У рэдакцыю звярнуўся Уладзімір Міхайлавіч Русаковіч. Мінчаніна ўстрывожыў стан аднаго з элементаў Сляпянскай воднай сістэмы — раскол на вадаспадзе ў раёне вуліц Сталетава і Акадэмічнай. Ці не пагражае гэта падтапленнем навакольных тэрыторый?
Мы звярнуліся па кампетэнтны каментарый ва УП «Мінскводаканал». Спецыялісты ўстановы азнаёміліся з сітуацыяй і далі змястоўны адказ, які павінен супакоіць не толькі аўтара звароту, але і ўсіх жыхароў мікрараёна.
Паведамляем са слоў экспертаў: аб'ект, які занепакоіў Уладзіміра Міхайлавіча, уяўляе сабой каскаднае збудаванне, размешчанае на ўчастку паміж вуліцай Сталетава і вуліцай Акадэмічнай. Яно выканана з трывалых жалезабетонных канструкцый, якія па тэхналогіі маюць канструктыўныя швы. Што ж адбываецца з вадаспадам? Як паведамілі эксперты, выяўленая расколіна, што насцярожыла мінчаніна, з'яўляецца тыповай для падобных гідратэхнічных збудаванняў. Яна звязана з невялікім парушэннем герметычнасці ў месцах прылягання панэляў. Падкрэслім галоўнае, што адзначаюць спецыялісты: канструктыўная надзейнасць і трываласць збудавання не парушаны. «Мінскводаканал» дае адназначны адказ: рызыка падтаплення ніжэйразмешчаных тэрыторый (у тым ліку вуліц Сталетава і Акадэмічнай) цалкам адсутнічае. Гэта значыць, што ні падвалы дамоў, ні пешаходныя дарожкі ў небяспецы не знаходзяцца.
Нягледзячы на адсутнасць пагрозы, камунальныя службы пакідаць усё як ёсць не збіраюцца. Улічваючы спецыфіку рамонтных работ на гідратэхнічных збудаваннях, устараненне дэфекту патрабуе пэўных тэхналагічных умоў. Таму работы запланаваны на цёплы перыяд года. Усе неабходныя мерапрыемствы будуць праведзеныя планава, у рамках штатнай эксплуатацыі сістэмы.
Нагадаем, што Сляпянская водная сістэма знаходзіцца пад наглядам спецыялістаў, а сезонныя і эксплуатацыйныя дробязі выпраўляюцца па меры іх з'яўлення.
Надзея ЗУЕВА