За кошт якіх фактараў у 2025 годзе быў забяспечаны гістарычны максімум золатавалютных рэзерваў і як Нацбанк захавае высокі ўзровень ЗВР у 2026-м, у эфіры «Першага інфармацыйнага» распавёў першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ягораў.
Нагадаем, што на 1 студзеня золатавалютныя рэзервы краіны склалі 14,4 мільярда долараў.
— Калі агулам казаць паводле вынікаў 2025 года, то рост прыкладна на 5,5 мільярда долараў. Складнікі яго таксама розныя, гэта не адна кампанента, якая дала такі рост, — растлумачыў Аляксандр Ягораў.
Па яго словах, гэта, перш за ўсё, рост цэн на золата:
— Прыкладна тры мільярды з 5,5 мільярда — за кошт гэтага. І 2,5 мільярда — рост актываў у замежнай валюце. І тут адзін з самых важных фактараў — чыстая купля Нацыянальным банкам замежнай валюты. Прычым чыстымі прадаўцамі, перш за ўсё, выступала насельніцтва і нерэзідэнты (Рэспублікі Беларусь. — Заўв. рэд.). Але, што хацелася б адзначыць, па снежні ўпершыню за апошнія пяць гадоў назіранняў Нацыянальны банк таксама выступіў чыстым пакупніком замежнай валюты, хоць традыцыйна ў снежні імпарцёры закупляюць вялікі аб’ём валюты (гэта звязана ў тым ліку з вялікімі святамі ў студзені ў Расіі для таго, каб загадзя аплаціць пастаўкі тавараў, і звязана са сканчэннем інвестыцыйных праектаў і канчатковымі разлікамі за інвестыцыйны імпарт). Але ў снежні мы назіралі нестандартную для гэтага месяца карціну з пункту гледжання чыстай куплі валюты Нацыянальным банкам.
На думку Аляксандра Ягорава, росту ЗВР спрыяе кан’юнктура цэн на золата.
— Але нават без уліку росту цэн на золата мы б мелі паказчык каля 11,5 мільярда долараў, што з нашага пункту гледжання таксама вельмі добры паказчык, — адзначыў ён. — Так, гэта былі б не тыя тры месяцы (больш за тры месяцы імпарту), якія мы маем цяпер. Але ўкладанне ў золата — таксама доўгатэрміновая стратэгія Нацыянальнага банка, якую пачалі рэалізоўваць з сярэдзіны 2000-х гадоў. І цяпер маем той вынік, які дазваляе гаварыць аб поспехах нашай эканомікі.
Што датычыцца стратэгіі работы Нацбанка ў 2026 годзе для захавання высокага ўзроўню золатавалютных рэзерваў, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка растлумачыў:
— Дакладна нельга спадзявацца, што ў цябе вырастуць ЗВР выключна за кошт росту цэн на золата ці яшчэ чагосьці. Таму мы з грашова-крэдытнай палітыкі будзем зыходзіць з таго, што нам трэба забяспечыць збалансаваны ўнутраны валютны рынак. Для гэтага будзе праводзіцца ўзважаная грашова-крэдытная палітыка з пункту гледжання разумнага росту крэдытаў, з пункту гледжання працэнтных ставак па дэпазітах, якія будуць станоўчыя ў рэальным выражэнні як адносна ўзроўняў інфляцыі, так і адносна інфляцыйных чаканняў насельніцтва. І ў цэлым, з пункту гледжання кантролю грашовай масы, мы будзем зыходзіць з таго, што нам неабходна як мінімум захаваць той узровень ЗВР, які мы дасягнулі.
Дарэчы, па даных Нацбанка, фізічныя асобы ў Беларусі за 2025 год прадалі на 1,63 мільярда замежнай валюты больш, чым купілі.
Агульны аб’ём набытай імі замежнай валюты ў мінулым годзе склаў 12,95 мільярда долараў, прададзенай — 14,58 мільярда долараў.
За снежань 2025 года продаж фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты перавысіў яе куплю на 115,2 мільёна долараў.
Кампаніі-рэзідэнты Беларусі ў 2025 годзе выступалі ў ролі чыстых пакупнікоў замежнай валюты. За мінулы год яны купілі на 2,3 мільярда долараў валюты ў эквіваленце больш, чым прадалі. Агульны аб’ём набытай юрыдычнымі асобамі замежнай валюты за год склаў 39,76 мільярда, прададзенай — 37,45 мільярда долараў.
Купля юрыдычнымі асобамі замежнай валюты за снежань 2025 года перавысіла яе продаж на 317 мільёнаў долараў.