Асноўны прыярытэт — узаемадзеянне ў энергетычнай сферы
У чацвер Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым. Падчас перагавораў бакі акрэслілі перспектыўныя кірункі далейшага двухбаковага супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы.
Кіраўнік беларускага ўрада цёпла вітаў расійскага госця. Звяртаючыся да Аляксея Ліхачова, Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што падводзіць вынікі ў лістападзе, вызначаць планы на будучыню стала ўжо добрай традыцыяй.

«Прэзідэнты нашых краін яшчэ раз адзначылі пазітыўную дынаміку па ўсіх кірунках супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, — звярнуў увагу Прэм’ер-міністр. — На мой погляд, супрацоўніцтва нашай краіны з „Расатамам“ — яркае таму пацвярджэнне».
Як адзначыў Аляксандр Турчын, асноўны прыярытэт — узаемадзеянне ў энергетычнай сферы. «Думаю, нам ёсць што абмеркаваць, многае зроблена за бягучы год па многіх кірунках. Але я не хацеў бы абмяжоўвацца толькі гэтым парадкам дня, таму што шмат кірункаў супрацоўніцтва ў нас. Ёсць новыя тэмы, новыя ідэі. З задавальненнем хацеў бы гэта з вамі абмеркаваць», — звярнуўся кіраўнік урада да расійскага госця.

У сваю чаргу генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксей Ліхачоў заявіў, што ў «Расатаме» ганарацца высокім узроўнем і сістэмнасцю адносін з урадам Беларусі, з міністэрствамі і ў першую чаргу з Міністэрствам энергетыкі краіны.
«Фактычна з кожным міністэрствам Беларусі мы маем свае планы дзеянняў. І гэтыя планы толькі пашыраюцца. Ідзе зладжаная работа на двух існуючых энергаблоках БелАЭС. Ваша станцыя — рэзкі рывок Беларусі ў эліту атамнай энергетыкі, — канстатаваў Аляксей Ліхачоў. — Але няма мяжы дасканаласці, ёсць магчымасць гэту дзейнасць пашыраць. Мы адзначаем вялікі прагрэс у няатамных кірунках. Робім крок у адытыўныя тэхналогіі, у электрарухавік, назапашвальнікі энергіі».

Ён таксама паведаміў, што вядзецца вялікая работа па лініі ядзернай медыцыны. «Ідзе і ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, і нам гэта дае дадатковыя сілы, новыя прапановы, магчымасць адкрываць новыя гарызонты. Мы гатовыя да размовы», — рэзюмаваў гендырэктар «Расатама».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА