Дарога да Святыняў яднае і навучае.
Удзельнікі гэтага паломніцтва нясуць з сабою святыні, якія з’яўляюцца традыцыйнымі сімваламі — лампаду з Благадатным агнём запаленым каля Гроба Гасподняга і цудадзейны Загор’е-Сталавіцкі абраз Прасвятой Багародзіцы.
Удзельнікі экспедыцыі пабываюць на Святым полі бліз Баранавіч (на гэтым полі быў знойдзены цудадзейны абраз, які стаў для паломнікаў шляхаводным), гарадах Беразіно, Клічаў, Бабруйск, Магілёў, Горкі, Мсціслаўль, Касцюковічы. Працягласць маршрута перавысіць 1200 кіламетраў. У гэтых гарадах і блізкіх да іх вёсках адбудуцца духоўна-асветніцкія сустрэчы, экспедыцыя наведае мемарыяльныя комплексы і месцы баявой славы, сацыяльныя установы, школы. Усе разам у месцах наведывання будуць саджаць Малітоўны сад.
У час набажэнства, якое перад стартам экспедвцыі адбылося ў Свята-Духавым кафедэральным саборы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніамін, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі падкрэсліў «За час існавання экспедыцыі пройдзена шмат маршрутаў і сказана шмат слоў для распаўсюджывання асветніцкіх ідэй і аднаўлення гісторыі Айчыны. Праект аб’ядноўвае навукоўцаў, прапаведнікаў і ўсіх, хто натхнёны сваёй справай».
Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі паведаміў, што старт экспедыцыі афіцыйна распачынае мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства. «Тое, што удзельнікі экспедыцыі ідуць праз гарады з добрым словам, сустракаюцца з моладзю, нясуць гісторыю і гавораць пра чыстае і светлае,- гэта выдатна».
Напутствуючы паломнікаў, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя адзначыў, што святасць будзе суправаджаць экспедыцыю ў храмах, каля помнікаў абаронцам Айчыны, на ўсям шляху па благаслаўлёнай беларускай зямлі. Для таго, каб абараніць духоўнасць нашай зямлі дзяржава прадастаўляе нам усе магчымасці.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара