Усе сілы беларускіх аграрыяў зараз мабілізаваныя на палі. У краіне набірае тэмп уборачная кампанія, і ўжо нават ёсць лідары жніва. Нават нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, ураджай прапасці не павінен. Якім будзе жніво-2025? І наколькі гатовыя сельгас-прадпрыемствы і аграрыі да свайго самага галоўнага экзамену? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «Звязды» шукаў на прыкладзе цэнтральнага рэгіёна краіны: доля Міншчыны, як вядома, у агульным хлебным караваі самая вялікая.
На пасяджэнні Мінскага аблвыканкама яго старшыня Аляксей КУШНАРЭНКА паставіў канкрэтныя задачы перад кіраўнікамі раёнаў: «Тэхніка павінна быць гатовая на 100 %. Калі яна зношаная і не можа выконваць свае функцыі, то неабходна спісваць. А калі яе можна адрамантаваць, то гэта трэба рабіць не ў апошні момант, а ў інтэрвал паміж кампаніямі, які ў нас ёсць. Я дапускаю, што любыя машыны могуць выйсці са строю, але неабходна прымаць меры».
Уборачная кампанія ў цэлым праверыцца на полі, заявіў старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей ПРЫМАЧЭНКА. Паводле яго слоў, жніво сёлета будзе вельмі складаным: «Таму вельмі важна на месцах дакладна планаваць работу і расстаўляць прыярытэты, каб не губляць каштоўны час».
Ён дадаў, што сёння на месцах усе кіраўнікі і адказныя асобы цалкам разумеюць, наколькі важная якасная падрыхтоўка да ўборачнай: «З улікам існуючых умоў надвор’я мы назіраем нераўнамернае паспяванне збожжавых культур па вобласці. Таксама ідзе напластаванне ўборкі азімага ячменю з уборкай азімага рапсу. З гэтым мы сутыкаемся ўпершыню, таму што сёння мы яшчэ масава не прыступілі да ўборкі азімага ячменю. Для параўнання — за аналагічны перыяд мінулага года мы ўбралі ўжо больш за 20 тысяч гектараў. Гэта сведчыць аб тым, што сёння вельмі важна расставіць прыярытэты: дзе ў першую чаргу неабходна жаць азімы ячмень, дзе прыбіраць рапс, а дзе — потым ужо — усе астатнія культуры: азімую пша-ніцу, трыцікале і азімае жыта. Дарэчы, з улікам таго, што адначасова давядзецца ўбіраць і рапс, і ячмень, сёлета чакаецца высокая нагрузка на камбайн — у сярэднім яна складзе 313 гектараў на кожную адзінку тэхнікі»
Паводле слоў старшыні камітэта, сёлета ў вобласці купілі 66 камбайнаў. Усе яны будуць удзельнічаць ва ўборачнай кампаніі. А ўвогуле тут будуць задзейнічаны 1525 адзінак камбайнаў, а разам з імі — больш за 7 тысяч сельскагаспадарчых машын. Усе яны штодня будуць выходзіць у палі на разнапланавыя работы. Агульная ўборачная плошча збожжавых культур у вобласці — больш за 470 тысяч гектараў.
«Мы не ведаем, як у далейшым будуць складвацца ўмовы надвор’я, але разумеем, што сёлета, напэўна, будзе вельмі вялікая нагрузка на зернятокі. Нашы зернеачышчальныя комплексы павінны быць гатовыя як ніколі, каб своечасова і якасна перасушыць той аб’ём збожжа, які будзе ў іх паступаць», — падкрэсліў старшыня камітэта. У цэлым для сушкі і ачысткі збожжа ў вобласці падрыхтавана 428 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Іх прапускная здольнасць — 120 тысяч тон у суткі, што дастаткова нават пры пікавых нагрузках.
У цэнтральным рэгіёне таксама назапашаны вопыт па прыцягненні ў перыяд масавай уборкі дадатковых працоўных рэсурсаў. «Мы разумелі загадзя, што падчас уборкі спатрэбяцца як дадатковыя працоўныя рукі, так і тэхніка. Бо справіцца гаспадаркам без такой падтрымкі будзе вельмі складана. У гэтым сезоне будзе задзейнічана каля 600 чалавек і каля 270 адзінак тэхнікі. Гэта грузавыя машыны, якія будуць адвозіць збожжа, пагрузчыкі, спецтэхніка, без якой абысціся немагчыма», — рэзюмаваў Сяргей Прымачэнка
- Што датычыцца астатніх відаў работ, сёння ў вобласці поўнамаштабна вядуць корманарыхтоўку. «Другі ўкос ужо ўбраны на плошчы больш за 100 тысяч гектараў. Плануем скончыць другі ўкос да масавай уборкі збожжавых. Для гэтага мы штодня нарыхтоўваем ад 40 тысяч тон сенажу. У цэлым мы ўжо выйшлі на 2 мільёны 150 тысяч тон. Гэта работа будзе працягнута. Той недахоп, які атрымаўся з улікам вясновых замаразкаў па першым ўкосе, мы павінны кампенсаваць за кошт другога. Для гэтага ёсць усё неабходнае», — акцэнтаваў Сяргей Прымачэнка.
Адразу за жнівом — сяўба азімых. Сёлета аграрыі Мінскай вобласці ставяць перад сабой высокую планку — упершыню ў гісторыі пасеяць 400 тысяч гектараў азімых збожжавых культур. «Да збожжавых трэба яшчэ дадаць 115 тысяч гектараў азімага рапсу. Задача складаная, але аб’ектыўная. У нас назапашаны вопыт вырошчвання азімых, ёсць магчымасць набываць угнаенні. Зыходзячы з гэтага і фарміравалася плошча. Некаторыя раёны вобласці — Слуцкі, Капыльскі, Нясвіжскі — ужо выйшлі на 40 % азімых у агульнай структуры раллі і зразумелі, што з азімых збожжавых можна атрымліваць годныя ўраджаі. За пяць гадоў і па азімай пшаніцы, і па азімым ячмені мы бачым устойлівы плюс, таму сумневаў ні ў каго не ўзнікае — плошчы трэба павялічваць», — падкрэсліў Сяргей Прымачэнка.
Па стане на 10 ліпеня гатоўнасць камбайнаў да масавага жніва ў Мінскай вобласці складае 95 %. Цалкам гатова да прыёмкі зернесушыльная гаспадарка.\
У тэму
Па даных Мінсельгасхарча на пачатак тыдня, работнікі аграпрамысловага комплексу краіны ўбралі 20,5 тысячы гектараў азімага ячменю (больш за 8 % уборачных плошчаў), намалаціўшы 96,4 тысячы тон з ураджайнасцю 47,1 цэнтнера з гектара.
Разам са жнівом дынамічна рухаецца нарыхтоўка кармоў для жывёлы, у прыватнасці, фактычна завершаны першы ўкос траў.
Працягваюць гаспадаркі, акрамя таго, праводзіць вапнаванне кіслых глеб, паколькі даламітавая мука неабходная для нейтралізацыі залішняй кіслотнасці і падтрымання аптымальнага глебавага асяроддзя. Работы выкананы амаль на палове плошчаў ад плана.
Фота БелТА