Ужо ў 23-і раз у нашай краіне стартаваў Рэспубліканскі турыстычны конкурс «Пазнай Беларусь». І калі пачынаўся ён у 2003 годзе ўсяго з 50 заявак, то летась іх даслалі 1772 удзельнікі. Конкурс сапраўды стаў вельмі масавым, а многія яго намінацыі — «народнымі». Іх, дарэчы, у апошнія гады прапануецца больш за дзясятак, што дазваляе ўдзельнічаць як звычайным людзям, якія любяць падарожнічаць, так і прафесіяналам турыстычнага рынку. Усё гэта дае магчымасці спазнаваць сваю краіну, яе гісторыка-культурную спадчыну, папулярызаваць актыўны адпачынак і здаровы лад жыцця, а таксама стымуляваць выкарыстанне сучасных тэхналогій.
Вырашаюць кадры
Сёлетні конкурс стартаваў з лютага, прыём заявак працягнецца да 30 верасня. Прадугледжана 14 намінацый: «Я спазнаю Беларусь», «Экскурсавод года», «Турыстычная кампанія года», «Сродак размяшчэння года», «Санаторый года», «Аграэкасядзіба года», «Матэрыял года», «Музей года», «Фатаграфія года», «Аб’ект экалагічнага турызму года», «Аб’ект прамысловага турызму года», «Аб’ект рэлігійнага турызму года», «Падзейнае мерапрыемства года», «Аб’ект дзелавога турызму года».
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнае агенцтва па турызме.
Самай народнай намінацыяй стала «Я спазнаю Беларусь» — летась было пададзена больш за 400 заявак ад беларусаў, якія падарожнічаюць па розных кутках.
— Мы рэкамендуем на сайце агенцтва месцы, цікавыя для наведвання. Гэта сотні аб’ектаў па ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Запрашаем падарожнікаў заехаць туды ў бягучым годзе, сфатаграфавацца, папоўніць сваю калекцыю новымі здымкамі, потым даслаць нам разам з заяўкай на конкурс і атрымаць дастойную ўзнагароду, калі колькасць наведаных аб’ектаў будзе большая, чым у іншых. У гэтай намінацыі могуць узяць удзел і дзеці. Мы вельмі рады юным удзельнікам конкурсу. Гэта заўсёды выклікае станоўчыя эмоцыі, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
Ёсць і намінацыі, дзе ўдзельнічаюць прафесіяналы. Напрыклад, у намінацыі «Фатаграфія года» часцей за ўсё бяруць удзел прафесійныя фатографы, але і шмат аматараў. Аднак тут ужо ацэньваецца не колькасць, а якасць, аўтарская задума. Менавіта гэта намінацыя ў мінулым годзе карысталася найбольшай папулярнасцю — было пададзена амаль 500 заявак. Шмат удзельнікаў і па намінацыі «Падзейнае мерапрыемства года». Ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў і арганізатарам прапануюць такую магчымасць.
Расіяне едуць у беларускую глыбінку
Акрамя таго, у конкурсе могуць удзельнічаць экскурсаводы, турыстычныя кампаніі, тыя, хто непасрэдна сустракае гасцей, фарміруе экскурсіі, туры. Ёсць асобная намінацыя для атэляў, прычым розных катэгорый — ад больш бюджэтных да прэміум-класа. Асобную намінацыю мае і брэнд нашай краіны — санаторыі. Адной з найбольш папулярных намінацый традыцыйна з’яўляецца «Аграэкасядзіба года». Ёсць і намінацыя для музеяў розных катэгорый.
У 2023-м была ўведзена намінацыя «Аб’ект рэлігійнага турызму года». Яна замацавалася і стала традыцыйнай. А ў Год добраўпарадкавання ў кожнай намінацыі ўведзены крытэрыі, звязаныя з тым, як аб’екты праводзяць добраўпарадкаванне тэрыторыі побач з сабой. Гэта адносіцца і да музеяў, і да санаторыяў, і да гасцінічных комплексаў, і да аб’ектаў экалагічнага турызму.
Конкурс «Пазнай Беларусь» садзейнічае не толькі ўнутранаму турызму — па-новаму для сябе адкрываюць нашу краіну і замежныя госці. Напрыклад, як адзначыла дырэктар турыстычнай фірмы «Ілва», лаўрэат XXІІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Турыстычная кампанія года» Ларыса Пятроўская, расійскія турысты вельмі любяць беларускую глыбінку і з задавальненнем едуць у малыя гарады. Дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік» Андрэй Пракошын дадаў, што летась запаведнік наведала больш за 100 тысяч гасцей, у тым ліку з іншых краін.
Пераважна прыязджаюць найбліжэйшыя суседзі — расіяне, шмат было гасцей з краін Балтыі, наведвалі турысты з Амерыкі, а ў мінулым годзе — нават з Аўстраліі.
У тэму
Больш за 15 тысяч замежнікаў на бязвізе
Паводле паведамлення Дзяржпагранкамітэта, з 1 студзеня ў Беларусь прыбылі 15 238 іншаземцаў з 38 краін, уключаных у спіс «бязвізу». Большасць падарожнікаў прыехала з краін-суседзяў — Літвы, Латвіі і Польшчы. Усяго ж з 15 красавіка 2022 года нашу краіну наведалі 1 046 973 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбылі 329 510 замежнікаў, з Літвы — 594 815, з Польшчы — 105 555.