурга і Сочы.
Паводле слоў старшыні Мінгарсавета Арцёма Цурана, малады педагог — гэта чалавек, які любіць сваю прафесію і ў якога ёсць ідэі, што патрабуюць развіцця: «У дыялогу з настаўнікамі і адміністрацыяй з’яўляюцца новыя падыходы і рашэнні. Мы бачым рэальныя вынікі такой работы. Важна весці адкрыты дыялог і сустракацца на такіх пляцоўках, у тым ліку нефармальных».
Арцём Цуран таксама адзначыў важнасць удзелу ў трохдзённым фестывалі расійскіх калег. «Фестываль — адзін з многіх праектаў, якія рэалізуюць і ў якіх удзельнічаюць маладыя педагогі дзвюх краін. Такіх праектаў мноства, пачынаючы ад супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі. Гэта некалькі дзясяткаў, калі не сотняў сумесных кантактаў і падпісаных дагавораў, якія паспяхова рэалізуюцца як у анлайн, так і ў вочным фармаце паміж установамі адукацыі, паміж органамі кіравання адукацыяй, што таксама вельмі каштоўна. Мы вывучаем актыўны вопыт Масквы і Санкт-Пецярбурга, перадавыя практыкі нашых калег з іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі. Тут мы бачым павелічэнне гэтых кантактаў з кожным годам і пашырэнне геаграфіі, што немалаважна, а таксама практычны абмен вопытам», — адзначыў старшыня Мінгарсавета.
Фестываль працягнецца па 6 лістапада. Запланаваны майстар-класы, сустрэчы з дасведчанымі педагогамі і кіраўнікамі ў сферы адукацыі, практычныя заняткі і сумесныя праекты. Таксама ўдзельнікаў чакаюць трэнінгі, публічныя лекцыі, медыяэстафета, творчыя інтэрактывы, інтэлектуальныя і танцавальныя актыўнасці.
Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна адзначыла важнасць сістэмнай падтрымкі маладых спецыялістаў: «Мы клапоцімся аб прафесійным станаўленні маладых педагогаў: замацоўваем настаўнікаў, ствараем умовы для абмену вопытам, даём сучасныя практычныя веды. Фестываль праходзіць у канікулярны час і цалкам арыентаваны на практыку — майстар-класы, камунікацыю, пошук рашэнняў».
Настаўнік замежных моў Дар’я Жырнова падкрэсліла, што фестываль дае магчымасць абмяняцца методыкамі і творчымі напрацоўкамі: «Мы падрыхтавалі творчую візітоўку і гатовыя актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах. У Санкт-Пецярбургу маладыя педагогі аб’ядноўваюцца, развіваюць прафесійную супольнасць. Вельмі цікава пазнаёміцца з беларускім досведам».
Настаўнік матэматыкі Лізавета Шаварынская адзначыла цікавасць да беларускіх практык і лічбавых інструментаў: «Хочам даведацца, як праходзяць урокі ў Беларусі, чым адукацыйныя тэхналогіі адрозніваюцца ад расійскіх. Таксама гатовы дзяліцца сваім досведам работы ў IT-класах і прафарыентацыі старшакласнікаў»
Яна ВАЛАСАЧ