Top.Mail.Ru

Як адмовіцца ад спадчыны, падзяліць маёмасць? Адказвае натарыус


Што трэба, каб адмовіцца ад спадчыны?

Сярод спадчыннікаў, якія могуць прэтэндаваць на нерухомасць маёй бабулі, згодна з яе завяшчаннем, — я і мой дзядзька. Але яму нічога не патрэбна. Як аформіць адмову дзядзькі ад спадчыны?

Дар’я, Барыса

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:

— Чалавек мае права адмовіцца ад спадчыны на працягу тэрміну, устаноўленага для яе прыняцця, у тым ліку і ў выпадку, калі ён ужо ўступіў у яе. Для гэтага спадчынніку трэба падаць заяву натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны.

У выпадку, калі гэта робіць не сам спадчыннік, то яго подпіс на такой заяве павінен быць засведчаны натарыусам або службовай асобай, упаўнаважанай здзяйсняць натарыяльныя дзеянні ў адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 1045 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, ваш дзядзька павінен звярнуцца да натарыуса.

Абавязковая доля не для ўсіх

Перад смерцю маці склала завяшчанне на брата. Але ў яе засталіся паўналетнія дзеці, аўдавелы муж, які праз паўгода выйдзе на пенсію. Ці ёсць у іх шанец атрымаць долі ў спадчыне нягледзячы на тое, што завяшчанне складзена не на іх карысць?

Алег, Гродна

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Сафія СНАПОК:

— Спадчыннікамі на абавязковую долю з’яўляюцца спадчыннікі першай чаргі, якія на момант смерці спадчынадаўцы непрацаздольныя (пенсіянеры, інваліды) або непаўналетнія. Таму па прадстаўленай інфармацыі можна зрабіць выснову, што такіх тут няма. Значыць прэтэндаваць на долю спадчынніка дзеці і муж памерлай не могуць.

Як дзеліцца маёмасць?

Пасля смерці маці я і брат, які адбывае пакаранне, — адзіныя спадчыннікі. Усе дакументы я сабрала і падала ў натарыяльную кантору з указаннем адраса, дзе знаходзіцца брат. На дасланы ад натарыуса ліст ён адказу не даў. Яго рашэнне аб уступленні ў спадчыну невядомае. Як у такім выпадку будзе падзелена маёмасць?

Людміла, Брэсцкая вобласць

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:

— Спадчыннікамі па законе першай чаргі з’яўляюцца дзеці, муж і бацькі памерлага. Спадчыннікі адной чаргі атрымліваюць усё ў роўных долях, за выключэннем спадчыннікаў, якія ўступаюць у спадчыну па праве прадстаўлення.

Калі вы абодва прымеце спадчыну, то яна будзе размеркавана паміж вамі ў роўных долях. Калі ж брат яе не прыме на працягу шасці месяцаў, то яна дастанецца вам, але пры ўмове, што брат не будзе прызнаны тым, хто прыняў спадчыну шляхам фактычнага ўступлення ў валоданне або кіраванне пакінутай маёмасцю.

Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda.by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю