Больш за 20 краін, два ўзыходжанні, веламарафон на 10 тыс. км і тры аўтапрабегі, самы доўгі — у 27 тыс. км. Герой праекта — 66-гадовы Генадзь Пузанкевіч — не толькі адчайны падарожнік, які і ў канібалаў жыве тыднямі, і на горы падымаецца ў сланцах, але і адзін з лепшых у краіне таксідэрмістаў. Пры сустрэчы разумееш: перад табой чалавек з тонкім пачуццём гумару, філасофскай глыбінёй, нястомны даследчык і рамантык.
Калекцыя пад № 2
Генадзь Канстанцінавіч жыве ва ўласным доме ў Жодзіне, праект якога ён прыдумаў яшчэ падчас службы ў войску, а па вяртанні ўвасобіў задуманае амаль у адзіночку. Нарадзіўся ён тут жа, але тады гэтая мясцовасць была вёскай Судобовка, а цяпер стала часткай горада. У гэтым доме выраслі чацвёра дзяцей, дваіх яны з жонкай усынавілі.
Прыгожы драўляны двухпавярховы дом адразу прыцягвае ўвагу. Юныя жодзінцы больш ведаюць яго як заалагічны музей. У госці да Генадзя Пузанкевіча школьнікаў прыводзяць, каб дзеці маглі пазнаёміцца з дзіўным светам жывёл, птушак і насякомых не толькі Беларусі, але і ўсёй планеты. Галоўнае адрозненне: птушкі, звяры і казуркі прадстаўлены ў выглядзе пудзілаў. Гэта асаблівая радасць экскурсантаў: можна дасканала разгледзець і нават «зазірнуць у вочы».
Захапленне пудзіламі пачалося з дзяцінства, калі хлопчыку Гене захацелася «удыхнуць жыццё» ва ўжо мёртвае цела птушкі.
— Паняцця не меў, як гэта робяць. Літаратура мне не была даступная, — успамінае наш герой. — Пазней даведаўся, што бабуля займалася гэтым яшчэ да вайны, але яна рана памерла. Мама толькі распавядала, як яна вучыла здымаць скурку і яе набіваць. У 1974 годзе атрымалася першае пудзіла — дагэтуль захоўваецца ў калекцыі.
Па прафесіі Генадзь Канстанцінавіч — ляснік. Скончыў Барысаўскае лясное вучылішча, затым курсы эколага-паляўніцтвазнаўцы пры Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Калі працаваў у лясгасе, у краіне пачалі ствараць першыя кааператывы. Яму прапанавалі арганізаваць арцель па вырабе пудзілаў — адзіную такога профілю ў Рэспубліцы. Вырабы ішлі ў крамы паляўнічых тавараў і як наглядныя дапаможнікі ў школы і іншыя навучальныя ўстановы. Сёння работы майстра Пузанкевіча і яго памочнікаў можна ўбачыць у экспазіцыях Прыпяцкага, Бярэзінскага запаведнікаў, а таксама ў Белавежскай пушчы.
— Потым кааператывы закрылі, я ўладкаваўся на іншую работу, а гэта засталося як падпрацоўка, — каментуе наш герой.
Цяпер асабістая калекцыя Генадзя Пузанкевіча, не лічачы насякомых, налічвае 705 асобнікаў, яна зарэгістраваная ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І што характэрна — пад другім нумарам, першы — у БДУ.
— Усё афіцыйна, — падкрэслівае наш герой і тлумачыць, як нежывыя жывёлы і птушкі трапляюць да яго: электрыкі знаходзяць птушак пад высакавольтнымі лініямі, ратавальнікі МНС прыносяць пацярпелых жывёл, паляўнічыя дзеляцца трафеямі, заапаркі аддаюць памерлых рэдкіх гадаванцаў, простыя гараджане прыносяць. З хатніх гадаванцаў ён не робіць пудзілы — адразу папярэджвае пра гэта. Калекцыя збіралася некалькі дзесяцігоддзяў. Сярод экспанатаў шмат чырванакніжных: арлан-белахвост, сокал-сапсан, буры мядзведзь... ёсць спецыяльны дазвол на іх захоўванне. З самых буйных пудзілаў — мядзведзь, кракадзіл, іх нават два: нільскі і алігатар.

— Пры цяперашніх тэхналогіях і доступе да інтэрнэту зрабіць простае пудзіла адмысловай работы не складае, — заўважае Генадзь Канстанцінавіч. — Самае складанае — надаць позу, каб жывёла была як жывая. Вядома, трэба ведаць біялогію, анатомію, звычкі, каб мышцы правільна вылучыць, і валодаць уседлівасцю, каб пёркі пінцэтам укладваць.
— Колькі могуць захоўвацца пудзілы?
— У Санкт-Пецярбургу стаяць экспанаты, якія яшчэ Пётр I прывёз з-за граніцы. І яны да гэтага часу ў добрым стане! — адказвае ён. — Вядома, за ўсімі гэтымі экспанатамі патрэбны правільны сыход.
Пудзілам больш за ўсё шкоды прыносяць казуркі-скураеды, моль і прамое сонечнае святло, ад якога выгараюць апярэнне і мех.
Выканаў мару дзяцінства і вярнуўся жывым

Побач з пудзіламі ў доме Генадзя Пузанкевіча вісяць яркія фатаграфіі з усяго свету — іх таксама зрабіў наш герой.
— Павесіў для школьнікаў, каб маглі ўбачыць іншых жывёл і побыт розных народаў, — тлумачыць Генадзь Канстанцінавіч.
Пасля кожнага вялікага падарожжа ў Жодзіна праходзілі яго фотавыставы, якія наведвалі сотні землякоў. Заўсёды цікавей пачуць з першых вуснаў апавяданні пра жыццё канібалаў, узыходжанні на горы ці велапаходзе ў больш за 10 тыс. км. наўрад ці знойдуцца смельчакі, здольныя паўтарыць такое.