Каталікі і праваслаўныя на тэрыторыі Беларусі жывуць побач з даўніх часоў, як, дарэчы, і мусульмане, іўдзеі, прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Так гістарычна склалася і, напэўна, дзякуючы менавіта гэтаму выкрышталізоўвалася наша славутая талерантнасць, гартаваўся наш выключны менталітэт. Суседзі, у якіх розныя веравызнанні, паважаюць адзін аднаго, сябруюць і ўступаюць у шлюб. І гэты моцны ўнікальны сплаў — неад’емная частка нашага нацыянальнага багацця.
У такой вялікай і дружнай «міжканфесійнай» сям’і вырасла і Аляксандра Мажэйка з Баранавіч, якая цяпер вучыцца ў Гродне. Паколькі бацька дзяўчыны — праваслаўны, а маці — каталічка, усе рэлігійныя святы яны адзначаюцца двойчы. Хіба ж гэта не здорава?! У маёй сям’і таксама раней так было — збіраліся разам, размаўлялі, святкавалі. Па пэўных прычынах гэта стала немагчымым. Таму размова з Аляксандрай вярнула мяне ненадоўга ў цёплае і ўтульнае мінулае...
І так цёпла на душы!..
Дзве найбуйнейшыя галіны хрысціянства — праваслаўе і каталіцызм, якія падзяліліся яшчэ ў 1054 годзе, даўно цесна перапляліся і мірна суіснуюць у сям’і маёй суразмоўніцы. Яе бабуля і дзядуля з боку бацькі таксама адносяцца да розных канфесій — праваслаўнай і каталіцкай адпаведна. І ўжо з таго часу ўсе рэлігійныя святы адзначаліся ў іх сям’і двойчы. Дарэчы, калі вы падумалі, што, паколькі бацька Аляксандры праваслаўны, то яго брат таксама, гэта не так — ён каталік. Бацькі вырашылі: няхай браты будуць розных веравызнанняў. Пра тое, як гэта адбылося, гісторыя замоўчвае, але ж гэта і не галоўнае.

— У нашай сям’і заўсёды пануюць павага і любоў. На святы мы збіраемся вялікай кампаніяй. Родныя едуць з усёй краіны і з-за мяжы, каб правесці час разам. Гэта насамрэч чароўныя моманты, якія я вельмі шаную. Нас у бацькоў пяцёра, і са старэйшай сястрой у мяне розніца ў 15 гадоў. Мы ўсе знаходзімся на розных этапах жыццёвага шляху, але святы дазваляюць правесці час разам, прыгадаць дзяцінства. Збіраюцца і стрыечныя браты і сёстры, цёткі, дзядзькі, хросныя. Гэта сапраўды незабыўныя моманты! Заўсёды вельмі цёпла на душы. Прыемна ведаць, што ў цябе ёсць такая апора.
Адкрыць сэрца свету
Аляксандра — трэцякурсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, яна — будучы журналіст. Размаўляючы з ёй, мімаволі ўспамінала і свае студэнцкія гады, бо я таксама вучылася ў гэтым універсітэце.
— Калі я прыехала ў Гродна, то звярнула ўвагу на тое, што тут шмат рэлігійных канфесій. І атмасфера вельмі прыязная, — успамінае мая суразмоўца. — У інтэрнаце адзін год жылі з дзяўчынай, якая вызнавала іслам. Было цікава пазнаёміцца з традыцыямі і звычаямі гэтай рэлігіі. Я лічу, што вельмі здорава, калі прадстаўнікі розных канфесій і культур мірна жывуць побач, сябруюць.
Гродзеншчына сапраўды ўнікальная сваёй полікультурнасцю. У абласным цэнтры ёсць сінагога, лютэранская кірха, у Іўеўскім раёне — мячэць. Ва ўніверсітэтах рэгіёна вучацца студэнты з усяго свету, знаёмяцца, маюць зносіны. Своеасаблівай кульмінацыяй такога сяброўства народаў становіцца Фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у Гродне раз на два гады.
— У маіх бацькоў ёсць сябры, якія таксама ўсе святы адзначаюць двойчы. І крута, калі падобны погляд на свет будзе ва ўсіх сферах, — лічыць Аляксандра. — Калі ты адкрыеш свету сваё сэрца, свет адкрыецца табе ў адказ. Я з нецярпеннем чакаю, калі паеду дадому, і мы зноў усе разам збяромся ў цёплай атмасферы. І стараюся несці гэту філасофію па жыцці.
Я цалкам згодна з маёй суразмоўніцай, бо не важна, якой ты нацыянальнасці і якога веравызнання, калі размаўляеш на мове сяброўства і любові. І нават калі чалавек не рэлігійны, адзначыць свята з сям’ёй і сябрамі заўсёды прыемна і карысна для душы.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з сямейнага архіва гераіні