Top.Mail.Ru

Як адзначыць Новы год і не «абанкруціцца»?

Калі рытэйлерам святы прыносяць даход, то ў асабістым бюджэце яны (святы), наадварот, могуць зрабіць прыкметную прабоіну. І нават калі вы не плануеце шыкаваць, адзначаючы Новы год, дадатковых затрат — на падарункі, застолле, забавы і да т. п. — усё роўна пазбегнуць цяжка. Дык як сустрэць Новы год і не разарыцца?



Не адкладаць на потым
Навагоднія падарункі — адзін з галоўных артыкулаў расходаў да свята. Іх прыемна выбіраць і дарыць, але расходы, звязаныя з імі, часта абарочваюцца сапраўдным стрэсам. Каб гэтага пазбегнуць, лепш не адкладаць пакупкі на апошні момант, а размеркаваць іх граматна — чым бліжэй да Новага года, тым вышэй ажыятаж, а разам з попытам растуць і цэны. Таму загадзя сплануйце расходы, каб пазбегнуць спантанных пакупак і зэканоміць бюджэт.

Скласці спіс загадзя
Ужо цяпер неабходна скласці спіс усіх запланаваных падарункаў і вызначыць агульную суму затрат. Пры гэтым трэба зыходзіць з даходаў, бягучых штомесячных расходаў і запланаваных буйных пакупак.
Спісы тут спатрэбяцца разнастайныя: людзей, якіх плануеце віншаваць; падарункаў, якія збіраецеся ім уручаць; упрыгажэнняў для дома; прадуктаў для святочнага стала; забаў на канікулы і гэтак далей. І толькі па тых спісах і трэба рабіць пакупкі — гэта дазволіць пазбегнуць лішніх выдаткаў.

Пачынаючы з моманту складання спісу навагодніх пакупак, трэба адсочваць акцыі і распродажы на маркетплэйсах і ў крамах. Акрамя таго, большасць пакупнікоў разлічваюць на «чорную пятніцу» і «кіберпанядзелак». Гэта сапраўды дазволіць выгадна набыць рэчы і тэхніку з калекцый мінулага сезона. А вось высокія зніжкі на новыя мадэлі чакаць не варта.

Калі ў якасці падарунка разглядаюцца ўборы і аксесуары, варта звяртаць увагу на сезонныя зніжкі. Звычайна яны бываюць у лістападзе, але лепш адсочваць інфармацыю на сайтах вытворцаў. Каб нічога не прапусціць, можна загадзя падпісацца на рассылку вядомых брэндаў і крам.
А калі вы дакладна ведаеце, што некаторыя падарункі будзеце ўручаць значна пазней за 31 снежня, то іх больш выгадна набываць ужо ў студзені, калі цэны ў крамах пачнуць зніжацца.

Да сярэдзіны снежня цэны на навагодні дэкор могуць вырасці на 20–30%. Таму такія падарункі можна смела купляць ужо цяпер, тым больш што на маркетплэйсах навагодні і калядны дэкор даступны ў асартыменце круглы год.

Таксама можна разгледзець магчымасць сумесных пакупак. Напрыклад, дарагую тэхніку для бацькоў, такую, як тэлевізар ці робат-пыласос, можна набыць разам з братам ці сястрой.

І памятайце, што каштоўным з’яўляецца не кошт, а ўвага і клопат, укладзеныя ў падарунак. Таму калі фінансава не можаце дазволіць сабе набыццё падарункаў для родных — пацешце іх сюрпрызамі, падрыхтаванымі сваімі рукамі. Не, гэта не банальна. Не, вас не будуць лічыць скнарай. Вам проста трэба прыкласці максімум намаганняў для стварэння такога падарунка. Гэта могуць быць святочныя наборы садавіны, прыгожыя ядомыя букеты, арыгінальныя боксы, духмяныя свечкі, навагоднія ўпрыгажэнні, вязаны шалік і да таго падобнае.

Вызначыць бюджэт
Калі спіс расходаў складзены, вызначцеся, колькі грошай вы гатовы выдзеліць на кожны артыкул.
Калі вы збіраеце святочны стол кампаніяй, добрая парада — загадзя дамовіцца аб кошце падарункаў ці пачастункаў. Калі ўсе патрацяць прыкладна адну суму, гэта дазволіць пазбегнуць няёмкіх сітуацый, калі чыйсьці падарунак аказаўся занадта дарагім, а чыйсьці, наадварот, танным.

Дакладнае планаванне бюджэту дапамагае пазбегнуць імпульсіўных пакупак і даўгоў, робячы падрыхтоўку да свят больш асэнсаванай. У некаторых культурах, напрыклад у Кітаі, распаўсюджана традыцыя дарыць грошы ў спецыяльных канвертах. Такі фармат дарэчны, калі дарыльшчык не знаёмы з перавагамі атрымальніка, упэўнены ў яго станоўчай рэакцыі або ведае, што чалавек збірае на буйную пакупку. Альтэрнатыва — падарункавыя сертыфікаты.

І не забыцца пра сябе
Нярэдка парадаваць падарункам па выніках адыходзячага года хочацца не толькі родных і сяброў, але і сябе. Тым не менш выбар падарунка для сябе лепш адкласці на пачатак студзеня, а рашэнне аб пакупцы прыняць пасля пераднавагодняй эйфарыі.

У цэлым складанне менавіта навагодняга бюджэту не адрозніваецца ад яго вядзення ў любы іншы час: запісвайце ўсе артыкулы расходаў і даходаў, аптымізуйце затраты, не забывайце адкладаць частку, старайцеся траціць менш, чым зарабляеце, пазбаўляйцеся ад лішніх даўгоў (крэдытаў).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю