Як заўважыў перад пачаткам мерапрыемства міністр абароны Віктар Хрэнін, беларуская армія ў ваенна-тэхнічным плане як ніколі магутная і моцная, і моц яе — у людзях, якія заўсёды гатовы ўстаць у строй.

«Я думаю, што змест слоў „абаронца Айчыны“ быў і застаецца нязменным. Абаронца — гэта чалавек, якому неабыякавыя Радзіма, краіна, народ, родныя, блізкія. Менавіта такі чалавек заўсёды ахвотна і ў першым страі ўстане на абарону сваёй краіны, будзе думаць аб яе росквіце. У нашай краіне кожны займаецца сваёй справай: хтосьці сее хлеб, хтосьці вучыць дзяцей, хтосьці будуе дамы, а хтосьці на прафесійнай аснове абараняе яе», — сказаў Віктар Хрэнін.
Ён указаў на тое, што сёння беларуская армія на 65 % кантрактная. «І мы ведаем, што ёсць людзі, якія, калі трэба, калі атрымаюць павестку (што, дарэчы, і адбываецца ў гэтыя лютаўскія дні, калі тысячы нашых грамадзян атрымліваюць павесткі на ваенныя зборы), то яны ўстануць у строй побач з намі, пакінуць свае справы, надзенуць ваенную форму, возьмуць зброю і будуць дэманстраваць гатоўнасць і здольнасць абараніць Радзіму», — адзначыў міністр.
Віктар Хрэнін акцэнтаваў увагу на тым, што свята 23 лютага сёлета мае сваю адметнасць. «Яна заключаецца ў тым, што як ніколі ў мінулыя гады вялікая колькасць людзей гэта свята будзе праводзіць на баявым пасту, на палігонах: гэта ваеннаслужачыя, якія дзейнічаюць у рамках раптоўнай праверкі па распараджэнні нашага Прэзідэнта, гэта ваеннаабавязаныя, якія цяпер прызываюцца і становяцца ў строй у рамках комплекснай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл, гэта ваеннаслужачыя, якія выконваюць задачы на нашых паўднёвых рубяжах, узмацняючы дзяржаўную граніцу, гэта ваеннаслужачыя, якія пастаянна нясуць баявое дзяжурства і ахоўваюць наша мірнае неба», — расказаў кіраўнік абароннага ведамства.
Сёння можна сказаць, падкрэсліў Віктар Хрэнін, што нашы Узброеныя Сілы ў ваенна-тэхнічным плане як ніколі магутныя і моцныя. «Але гэта моц заключаецца не толькі ў тым, што на нашай тэрыторыі размешчаны ракетны комплекс „Арэшнік“ і тактычная ядзерная зброя. Наша моц заключаецца ў тым, што ў нас ёсць людзі, гатовыя заўсёды ўстаць у строй. Ёсць дакладнае разуменне, што на полі бою ўсё вырашае афіцэр і салдат, таму Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь нам патрэбны, каб мы не забывалі і памяталі пра тую моц, якая ёсць у нас, пра тую сілу, якую нельга вымераць гонкай узбраення, нейкімі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі, і гэта сіла — у нашых людзях», — адзначыў міністр.
Ён успомніў выраз, паводле якога суровыя часы нараджаюць моцных людзей. «Калі хтосьці думае, што гэта проста высокія словы, раю ўзяць свае сямейныя альбомы, знайсці фатаграфіі сваіх дзядоў, прадзедаў і ўспомніць, што мы спадчыннікі пакалення пераможцаў. Выязджаючы, працуючы ў воінскіх часцях, я бачу тых хлопцаў, ды і дзяўчат, якія мацнейшыя за любую браню. Бо гэта яны ў 20-градусны мароз бягуць марш-кідкі, заводзяць заледзянелую тэхніку і здзяйсняюць шматкіламетровыя перамяшчэнні. Гэта яны ноччу кладуцца ў снег на агнявыя рубяжы і выконваюць практыкаванні кантрольных стрэльбаў. Я думаю, толькі сляпы не заўважыць, што яны спадчыннікі пакалення пераможцаў. Хтосьці заве сябе міністэрствам вайны, а мы гаворым аб тым, што мы — армія міру. Разам мы зробім усё, каб гэты свет на нашай зямлі захаваць», — рэзюмаваў Віктар Хрэнін.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, выступаючы на ўрачыстым сходзе, адзначыў: «Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у нашай краіне стаў сапраўды народным святам. Гэта традыцыя, якой мы прытрымліваемся дзеля сучаснасці і будучыні нашай Айчыны. Сёння, у такі няпросты час, як ніколі важна берагчы памяць аб гераічных пакаленнях тых, хто сваім ратным подзвігам забяспечыў нам мірнае жыццё, а нам, сённяшняму пакаленню, працягваць тое, што намечана было ветэранамі. Працягнуць той шлях, забяспечыць стабільнае развіццё нашай дзяржавы, бяспеку нашых грамадзян і годную будучыню нашых дзяцей».
Дзярсакратар са шкадаваннем адзначыў, што свет не стаў прасцейшым. «На фоне геапалітычных супярэчнасцей паміж цэнтрамі сілы ўзнікаюць усё новыя і новыя канфлікты, у выніку якіх гінуць людзі, разбураюцца гарады, сотні тысяч бежанцаў пакідаюць свае дамы ў пошуках лепшага жыцця. Мы ўсё гэта бачым, адэкватна ацэньваем сітуацыю, якая складваецца, і гэтак жа адэкватна рэагуем. Усе сучасныя рызыкі, выклікі і пагрозы ў сферы гарантавання нацыянальнай бяспекі пастаянна знаходзяцца ў фокусе ўвагі нашага Прэзідэнта. Менавіта таму з яго боку сёння ідзе такая пільная ўвага і патрабавальнасць да ўсіх структур сістэмы забеспячэння нацбяспекі. І ў першую чаргу, вядома ж, да Узброеных Сіл як асновы ваеннай арганізацыі дзяржавы», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што сучасныя беларускія Узброеныя Сілы развіваюцца, умацоўваючы свой абарончы патэнцыял. «Праверкі баявой гатоўнасці, якія праводзяцца цяпер па распараджэнні кіраўніка дзяржавы, паказваюць, што сёння асабовы склад Узброеных Сіл прафесійна падрыхтаваны, валодае высокім маральным духам і воляй да перамогі. Сёння ўсе структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы гатовы і здольныя даць адпор любому агрэсару. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Але трэба цудоўна разумець, што войны выйграюць не арміі, а народы. Таму ўвесь беларускі народ павінен быць гатовы ў любую хвіліну ўстаць на абарону Радзімы. І калі гэта будуць разумець і бачыць нашы заходнія апаненты, то нам не страшныя ніякія пагрозы», — рэзюмаваў ён.
Паводле БелТА