Top.Mail.Ru

Як аграрыі Гомельшчыны фарміруюць стабфонд

Стратэгічны хар­чо­вы за­пас

Кіраўніцтвам рэгіёна пастаўлена задача — сфарміраваць плодаагароднінны запас у вобласці пад поўную патрэбнасць. Так, у вобласці ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд будзе закладзена больш за 19 тысяч тон бульбы, капусты, морквы, сталовых буракоў, рэпчатай цыбулі і яблыкаў. Больш за 6 тысяч тон прадукцыі прызначана для забеспячэння ўстаноў сацыяльнай сферы і звыш 13 тысяч тон — для гандлёвых арганізацый. Закладку плодаагародніннай прадукцыі ў рэгіёне вядуць 24 прадпрыемствы: 20 сельскагаспадарчых арганізацый і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, а таксама чатыры гандлёвыя арганізацыі.

У папаўненне стабфонду на Гомельшчыне важкі ўнёсак робіць КСУП «Брылёва» Гомельскага раёна. У адной са старэйшых гаспадарак вобласці пад агародніну адведзена 345 гектараў і каля 90 гектараў — пад галоўны беларускі прадукт — бульбу.

Мясцовыя аграрыі плануюць завяршыць падрыхтоўку агародніны для закладкі ў стабілізацыйныя фонды да 15 лістапада.

— Закладка агародніны і бульбы ў стабілізацыйныя фонды патрабуе дакладнай арганізацыі работы яшчэ падчас уборачнай, — адзначае дырэктар КСУП «Брылёва» Аляксандр Сапроненка. — Трэба своечасова сабраць ураджай, адсартаваць яго і падрыхтаваць да захоўвання, каб забяспечыць належную якасць вырашчанай прадукцыі. Сёлета нам даведзена заданне закласці ў стабілізацыйныя фонды 1045 тон агародніны і амаль 884 тоны бульбы, — удакладняе кіраўнік.

Як растлумачыў Аляксандр Сапроненка, аб’ёмы закладкі агародніны і бульбы ў стабілізацыйныя фонды вобласці даведзены гаспадарцы Гомельскім аблвыканкамам, вызначаны і арганізацыі-атрымальнікі. У іх ліку — рэспубліканскія гандлёвыя сеткі і арганізацыі аховы здароўя і адукацыі.

Цяпер у гаспадарцы завяршаюць закладку на захоўванне бульбы, прыступілі да ўборкі позняй капусты і сталовых буракоў. Усяго ў стабфонд будзе закладзена 308 тон капусты, 255 тон морквы, 237 тон сталовых буракоў і 244 тоны цыбулі. Аграрыі цяпер якраз прыступілі да ўборкі буракоў і позніх сартоў капусты. Размесцяць на захоўванне гэтыя віды агародніны да сярэдзіны лістапада. Сёлета ў гаспадарцы атрымалі добры ўраджай цыбулі — на тысячу тон больш, чым летась, ужо адправілі каля 2000 тон на захоўванне, з іх 244 тоны — для стабілізацыйнага фонду. Цалкам ужо заклалі на захоўванне і моркву.

— Пастаўкі прадукцыі гандлёвым арганізацыям і ўстановам-атрымальнікам будзем ажыццяўляць паводле ўзгодненых графікаў. Вызначаны аб’ёмы і канкрэтныя даты адгрузак, што дазваляе выконваць заяўкі ва ўстаноўленыя тэрміны, — звяртае ўвагу намеснік дырэктара КСУП «Брылёва» Наталля Падцерабкова.

Пастаўкі па ўзгодненых графіках пачнуцца з 15 лістапада і ў залежнасці ад віду прадукцыі працягнуцца да канца мая.

У гаспадарцы, дарэчы, асобна фарміруюцца запасы для стабілізацыйнага фонду і аб’ёмы, прызначаныя для ўласнага гандлю ў міжсезонны перыяд. Каб спажыўцы і зімой, і вясной маглі купляць свежую брылёўскую садавіну і агародніну, сельгасвытворцы абавязкова рыхтуюць запасы прадукцыі на продаж у фірменных крамах.

— Каб гарантавана забяспечыць насельніцтва якаснымі прадуктамі, вядома, асаблівая ўвага — першаму важнаму этапу работы, ад якога залежыць, наколькі добра захаваецца прадукцыя да вясны. Гэта сартаванне. Для бульбы, буракоў, цыбулі ў нас выкарыстоўваюцца ўніверсальныя сартавальныя лініі. Наладка абсталявання дазваляе раздзяляць агародніну на фракцыі, у тым ліку адбіраць дробную і нестандартную, якая ідзе на перапрацоўку, — удакладняе Наталля Падцерабкова.

Не менш важная задача для аграрыяў — належным чынам захаваць ураджай. Таму напружаная і адказная работа ў гаспадарцы цяпер працягваецца ў сховішчах для агародніны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю