54-гадовы жыхар Віцебска, паверыўшы рэкламе ў сацыяльнай сетцы аб «гарантаваным» даходзе ад гандлю на біржы, вырашыў паспрабаваць свае сілы ў інвестыцыях. Па даных МУС, паддаўшыся на ўгаворы віртуальных кансультантаў, ён на працягу месяца перавёў на рахункі «трэйдзінгавай кампаніі» больш за 10 тысяч долараў ЗША.
Калі ж мужчына захацеў вывесці першы, як яму абяцалі, прыбытак, сітуацыя рэзка змянілася: на сувязь з ахвярай выйшлі людзі, якія назвалі сябе супрацоўнікамі банка, і заявілі, што для пацверджання аперацыі і вываду сродкаў кліент павінен правільна адказаць на тры кантрольныя пытанні.
— Адказы аказаліся няслушнымі, і ён атрымаў штраф у 1200 долараў ЗША. Пасля аплаты штрафу шляхам маніпуляцыі ашуканцы пераканалі яго ўкласці яшчэ 7 тысяч рублёў, — расказаў начальнік аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Першамайскага РАУС Мікалай ГРЫГОР’ЕЎ у тэлеграм-канале МУС Беларусі.
Далей былі званкі ад ілжэсупрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія і прымусілі мужчыну нарэшце ўсумніцца ў тым, што адбываецца, і звярнуцца ў міліцыю.

Праваахоўнікі чарговы раз заклікаюць грамадзян праяўляць пільнасць — яркая рэклама ў сацсетках і месенджарах, якая прапануе высокі даход з мінімальнымі рызыкамі, амаль заўсёды аказваецца прынадай. Любыя інвестыцыі патрабуюць узважанага падыходу, праверкі легальнасці кампаніі і цвярозай адзнакі рызык, а не веры ў казку аб лёгкіх грошах.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц