Top.Mail.Ru

Як адна сям’я. Родныя ацалелых ад агню хатынцаў пабывалі на мемарыяле напярэдадні гадавіны трагедыі

Уся краіна гэтымі днямі ўзгадвае жахлівую гісторыю невялікай беларускай вёскі Хатынь: 22 сакавіка 1943 года фашысцкія каты спалілі яе разам з жыхарамі. Тады ў агні згарэлі 149 чалавек, самаму маленькаму загінуламу ў агні хатынцу Толіку Яскевічу было ўсяго сем тыдняў. Лёс падарыў шчасце жыць шасці вяскоўцам: Іосіфу Камінскаму, а таксама пяцярым дзецям — Аляксандру Жалабковічу, брату і сястры Уладзіміру і Соф’і Яскевічам, Віктару Жалабковічу і Антону Бараноўскаму, якія працягнулі годна несці памяць аб сваіх гераічных продках, перадаўшы эстафету. Родныя тых, хто перажыў трагедыю, пабывалі на мемарыяле, каб яшчэ раз расказаць праўду пра вайну, якая ніколі не павінна паўтарыцца. Пра гэта паведамляе БелТА. 


Гэта былі людзі аднаго лёсу

Спецыяльна да журботнай даты супрацоўнікамі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» была падрыхтавана выстава, якая атрымала назву «Лёс падарыў шчасце жыць», на якой прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі, што беражліва захоўваюцца ў сямейных архівах уцалелых дзяцей Хатыні. Раней гэтыя здымкі, як і асабістыя дакументы сведкаў трагедыі, нідзе не экспанаваліся. 

«Выстава камерная, невялікая, быццам запрашае да душэўнай размовы не столькі аб падзеях, колькі аб гэтых дзіўных людзях, якія знайшлі ў сабе сілы жыць, заставацца сапраўднымі людзьмі», — расказала загадчыца аддзела навуковай і экспазіцыйна-выставачнай работы ДМК «Хатынь» Марына Вашкевіч. 


А гэта і моманты цёплых сустрэч хатынцаў не толькі ў роднай вёсцы, якая бачылася ім жывой, але і важныя сямейныя падзеі, і кадры знакавых дат на самым мемарыяле. 

«Гэта былі людзі аднаго лёсу, таму заставаліся роднымі. Усе раслі ў дзіцячым доме ў Плешчаніцах, а калі сталі дарослымі, наведвалі адно аднаго, пісалі лісты. Потым ездзілі на вяселлі дзяцей і, канешне, збіраліся ў Хатыні. Кожны год ездзілі ў вёску на 9 мая. І галоўным арганізатарам быў Аляксандр Жалабковіч: з Гродна ён прывозіў усю сям’ю. Спачатку бывалі ў Хатыні, дзе проста на паляне ля могілак накрывалі памінальны стол, а затым ехалі ў Казыры, да Камінскіх. Нават калі цётка Маня засталася адна, яна ўсіх прымала як родных. Рыхтавалася, карміла. І мы ніяк не маглі нагаварыцца», — падзялілася Ядвіга Андрэеўна Жалабковіч — удава Віктара Жалабковіча, якая прыехала на мерапрыемства разам з дачкой Інай. 

«Мы пазнаёміліся з Віцем у 1960 годзе, калі ён прыйшоў працаваць на завод. Ён быў сур’ёзным, засяроджаным, вельмі хацеў паступіць у інстытут, таму заканчваў вячэрнюю школу. Купіў матацыкл і прывёз мяне ўпершыню на сваю радзіму. Сядзелі з ім пад могілкамі ў Хатыні, і ў той момант я даведалася яго гісторыю. Ён мне паказаў месца, дзе стаяў іх згарэлы дом», — распавяла Ядвіга Андрэеўна. 

Унук хатынца Уладзіміра Яскевіча — Ілья, працягваючы эмацыйнае апавяданне Ядвігі Андрэеўны, адзначыў, што яго дзядуля быў жыццярадасны чалавек, а яго ўрок ён запомніў на ўсё жыццё — заўсёды заставацца сумленным. 


«Я ведаў, што ад фашыстаў у той дзень ён схаваўся ў яме, дзе захоўвалі бульбу. Ён неяк абмовіўся, што ў вёсцы ў момант трагедыі стаяў шум такі, які можна параўнаць з ровам рухавіка рэактыўнага самалёта. Крычалі людзі, плакалі дзеці, да якіх дабаўляўся роў жывёлы. І ў тым хляве была ўся яго сям’я. Нездарма ён пасівеў ад гора. І сёння мы едзем не на мемарыял, а ў вёску нашых продкаў, каб схадзіць да іх дома, успомніць», — расказаў Ілья Яскевіч. 

«Ведаеце, што самае галоўнае, што хатынская сям’я жывая, фашыстам не ўдалося яе знішчыць. У гэтай сям’і налічваецца 30 чалавек — наша сям’я вялікая. Няма сёння рабят-сведкаў, але засталіся іх дзеці, унукі, падрастаюць праўнукі», — падкрэсліла Ядвіга Жалабковіч. 

Сваіх родных, якія пайшлі з жыцця, іх блізкія змаглі яшчэ раз убачыць жывымі ў кадрах фільма «І будзе жыць Хатынь» і падзяліцца з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар», які функцыянуе пад патранажам Ленінскага РУУС Мінска, гэтымі дзіўнымі гісторыямі. А падлеткі прынялі ўдзел у праграме, чытаючы вершы пра Хатыні.


Няхай гарыць свечка памяці 

Па традыцыі наведвальнікі мемарыяла ўсклалі кветкі да фігуры Непакорнага чалавека, да брацкай магілы, у якой пахаваны прах згарэлых у агні жыхароў.

А сваякі ацалелых хатынцаў наведалі двары сваіх продкаў. Ядвіга Жалабковіч з дачкой Інай прайшлі па каменнай дарожцы да крайняга двара, запрашаючы пастаяць каля каменных вянкоў. 

«Заходзьце ў госці, брамка заўсёды адкрытая», — казала Ядвіга Андрэеўна, у чарговы раз успамінаючы сустрэчы ў Хатыні. У знак гэтай памяці ў храме Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Хатыні запаліліся памінальныя свечкі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю