Top.Mail.Ru

«Я, мы — памятаем!»

Работнікі прадпрыемстваў МІнпрама спявалі песні ваенных гадоў.


Праходзяць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, аднак колькі б ні прайшло часу, у нашых сэрцах пякучым і нясцерпным болем будзе адгукацца тэма Вялікай Айчыннай вайны... Яе гарачае і бязлітаснае полымя апякло кожны дом, кожную сям’ю. Вось ужо 80 год мы жывём і працуем пад мірным і шчаслівым небам і нізка схіляем галовы перад бясстрашнымі подзвігамі нашых дзядоў і прадзедаў, якія набліжалі светлы Дзень Перамогі. Гэта стала лейтматывам конкурсу песні ваенных гадоў «Я, мы — памятаем!» сярод прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, які праходзіў на базе Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода.

1. 045A9446.jpg

Гэты конкурс з’яўляецца ўнікальным творчым праектам, а яго арганізатары і ідэйныя натхняльнікі — аб’яднаная арганізацыя Беларускага саюза жанчын Міністэрства прамысловасці, а таксама Беларускі прафесійны саюз работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ».

2. 045A9268.jpg

Сёлета ўдзел у мерапрыемстве ўзялі 15 каманд, якія прадстаўлялі вядучыя прадпрыемствы галіны: БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, «АМКАДОР», «Гомсельмаш», «Атлант», «ІНТЭГРАЛ», «БЕЛКАМУНМАШ». Сваім сцэнічным майстэрствам таксама дзяліліся артысты Мінскага завода шасцерняў, Мінскага гадзіннікавага завода, Мінскага электратэхнічнага завода імя В. І. Казлова, Мінскага маторнага завода, Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання, «Бабруйскаграмаша», «Лідсельмаша».

3. 045A9690.jpg

Мілагучна ліліся са сцэны песні, якія не страчваюць сваёй актуальнасці на працягу многіх год і закранаюць глыбокія струны душы. Нікога не пакінулі раўнадушным яркія харэаграфічныя кампазіцыі. Многія гледачы не маглі стрымаць слёз. Вызначыць пераможцаў журы было вельмі нялёгка.

Так, ганаровае трэцяе месца занялі самадзейныя артысты ААТ «Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова», другое месца прысуджана артыстам ААТ «Гомсельмаш», а пераможцамі конкурсу прызнаны цудоўныя артысты ААТ «ІНТЭГРАЛ — кіруючая кампанія холдынгу «ІНТЭГРАЛ». Узнагародамі для выканаўцаў сталі дыпломы, памятныя падарункі і мноства незабыўных уражанняў, перажытых на сцэне. І артысты, і гледачы на некаторы момант вярнуліся на дзесяцігоддзі назад і адчулі нясцерпны душэўны боль матуль, якія адправілі сыноў на фронт, бясконцае імкненне да Перамогі разам з нашымі байцамі... І зноў сэрца кожнага напоўнілася шчырай падзякай пакаленню пераможцаў за тое, што мы жывём пад мірным небам.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю