Вялікі гранітны крыж узвышаецца над гарой з валуноў — іх узялі з падмуркаў храмаў Івацэвіцкага раёна, якія былі спалены ці моцна пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А цяпер яны — частка ўнікальнага мемарыяла ў вёсцы Бабровічы.
Тут вырашылі аддаць даніну памяці знішчаным вёскам раёна, стварыўшы вось такі непаўторны народны мемарыял на месцы колішняга храма. Праект «Камень жыцця» ажыццяўляўся пры ўдзеле Целяханскага сельвыканкама і Епархіяльнага місіянерскага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы ў Бабровічах — дзеля духоўнага адраджэння краю. А гэтая вёска — сімвал аднаўлення.
Тут вырашылі аддаць даніну памяці знішчаным вёскам раёна, стварыўшы вось такі непаўторны народны мемарыял на месцы колішняга храма. Праект «Камень жыцця» ажыццяўляўся пры ўдзеле Целяханскага сельвыканкама і Епархіяльнага місіянерскага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы ў Бабровічах — дзеля духоўнага адраджэння краю. А гэтая вёска — сімвал аднаўлення.
У яе гісторыі ёсць трагічныя старонкі. У верасні 1942 года падчас карнай аперацыі «Балотная ліхаманка» Бабровічы былі спаленыя разам з амаль усімі жыхарамі. Побач былі цалкам знішчаны і суседнія вёскі — Вяда, Красніца, Тупічыцы. Агулам згарэлі 1280 чалавек... З гэтых чатырох вёсак пасля вайны змаглі вярнуцца да жыцця толькі Бабровічы, дзе захаваная памяць пра ўсіх ахвяр гэтага рэгіёна ў каменным мемарыяле.
У яго аснове, у прыватнасці, — камяні з падмурка страчанага храма Казанскай іконы Божай Маці з вёскі Аляксейкі (1868 года пабудовы). Храм моцна пацярпеў падчас вайны і яго разабралі. Але зямля захавала памяць пра святыню — дзякуючы падмурку, на якім яна трымалася. Таксама і ў Бабровічах, дзе быў храм (1867 года) у гонар Святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы. Вось тут і вырашылі збіраць камяні ў літаральным і ў метафарычным сэнсе.
— Першапачаткова ідэя была ў тым, каб прывезці тры камяні — з храмаў тых вёсак, што так і не аднавіліся, а на чацвёртым узняць крыж як сімвал жыцця саміх Бабровічаў. А ўжо калі пачалі шукаць камяні, то зразумелі: іх будзе значна больш. Мемарыял складзены з камянёў, што былі ў падмурках 9 разбураных цэркваў нашага раёна. Няхай храмы не захаваліся, але кожны аддаў сваю часцінку ў нашу сімвалічную «гару памяці», — кажа протаіерэй Віталій Кот, настаяцель прыхода ў гонар вялікапакутніка Георгія Перамаганосца ў вёсцы Яглевічы. — Кожны камень падымалі, мылі — бачна, што ўсе яны былі апрацаваныя людзьмі. Таму гэта яшчэ і памяць пра нашых продкаў, пра людзей, якіх трымала вера, яна ж заклала волю змагацца і выжываць, і выжыць у немагчымых умовах. Тут мы хочам стварыць наш «палескі Афон» праз адмысловы праект, звязаны з малітоўнай памяццю пра спаленыя вёскі. У Бабровічах — адпраўны пункт. А ў гонар кожнай з трох вёсак, якія не аднавіліся, мы хочам стварыць маленькую капліцу на аднаго чалавека і келлю для аднаго паломніка, дзе можна пабыць са сваімі думкамі.
Дзеля гэтага быў і задуманы маладзёжны місіянерскі цэнтр, у арганізацыі якога напачатку вельмі дапамаглі валанцёры. Разам з бацькам гэтай справай займаюцца цяпер і сыны айца Віталія — юнакі адчуваюць, чым зачапіць моладзь. Усё дзеля таго, каб сюды прыязджалі юныя нашчадкі тых беларусаў, якія адваявалі нам жыццё. Каб цягнуліся людзі, якія шукаюць апірышча ў жыцці (з рознай ступенню далучанасці да царквы). А для інклюзіўнай групы на тэрыторыі цэнтра створана безбар’ернае асяроддзе. Планаў шмат: акрамя арганізацыі паломніцкіх маршрутаў тут могуць прапанаваць лазню, рыбалку, збіраюцца стварыць куточак нацыянальнай кухні. У вялікім корпусе камфортныя пакоі для жыцця з поўным наборам выгод, што важна для цяперашніх людзей, — такім чынам рэканструявалі былую школу. Нібыта святая воля была ў гэтым: пад будынак сыходзіць палова былой царквы.
— Калі храм разбураецца, то анёл-ахоўнік усё роўна застаецца на яго месцы. Мы быццам бы адчулі гэты цуд: задумалі, што над дахам цэнтра павінен узвышацца анёл, яшчэ нават не ведаючы дакладна, дзе быў храм... — тлумачыць айцец Віталій. — Маё асабістае адчуванне гэтага месца —заставацца сам-насам з Богам.
Мясціны гэтаму спрыяюць, натхняючы на цікавыя вандроўкі і развагі пра сэнс жыцця. Вёска Бабровічы хоць і адна з найстарэйшых у раёне (вядзе гісторыю з 1401 года), але па сутнасці «палеская самотніца»: вакол балоты і лясы, і больш ніякіх населеных пунктаў у радыусе 11 кіламетраў. Затое недалёка вялікае возера з маляўнічымі берагамі. На яго беразе яшчэ ў часы князя Вітаўта з’явіўся першы ў гэтай мясцовасці храм святой Параскевы Пятніцы (цяпер пра яго нагадвае капліца-помнік). Тут наогул шануюць сваю мінуўшчыну, напрыклад, дзякуючы прыватнай калекцыі «Стараселле», што змяшчае прадметы з побыту продкаў. Магчыма, шмат чаго з даўніх часоў памятае вялікі дуб, які стаіць на мясцовых могілках каля 600 гадоў. У лесе растуць рэліктавыя сосны.
А на астравах сярод балот многа курганоў яшчэ дахрысціянскага паходжання. У гады вайны астравы Барсукі, Борын, Доўгі сталі прыстанкам партызан. У памятныя для Беларусі дні айцец Віталій арганізоўвае для моладзі экспедыцыі па мясцінах, звязаных з гісторыяй спаленых вёсак.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара