Сімвалам нязломнай волі для некалькіх пакаленняў савецкіх людзей стаў генерал-лейтэнант інжынерных войск Дзмітрый Карбышаў.
Нарадзіўся ён 26 кастрычніка 1880 года ў шматдзетнай сям’і ў старажытным горадзе Омску. Там жа скончыў кадэцкі корпус, потым — Пецярбургскае ваеннае інжынернае вучылішча, Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію. Падчас руска-японскай вайны паказаў сябе адважным і таленавітым афіцэрам-сапёрам, у 1911–1914 г. г. кіраваў рэканструкцыяй VІІ форта Брэст-Літоўскай крэпасці (пад яго кіраўніцтвам пабудаваны сховішчы, склады для боепрыпасаў і амуніцыі, абсталяваны пазіцыі для найноўшай артылерыі). У Першую сусветную вайну за адвагу пры штурме Пярэмышля і падчас Брусілаўскага прарыву Д. М. Карбышаў атрымаў званне падпалкоўніка і ордэн святой Ганны.
У 1918 годзе Дзмітрый Міхайлавіч уступіў у рады Чырвонай Арміі, у Грамадзянскую вайну арганізоўваў інжынернае забеспячэнне аперацый па разгроме войскаў Калчака і Урангеля.
...Вялікая Айчынная заспела Карбышава ў штабе 3-й арміі ў Гродне. Праз два дні ён перабраўся ў штаб 10-й арміі, які 27 чэрвеня трапіў у акружэнне. Ад прапановы камандарма выдзеліць транспарт і асабістую ахову для адпраўкі ў Мінск, а адтуль у Маскву генерал-лейтэнант наадрэз адмовіўся. У жніўні — пры спробе выйсці з акружэння — быў цяжка кантужаны і ў непрытомным стане захоплены ў палон.
...Яго пераводзілі з лагера ў лагер, умовы станавіліся ўсё больш жорсткімі, але зламаць Карбышава ворагі не змаглі: генерал катэгарычна адмовіўся перайсці на службу да фашыстаў. Ён заявіў, што яго перакананні не выпадаюць разам з зубамі ад недахопу вітамінаў у лагерным рацыёне. А калі даслоўна, то: «Я салдат і застаюся верным свайму абавязку».
Ноччу 18 лютага 1945 года ў аўстрыйскім канцлагеры Маўтхаўзен Дзмітрый Міхайлавіч быў па-зверску закатаваны: яго, распранутага, на лютым марозе фашысты з брандспойта аблівалі халоднай вадой.
Імем Героя Савецкага Саюза генерала Карбышава названы вуліцы і школы, піянерскія дружыны і атрады ў гарадах Беларусі і Расіі. Загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Д. М. Карбышаў навечна залічаны ў спісы воінскай часці.
Запаветам для наступнікаў сталі яго словы: «Думайце аб сваёй Радзіме, і мужнасць вас ніколі не пакіне!»
Мікалай ШАЎЧЭНКА
г. Мінск