Top.Mail.Ru
194

XXXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» стартуе ў Беларусі

XXXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Беларусі з 31 кастрычніка па 7 лістапада пад лозунгам «Гісторыя, якая змяняе погляд». Пра гэта паведамляе БелТА. 


Для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 3,6 тыс. заявак са 120 краін, адабрана 157 фільмаў з 41 краіны. На «Лістападзе» прадстаўлены работы ўдзельнікаў з Расіі, Кітая, Індыі, Ірана і Пакістана, а таксама з краін Еўропы. Упершыню сёлета на фестываль прыехалі прадстаўнікі з В’етнама і Філіпін. 

У рамках кінафестывалю пройдзе восем конкурсных праграм. Сярод іх — конкурсы ігравога, неігравога, анімацыйнага кіно, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», «Кіно маладых», конкурс нацыянальных кінашкол і нацыянальны конкурс. Акрамя таго, сёлета па прапановах Беларускага саюза кінематаграфістаў і кінематаграфічнай грамадскасці дадаўся конкурс кароткаметражных фільмаў. 

У праграму ўключаны Дні нацыянальнага кіно дзяржаў — членаў і назіральнікаў ЕАЭС. Акрамя таго, запланаваны шырокая пазаконкурсная праграма і паказы кінакарцін, якія адзначаны ўзнагародамі фестывалю ў мінулыя гады, а таксама заваявалі Гран-пры ў Канах, Венецыі і Сан-Себасцьяне.

На кінафестывалі адбудуцца вялікія прэм’еры. У Мінску ўпершыню пакажуць гістарычную драму амерыканскага рэжысёра Джэйкаба Шварца «Тамерлан: Узыходжанне апошняга заваёўніка», якая расказвае гісторыю жыцця Аміра Цемура, аднаго з цюркскіх заваёўнікаў і заснавальніка імперыі Цімурыдаў. Над фільмам працавала міжнародная каманда. Здымкі праходзілі на тэрыторыі Узбекістана і Казахстана. Беларускі глядач таксама ўбачыць фільм «Мой дзед» рэжысёра Святаслава Уласава, у якім галоўную ролю выканаў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Упершыню ў Беларусі будзе паказаны фільм Мікалая Бурляева і Дзмітрыя Чарняцова «Мікіта», створаны да 80-годдзя знакамітага расійскага рэжысёра Мікіты Міхалкова.

Цырымонія адкрыцця кінафестывалю пройдзе на сцэне Палаца Рэспублікі. Фільмам адкрыцця стане дэбютная работа беларускага рэжысёра Дзмітрыя Сарокі «Пераломны момант». Да пачатку мерапрыемства ў фае Палаца Рэспублікі на чырвонай дарожцы можна будзе ўбачыць любімых акцёраў, рэжысёраў, членаў журы і здымачных груп конкурсных фільмаў фестывалю. Таксама будзе арганізавана інтэрактыўная выстава кінастужак «Беларусьфільма» апошніх гадоў, дзе кожны зможа ўвайсці ў сцэну з пэўнага фільма, сфатаграфавацца з акцёрамі і адчуць сябе датычным да працэсу стварэння кінакарцін.

Закрыццё кінафестывалю адбудзецца 7 лістапада ў кінатэатры «Масква».

Паказы фільмаў пройдуць у мінскіх кінатэатрах «Перамога», «Мір», «Цэнтральны», «Піянер» і «Беларусь». Таксама па традыцыі кінакарціны будуць прадстаўлены і ў рэгіёнах Беларусі.

У склад журы XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўвойдуць вядомыя дзеячы і вядучыя эксперты ў галіне кіно міжнароднага класа.

Арганізатары «Лiстапада» абяцаюць насычаную праграму. У рамках фестывалю акрамя конкурсных і пазаконкурсных паказаў будуць арганізаваны Дні адкрытых дзвярэй на кінастудыі «Беларусьфільм». Таксама пройдуць творчыя сустрэчы, круглыя сталы з удзелам вытворцаў кінапрадукцыі і старшыняў саюзаў кінематаграфістаў, якія ўваходзяць у Канфедэрацыю саюзаў кінематаграфістаў, і майстар-класы ад прафесіяналаў кінаіндустрыі.

Першы фестываль «Лiстапад» адбыўся ў 1994 годзе. Кінафорум быў закліканы аб’ядноўваць лепшыя карціны (ігравыя і дакументальныя), створаныя на постсавецкай прасторы. Дэбютаваў ён пад назвай «Фестываль постсавецкага кіно «Лiстапад». У першых форумах бралі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага. Тады ў Мінску былі прадстаўлены карціны з Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Ірана, Кітая і Японіі.

Свой вердыкт на конкурсе першапачаткова выносілі журы кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў. У 1996 годзе было прынята рашэнне зрабіць галоўнай узнагародай кінафестывалю прыз сімпатый гледачоў. Да гэтага ўсе тры ўзнагароды (кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў) былі раўнапраўнымі. З 2010 года пераможцу вызначае прафесійнае журы.

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» стаў культурным брэндам Беларусі, які аб’ядноўвае прафесіяналаў і аматараў кіно з усяго свету. Ён быў і застаецца адным з найбуйнейшых і самых прадстаўнічых кінафорумаў на постсавецкай прасторы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю