Шлях да энергетычнай незалежнасці
Паводле слоў міністра энергетыкі Беларусі Дзяніса Мароза, юбілейны форум — нагода падвесці пэўныя вынікі за 30 гадоў работы.
— Улічваючы тое, што мы дастаткова абмежаваныя ва ўласных паліўна-энергетычных рэсурсах, нашай задачай заўсёды было развіццё энергетыкі краіны, павышэнне яе энергетычнай незалежнасці і надзейнасці энергазабеспячэння нашых спажыўцоў, — адзначыў ён падчас размовы з журналістамі. — За 30 гадоў мы ператварыліся з краіны-пакупніка электрычнай энергіі ў краіну, якая можа прадаваць яе. Калі 30 гадоў таму ўстаноўленая магутнасць нашай энергасістэмы складала каля 7,3 ГВт, то сёння гэты паказчык дасягнуў 13,5 ГВт.

Таксама ён дадаў, што самым істотным фактарам, які забяспечвае развіццё энергабяспекі краіны, стала з’яўленне ў энергасістэме БелАЭС.
— Сёння 40 % электрычнай энергіі, што спажываецца ў краіне, прыпадае менавіта на гэту крыніцу. Мы не стаім на месцы: у мінулым годзе прынята рашэнне аб далейшым развіцці атамнай энергетыкі ў нашай краіне. Глыбінна прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока магутнасцю 1200 МВт на БелАЭС, а таксама аб будаўніцтве яшчэ адной атамнай электрастанцыі, — расказаў Дзяніс Мароз.
Адметна і тое, што апошнія 10-15 гадоў расце попыт на электрычную энергію. Паводле слоў міністра, яе аб’ём вырас больш чым на 5 млрд кВт•г.

— У нас назіраецца істотны прырост спажывання электраэнергіі ў бытавым сектары. Гаворка ідзе пра ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. У мінулым годзе было спажыта больш за 1,2 млрд кВт•г. Сёлета чакаецца перавышэнне планкі ў 1,6 млрд кВт•г. Істотны рост спажывання прыпадае і на электрамабілі. Сёння больш за 73,5 тысячы аўтамабіляў ездзяць, выкарыстоўваючы электраэнергію ў якасці асноўнай рухаючай сілы. Агульнае спажыванне гэтых аўтамабіляў перавысіць 300 млн кВт•г у гадавым эквіваленце, — заявіў ён.
Закранулі таксама і тэму будаўніцтва пункта захавання радыеактыўных адходаў. Міністр энергетыкі адзначыў, што для таго, каб узвесці гэты аб’ект, трэба было даследаваць усю тэрыторыю нашай краіны і вызначыць найбольш патэнцыяльна прыдатныя пляцоўкі.

— У працэдуры адбору мы спыніліся на трох найбольш перспектыўных месцах у Астравецкім, Мсціслаўскім і Хойніцкім раёнах. Для іх былі праведзены распрацоўка перадпраектнай дакументацыі і грамадскія абмеркаванні з насельніцтвам. Зараз вынікі абагульняюцца — і ўжо ў лістападзе мы плануем падаць дакументы на дзяржаўную экспертызу. Пасля гэтага яны будуць унесены ў спецыяльна створаную камісію для канчатковага вызначэння месца будаўніцтва гэтага аб’екта, — заявіў ён.
Стратэгічнае партнёрства
Пра супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы энергетыкі расказаў дырэктар краінавага офіса дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі Станіслаў Лявіцкі. Паводле яго слоў, цяпер развіваецца велізарная палітра сумесных праектаў.

— Асноўны стратэгічны праект — гэта наша з вамі Беларуская атамная станцыя. На стэндзе можна ўбачыць, як можа выглядаць трэці блок, па якім сёння ідуць актыўныя перагаворы. Але на атамнай энергетыцы наша супрацоўніцтва не скончылася, і мы сталі развівацца ў новых кірунках, — падзяліўся ён. — Развіваем такія тэматыкі, як адытыўныя тэхналогіі, ядзерная медыцына, лічбавізацыя. У нас на стэндзе вы таксама можаце бачыць і дэталі, надрукаваныя ў нашым сумесным беларуска-расійскім цэнтры адытыўных тэхналогій, які быў адкрыты год таму і прэзентаваны на «ІНАПРАМ. Беларусь». Зараз ён аказвае мноства паслуг як для прамысловасці, так і для энергетыкі Беларусі. Але, што больш цікава, мы пайшлі і ў лакалізацыю саміх сродкаў вытворчасці. У гэтым годзе на «ІНАПРАМ. Беларусь» мы прадставілі першы беларуска-расійскі 3D-прынтар для друку металамі. Гэта сапраўды інавацыйная тэхналогія з найвышэйшым узроўнем лакалізацыі.

Таксама Станіслаў Лявіцкі дадаў, што сумесна з калегамі з Міністэрства энергетыкі і «Белэнерга» адпрацоўваецца канцэпцыя стварэння энергатранспартнай інфраструктуры, якая ўяўляе сабой сетку размеркаваных сістэм назапашвання энергіі.
— Тым самым яна дазваляе значна знізіць выдаткі на рэканструкцыю сетак для перадачы электраэнергіі і стварыць умовы для падключэння шырокай сеткі зарадак. У Беларусі самым актыўным чынам развіваецца электратранспарт, — заключыў ён.

На прасторах выставы
Сёлета мерапрыемства ўпершыню праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Усяго ў праграме ўдзельнічаюць больш за 200 галіновых кампаній з 9 краін, а агульная плошча экспазіцыі перавышае 9 тысяч кв. метраў.

Цэнтральнае месца па праве займае калектыўная экспазіцыя Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь і ДВА «Белэнерга». Яна канцэптуальна аб’ядноўвае гісторыю галіны і ўльтрасучасныя праекты. Галоўным візуальным магнітам тут стаў імерсіўны кінатэатр, які з дапамогай 3D-графікі літаральна пагллыбляе гледачоў у схаваныя працэсы работы маштабнай энергасістэмы. Побач прадстаўлены дэталёвыя макеты Беларускай АЭС і будучага пункта захавання радыеактыўных адходаў. Аматары хайтэку могуць убачыць у дзеянні прамысловы 3D-прынтар і тэхналогіі рэверсіўнага інжынірынгу для стварэння дэталяў абсталявання, а таксама пратэсціраваць камп’ютарныя сімулятары Мінскай ЦЭЦ-4 і Мазырскай ЦЭЦ разам з VR-трэнажорамі па энергабяспецы. Прамысловы патэнцыял ведамства прадстаўляюць айчынныя зарадныя станцыі SKAT для электрамабіляў і новыя сілавыя трансфарматары МЭТЗ імя В. І. Казлова.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара