Top.Mail.Ru

Як апрануцца, каб не «згарэць» на рабоце?

Нягледзячы на сонейка за акном, працоўныя будні ніхто не адмяняў. Нават калі ваша прафесія мае на ўвазе строгі дрэс-код, лета ўсё ж — заўсёды крыху пра свабоду. І зараз мы раскажам, як скласці жаночы офісны гардэроб, каб у пэўным сэнсе не «згарэць» на рабоце.



Не парся!

У краінах, дзе слупок тэрмометра большую частку года не апускаецца ніжэй за +30, людзі даўно зразумелі перавагі закрытага адзення: у шортах і топіках тут не пабегаеш. Звяртаемся па натхненне да этнічных матываў спякотных краін. Тым больш што «боха» (а гэты стыль па азначэнні ўключае этнічныя ноткі) цяпер на піку папулярнасці. Выбіраем закрытыя рэчы з натуральных — абавязкова натуральных — тканін: лён, бавоўна, віскоза дадуць магчымасць адчуваць сябе камфортна ўвесь працоўны дзень. Яшчэ адно карыснае запазычанне — свабодны крой. Доўгія спадніцы, штаны-палаца, бязважкія шаўковыя блузы — усё гэта актуальна летам-2025, будзе дарэчным у офісе і не дасць спарыцца.

Дзелавы касцюм? Чаму б і не. Ён, дарэчы, можа быць не толькі са штанамі, але і са спадніцай — варыянтаў сёння мноства і на маркетплэйсах, і ў мас-маркеце, і ў дызайнерскіх калекцыях. Але летам касцюм лепш выбіраць у светлых тонах. Бонус: гама пастэльных, у адрозненне ад насычаных глыбокіх колераў, лёгка спалучаецца паміж сабой. Найбольш актуальны колер гэтага лета — пяшчотны і асвяжальны «сметанковы». Калі хочацца больш строгага вобраза, яго рэкамендуецца спалучаць са «смачным» шакаладным, а нябесна-блакітны, яшчэ адзін трэндавы колер летняга сезона, выдатна дапоўніць глыбокі бардо. Далікатныя, ненасычаныя адценні — вядомы спосаб візуальна «скінуць» пару-тройку гадоў: яны дапамагаюць «адцяніць» твар, зрабіўшы ўсе лініі больш тонкімі, чыстымі, лёгкімі і свежымі. Дарэчы, штаны ў пастэльных тонах, у адрозненне ад белых, зрокава не дададуць непатрэбныя аб’ёмы на таліі і сцёгнах.

офис 1.jpg

Яшчэ адзін колер гэтага летняга сезона — ружовы. Яго нашы жанчыны пабойваюцца, лічачы занадта дзявочым. І дарэмна. Галоўнае — выбраць «свой» пастэльны ружовы. Ён бывае, як вядома, з халодным падтонам (прысутнасць сіняга «флёра») або з цёплым (наяўнасць чырвонага «флёра»). У Беларусі найбольш распаўсюджаны колератып — «Лета», яму падыходзяць халодныя адценні (адпаведна, выбіраем «халодны» ружовы). Класічнае летняе спалучэнне — ружовы + белы. Але калі вам здаецца, што так вы падобныя да пірожнага, спалучайце ружовы з далікатным, жамчужным шэрым (яго, як і карычневую гаму, ужо не першы сезон дызайнеры называюць «новым чорным»).

Мода-модай...

Аксесуары ў гэтым летнім сезоне іграюць першую скрыпку — з дапаўнення да вобраза яны ператварыліся ў «галоўных герояў» модных лукаў. Але не забываем, што летам усё ж значна цяплей, чым зімой, нават калі лета не надта спякотнае. Таму багацце аксесуараў будзе стамляць: скура пацее — лішак упрыгажэнняў створыць дыскамфорт. Няякасная танная біжутэрыя можа пакідаць на скуры каляровыя сляды і нават стаць прычынай раздражнення. Яркі акцэнт у вобраз можна дадаць, напрыклад, з дапамогай шаўковай хусткі — на шыі або на запясці замест бранзалета. Завушніцы-«цвічкі», некалькі тоненькіх пярсцёнкаў — у офіс гэтага дастаткова.

І тут хочацца зрабіць лірычнае адступленне.

На светлым баку

Нават калі вы шчаслівая ўладальніца ідэальнай фігуры, рэчы ў абцяжку лепш адкласці да восені. Асабліва — са штучных тканін. Так, сукенкі з эка-скуры ў трэндзе, але нават у прахалодны летні дзень у такой трэндавай сукенцы вы будзеце адчуваць сябе як у цэлафанавым пакеце. Прыбіраем да восені адзенне з віскозы, поліэстэру, поліаміду. Лепш (калі ў вас яе яшчэ няма) набыць ільняную кашулю свабоднага крою — напрыклад, ад айчынных дызайнераў. Прасаваць такую кашулю, дарэчы, не абавязкова (нягледзячы на дрэс-код). «Высакародная змятасць» лёну сёння трэнд па ўсім свеце. «Мнецца — значыць, натуральнае!» — сцвярджаюць стылісты. Увогуле, натуральная льняная кашуля — свайго роду сімвал «ціхага люкса» і экалагічнасці. Носім яе са штанамі-палаца, строгай офіснай спадніцай і топам, з сукенкай-футаралам другім пластом. Не жадаеце «высакароднай змятасці» — набудзьце льняную кашулю з даданнем віскозы ці бавоўны.

Яшчэ адзін must have «працоўнага» летняга сезона, які, дарэчы, праслужыць вам доўгія гады, — шырокія штаны. Вядома ж, светлыя. Яны могуць быць нават у модным цяпер піжамным стылі (калі, зразумела, дрэс-код у вас на рабоце не надта строгі). Хоць ёсць сэнс выбраць такія са стрэлкамі і з лёгкага касцюмнага матэрыялу. Ключавое слова тут — шырокія, а даўжыня вітаецца любая: і да шчыкалаткі, і тая, што закрывае абцас. Белыя палаца — гэта, вядома, шыкоўна, але не вельмі практычна (ды і прыгожа выглядаць такія штаны будуць далёка не на кожнай фігуры). Таму выбіраем бэжавыя, светла-шэрыя або ў актуальнай «сметанковай» гаме. Носім з класічнымі лодачкамі або балеткамі, а ў выхадныя — з кедамі або сандалямі.

Яшчэ адна «палачка-ратавалачка» летняга офіснага гардэроба — спадніца-мідзі. Тканіна, фактура, крой — на ваша меркаванне, даўжыня — да сярэдзіны лыткі або трохі ніжэй за калена. У трэндзе сілуэт «трапецыя» або мадэлі з запахам. Носім з класічнай футболкай-«цішоткай» або з кашуляй. Ну і куды ж у гэтым сезоне без камізэлькі?! Яна — універсальны ключ да стыльных шматслаёвых летніх вобразаў. Аднак можна насіць камізэльку самастойна, як топ — і гэта ідэальнае рашэнне для спякотных дзён. Выбіраем мадэлі з віскозы, лёну ці бавоўны. Камізэлька імгненна «збярэ» вобраз і дадасць у яго «вертыкаль», візуальна выцягнуўшы сілуэт.

І, нарэшце, абмяркуем пастаяннае набалелае летам (калі на рабоце існуе дрэс-код) пытанне абутку. Любы офісны стыль забараняе шлёпанцы, сандалі, «в’етнамкі». Выручаць тэкстыльныя туфлі. Варыянтаў сёння мноства — ад лофераў да «лодачак». Тэкстыльны верх і баваўняная сцелька забяспечваюць цыркуляцыю паветра, таму вы будзеце адчуваць лёгкасць, нават калі кандыцыянера ў вас у офісе няма.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю