Не ведаеш ягады — не еш!
У лясах, парках, а часам і на дачных участках сустракаюцца беладонна, ландыш, варанец чырванаплодны, цыкута атрутная (вех ядовитый), мудранка (вороний глаз), воўчыя ягады, паслён (чорны і салодка-горкі), купена. Іх яркія ягады часта прыцягваюць увагу дзяцей, але ўтрымліваюць небяспечныя таксіны — цыкутатаксіны і канваллятаксіны, якія пашкоджваюць унутраныя органы і нервовую сістэму. Трапленне такіх раслін у арганізм вядзе да найцяжэйшай інтаксікацыі, расказалі спецыялісты НДКІ дзяцінства Маскоўскай вобласці, перадае regions.ru.

Пры падазрэнні, што дзіця з’ела ягады атрутнай расліны, трэба ізаляваць яго ад крыніцы яду, ацаніць стан і неадкладна выклікаць хуткую. Важна захаваць фрагменты кветкі ці ягад — гэта дапаможа медыкам хутчэй вызначыць тып таксіну і падабраць антыдот.
«Пры падазрэнні на атручэнне прамыйце дзіцяці рот вялікай колькасцю вады. Калі малое ў прытомнасці і няма сутаргаў, паспрабуйце выклікаць ірвоту, націскаючы на корань языка, папярэдне даўшы выпіць некалькі шклянак вады. Аднак будзьце ўважлівыя: такія дзеянні небяспечныя тым, што могуць справакаваць удушша або траўміраваць далікатны стрававод малога. Таксама не трэба бескантрольна даваць дзіцяці сарбенты», — папярэджваюць спецыялісты.
Яны растлумачылі, што актываваны вугаль эфектыўны толькі ў першыя хвіліны пасля праглынання яду, а яго шматразовае прымяненне без кантролю ўрача можа нашкодзіць. У крытычнай сітуацыі галоўнае — аператыўна выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Калі пацярпелы страціў прытомнасць і перастаў дыхаць, неабходна адразу прыступіць да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі і праводзіць яе да прыезду медыкаў або аднаўлення дыхання.
Каб пазбегнуць бяды, урачы раяць навучыць дзяцей простаму правілу: ніколі не чапаць і не браць у рот незнаёмыя ягады і кветкі. Дарослым варта ўважліва сачыць за малымі падчас прагулак у лесе і парках — бяспека дзіцяці цалкам залежыць ад іх пільнасці.