Top.Mail.Ru
440

Як «Адзін раён — адзін праект» дапамагае ў вытворчасці інавацыйнай прадукцыі

Святло перспектывы.


Мінулы год для ААТ «ЭНЭФ», што ў Маладзечне, вызначыўся асаблівым дасягненнем — быў адкрыты новы цэх з сучасным абсталяваннем у рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект», якую ініцыяваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску святлодыёдных свяцільнікаў, а таксама рэцыркулятараў паветра, якія карысталіся асаблівым попытам у перыяд пандэміі, і прыбораў для ўльтрафіялетавага абеззаражвання вады. Дарэчы, іх цяпер выкарыстоўваюць у артэзіянскім водазабеспячэнні сталіцы. Сярод іншых кірункаў — асвятленне ў транспарце. Больш падрабязна з этапамі іх вытворчасці і кантролем за якасцю вырашылі азнаёміцца карэспандэнты «Звязды».

1,3 тысячы метраў квадратных

Гэткую плошчу займае той самы новы цэх, у якім па чарзе па дзве змены працуюць 27 чалавек — чатыры брыгады. Як расказала дырэктар прадпрыемства Наталля ГАЛОТА, новая пляцоўка была асвоена за ўласныя сродкі на агульную суму каля 4,5 мільёна рублёў: «У 2020 годзе стала зразумела, што неабходна павялічваць плошчы вытворчасці, паколькі прадпрыемства паступова развіваецца. Звярнуліся да Аляксандра Турчына (тады ён займаў пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. — „Зв.“) з просьбай дапамагчы ў набыцці пляцоўкі, размешчанай побач з асноўным корпусам. Дзякуючы яго падтрымцы, удалося рэалізаваць задуманае».

Цікава, што з 2022 года «ЭНЭФ» таксама з’яўляецца часткай Нацыянальнага тэхнапарка — прадпрыемства пастаянна ўдасканальвае прадукцыю, робіць акцэнт на інавацыі. Тут вырабляюцца, напрыклад, святлодыёдныя модулі для велікагрузнай тэхнікі. «Дзякуючы гэтаму мы атрымалі льготы, а на сэканомленыя сродкі ўдалося набыць найноўшае абсталяванне», — паведаміла дырэктар.

Кірункаў дзейнасці ў прадпрыемства сапраўды шмат: выраб асвятляльнага абсталявання для аўтобусаў і тралейбусаў, электробусаў, для рухомых саставаў электрацягнікоў і цягнікоў метрапалітэна. Новыя саставы метро, якія прыбылі з Мыцішчаў, таксама аснашчаны асвятляльным абсталяваннем прадпрыемства.

Асаблівасць прадукцыі, што выпускаецца, — імпартазамяшчэнне. Вырабы не саступаюць па якасці вядомым сусветным брэндам. Гэта цэняць пакупнікі і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў іншых краінах.

Намеснік галоўнага канструктара Аляксандр ЖУКОЎСКІ працуе тут каля 15 гадоў. Ён расказаў, што вытворчасць пастаянна ўдасканальваецца, а наменклатура і тэхналогіі мадэрнізуюцца. Гэта асабліва важна ў век лічбавых тэхналогій: «Пасля спынення паставак некаторых кампанентаў з Еўропы ў многіх прадпрыемстваў узнікла патрэба імпартазамяшчэння. Старыя вырабы пераводзілі на новую элементную базу. Гэта насамрэч вялікая работа. У ліку імпартазамяшчальных тавараў быў цікавы праект па вырабе альтэрнатывы прылады па абеззаражванні вады. Спецыяльная распрацоўка мела на мэце забяспечыць заказчыку поўную ўзаемазамяняльнасць іншага абсталявання, устаноўленага на станцыях ачысткі сцёкавых вод».

Назіраем за вытворчасцю

Пачынаем знаёмства з новым цэхам. Суправаджаць і расказваць пра тонкасці работы пагадзіўся начальнік вытворчасці Аляксей ВЕРАМЕЙ. «Тут размяшчаецца ўчастак зборкі свяцільнікаў рознага прызначэння: вулічных, аўтамабільных, для памяшканняў. Пераважна спецыялізуемся на вырабе для іх электронных кампанентаў і карпусных дэталяў», — расказаў суразмоўца.

Ён таксама паведаміў, што для ўстанаўлення на плату неабходных SMD-кампанентаў (рэзістараў, мікрасхем, святлодыёдаў, стабілітронаў і іншых, якія ўстанаўліваюцца з дапамогай тэхналогіі паверхневага мантажу) існуе пэўны вытворчы цыкл: спачатку наносіцца паяльная паста, пасля гэтага робат устанаўлівае кампаненты і замацоўвае іх. Дарэчы, у гэтым цэху дзве цалкам аўтаматычныя лініі. Тут таксама існуе двухэтапны кантроль якасці: візуальны і электратэхнічны. Галоўны тэхнолаг Максім БЯЗЗУБІН, які пачынаў свой прафесійны шлях менавіта ў гэтым цэху, паведаміў, што кантроль якасці і зніжэння дэфектнасці прадукцыі — прыярытэтная задача: «Калі якасць паяння задавальняе, усе кампаненты прымацаваліся ў неабходным месцы, выраб перадаецца далей. Адмываецца ён шляхам акунання ва ўльтрагукавую ванну — там абястлушчваецца, чысціцца. Усё, можна лічыць, прадукцыя гатовая да здачы заказчыку. Калі не — вяртаецца на дапрацоўку. Для нас важна ўмацоўваць канкурэнтныя пазіцыі ў галіне распрацоўкі святлотэхнічнай прадукцыі».

Важны — кожны

Далей трапляем на ўчастак нарыхтоўкі і зборкі, дзе працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтай катэгорыі работнікаў, а таксама моладзі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Зборшчык радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў Сяргей САКАЛОЎСКІ дрэнна чуе, аднак гэта не з’яўляецца перашкодай для выканання абавязкаў на належным узроўні — ён займаецца зборкай вырабаў, якія прымяняюцца ў абсталяванні для абеззаражвання паветра і вады, асвятлення памяшканняў: «Працую пяць гадоў на прадпрыемстве і адчуваю, што патрэбны», — расказаў мужчына.

Тут жа сустрэлі слесара-зборшчыка Андрэя СТАНКЕВІЧА: «Добра зарэкамендаваў сябе на вытворчай практыцы падчас вучобы ў каледжы, пасля службы ў арміі таксама прыйшоў сюды — спадабалася», — падзяліўся малады чалавек.

Напрыканцы мы трапілі ў аддзел тэхнічнага кантролю. «Фінальны этап праверкі прадукцыі праводзіцца менавіта тут, — адзначыў начальнік вытворчасці. — Даследуем яе на адпаведнасць тэхнічным патрабаванням, стандартам, а таксама на адсутнасць памылак і дэфектаў, перадаём на ўпакоўку».

Але гэта далёка не ўсе ўчасткі — ёсць яшчэ мантажны і механічны цэхі, участак вытворчасці матковых вырабаў, а таксама рэгуліроўкі. На ўсіх робяць агульную справу — якасную прадукцыю, якая адпавядае патрэбам сучаснага айчыннага і замежнага рынкаў.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю