Кожны год на дарогах гіне каля 1,2 мільёна чалавек, больш за чвэрць з іх — пешаходы і веласіпедысты. Аб гэтай сумнай статыстыцы напярэдадні Глабальнага тыдня бяспекі дарожнага руху, які стартуе ў панядзелак, 12 мая, нагадваюць у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
У СААЗ адзначаюць, што толькі 0,2% дарог ва ўсім свеце абсталяваны веласіпеднымі дарожкамі, а ў многіх населеных пунктах няма тратуараў або пешаходных пераходаў.
«Хадзьба і язда на веласіпедзе станоўча адбіваюцца на здароўе насельніцтва і робяць гарады больш экалагічнымі. Кожны крок і кожная веласіпедная паездка дапамагае зменшыць заторы, знізіць забруджванне паветра і колькасць хвароб», — сказаў кіраўнік СААЗ Тэдрос Гебрэесус.
Але мы павінны зрабіць хадзьбу і язду на веласіпедзе бяспечнымі, каб больш людзей выбіралі гэтыя варыянты», — дадаў ён.
На сённяшні дзень у менш як трэці краін ёсць нацыянальная палітыка па заахвочванні хадзьбы і язды на веласіпедзе. Спецыялісты СААЗ заклікаюць запоўніць гэты прабел практычнымі, заснаванымі на фактычных дадзеных рэкамендацыямі для палітыкаў, горадабудаўнікоў, работнікаў сферы аховы здароўя і грамадзянскай супольнасці.
Сярод прапанаваных мер — будаўніцтва бяспечнай інфраструктуры, уключаючы веласіпедныя дарожкі, шырокія тратуары і пешаходныя пераходы, узмацненне абмежаванняў хуткасці для аўтамабілістаў у адпаведнасці з перадавой сусветнай практыкай, выкарыстанне фінансавых стымулаў для заахвочвання актыўнага ладу жыцця, правядзенне інфармацыйных кампаній.
У глабальным маштабе ў перыяд з 2011 па 2021 год смяротнасць сярод пешаходаў крыху знізілася, а сярод веласіпедыстаў — засталася на ранейшым узроўні, аднак у некаторых рэгіёнах сітуацыя змянілася да горшага.
У Паўднёва-Усходняй Азіі смяротнасць пешаходаў вырасла на 42%. У Еўрапейскім рэгіёне смяротнасць сярод веласіпедыстаў павялічылася на 50%, а ў заходняй частцы Ціхаакіянскага рэгіёну — на 88%.
СААЗ звяртаецца да сотняў арганізацый і ўрадаў па ўсім свеце, патрабуючы прыняць тэрміновыя меры па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. Глабальны альянс НДА па бяспецы дарожнага руху мабілізуе больш за 400 арганізацый у 100 краінах для падтрымкі кампаніі ў рамках Глабальнага тыдня.
«Мы заклікаем прадстаўнікоў усіх сектараў — транспарт, ахову здароўя, адукацыю — зрабіць хадзьбу і язду на веласіпедзе бяспечнымі і даступнымі для ўсіх», — сказаў Эцьен Круг, дырэктар Дэпартамента СААЗ па сацыяльных дэтэрмінантах здароўя.