Як арганізавана часовая занятасць для моладзі, расказаў журналістам начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко, перадае БелТА.
Сяргей Кацко падкрэсліў: практыка апошніх гадоў паказвае, што сярод моладзі расце попыт на часовую працоўную занятасць. «За мінулы год пры садзейнічанні службы занятасці было працаўладкавана больш як 55 тыс. маладых людзей, у асноўным гэта непаўналетнія», — адзначыў ён.
Начальнік адзначыў, што работа па стварэнню працоўных умоў для моладзі вядзецца пастаянна, а асабліва актыўна напярэдадні летніх канікул.
Так, у краіне маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць усяго 23 гадзіны на тыдзень, тады як падлеткі, якім больш за 16 гадоў, могуць адпрацаваць максімум 35 гадзін. «Штодзённая нагрузка размяркоўваецца наступным чынам: школьнікі, якім яшчэ няма 16 гадоў, у канікулы могуць працаваць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, а старэйшыя падлеткі — да 7 гадзін. У час навучальнага працэсу працоўны дзень істотна скарачаецца: малодшым навучэнцам дазваляецца працаваць толькі 2 гадзіны 18 хвілін за суткі, старшым школьнікам — да 3 гадзін 30 хвілін», — расказаў Сяргей Кацко. Ён дадаў, што зарплата падлеткаў, нягледзячы на скарочаную працягласць рабочага часу, павінна выплачвацца ў такім жа памеры, як работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай работы.
Таксама, каб пашырыць перспектывы працаўладкавання моладзі зімой і вясной сёлета быў пашыраны пералік лёгкіх відаў працы, дазволеных асобам ад 14 да 16 гадоў. «Раней у ім было 17 пазіцый, зараз іх колькасць павялічылася да 23. Цяпер рабяты могуць заняцца дастаўкай прадуктаў і тавараў дадому, выконваць элементарныя работы па разборцы і зборцы механізмаў, зборцы мэблі з прымяненнем простага слясарнага інструмента, працаваць фларыстамі і гэтак далей», — расказаў начальнік.
Акрамя таго, быў абноўлены спіс прафесій, забароненых для асоб маладзейшых за 18 гадоў. «Цяпер у яго ўключаны канкрэтныя прафесіі, што прасцей і для бацькоў, і для наймальнікаў. Дзякуючы ўнесеным зменам стала магчымым прыцягнуць дзяцей да выканання многіх відаў дапаможных работ, звязаных з асноўнымі вытворчымі працэсамі прадпрыемстваў. Такім чынам, выбар заняткаў для падлеткаў павялічыўся прыкладна на 160 прафесій», — расказаў Сяргей Кацко.
Ён адзначыў, што ўжо за першыя чатыры месяцы бягучага года служба занятасці дапамагла працаўладкавацца больш як 8,5 тыс. дзяцей. Гэта амаль на 2 тыс. чалавек болей, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года.
Міністэрства таксама плануе летам запусціць новы праект «Час добрых спраў». У яго рамках часовыя працоўныя месцы будуць арганізаваны для дзяцей у розных сацыяльных установах краіны, уключаючы тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання і пансіянаты.
«Наша галоўная задача — стварыць умовы, каб рабяты маглі не толькі папрацаваць і зарабляць, але і паўдзельнічаць у грамадска-карысных справах, адчуць адказнасць і праявіць ініцыятыву. Спадзяемся, што гэты досвед стане для кагосьці пачаткам будучай прафесійнай кар’еры ў сістэме сацыяльнай абароны», — адзначыў начальнік.