На наступным тыдні ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы будзе працаваць дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў. Пра планы і сэнсы гэтай творчай паездкі расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч.
— Апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў былі даволі інтэнсіўнымі ў наладжванні новых стасункаў беларускай і кітайскай пісьменніцкіх супольнасцяў, — заўважыў наш суразмоўца. — У лютым 2015 года, калі па запрашэнні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь КНР была краінай — ганаровым госцем Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, у Мінску прайшоў беларуска-кітайскі пісьменніцкі форум. Ён стаў сапраўднай кропкай адліку ў развіцці, ва ўзнаўленні літаратурных адносін паміж нашымі краінамі.
— І што канкрэтна за гэты час зроблена?
— У розных кніжных выдавецтвах Беларусі, найперш у Выдавецкім доме «Звязда» і выдавецтве «Мастацкая літаратура», выдадзена даволі шмат кніг класічнай і сучаснай кітайскай літаратуры ў перакладзе на беларускую і рускую мовы. Сапраўднай з’явай стала серыя паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая», у якой пабачылі свет кнігі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Мэн Хаажаня, Лі Цзінжаа, Вэнь Ідо, Ван Гачжэня, Сюй Чжыма... Быў створаны Міжнародны рэдакцыйны савет серыі, у які паўнапраўнымі дарадцамі ўваходзілі і кітайскія перакладчыкі і літаратуразнаўцы: Гаа Ман, Чжан Хуэйцін, Ся Чжунсянь... Асобна выйшлі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь анталогіі кітайскай паэзіі — «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая» і «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя». Перакладчыкам у гэтых двух апошніх праектах выступіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. За кнігу «Пад крыламі дракона», якая, дарэчы, была выдадзена ў «Звяздзе» накладам 2 500 экзэмпляраў, пісьменнік быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва. Мікола Мятліцкі пераўвасобіў на беларускую мову і вялікую кнігу паэзіі Ай Ціна «Гімн святлу».
— У нас ёсць мастацкія перакладчыкі, якія працуюць з арыгінальнымі кітайскімі тэкстамі?
— Апошнія зборнікі серыі «Светлыя знакі...» выходзілі на дзвюх мовах — па-беларуску і ў арыгінале, па-кітайску. Дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы згрупавалі вакол сябе даволі шырокі актыў маладых перакладчыкаў: і з факультэта міжнародных адносін і філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, а таксама з Беларускага ўніверсітэта замежных моў. Пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ выйшлі і спецыяльныя «кітайскія нумары» часопісаў «Маладосць» і «Нёман» ( у «Нёмане» былі змешчаны пераклады твораў маладых кітайскіх пісьменнікаў на рускую мову). Дарэчы, двойчы ў «Звяздзе» мы правялі сустрэчы з маладымі кітайскімі паэтамі, якія на той час навучаліся ў БДУ. Плёнам тых творчых сустрэч сталі публікацыі іх вершаў у перакладзе на беларускую мову на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» і ў часопісе «Беларусь».
— Ці ведаюць сучасную беларускую літаратуру ў Кітаі?
— Літаральна ў самыя апошнія гады пабачылі свет пяць кніг з творамі сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў: два калектыўныя зборнікі і тры арыгінальныя кнігі. Сярод іх нельга не вылучыць ёмісты том апавяданняў, аповесцяў і вершаў лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся Бадака. Перакладчыкам з’яўляецца супрацоўнік Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў вядомы славіст Хань Сяае. Дарэчы, ён падрыхтаваў на кітайскай мове вялікую кнігу Янкі Купалы і Якуба Коласа, якую мяркуе выдаць да 145-годдзя нашых класікаў. Увогуле хацелася б адзначыць, што Другі Пекінскі ўніверсітэт замежных моў, на адной з пляцовак якога адкрыты помнік Купалу, з’яўляецца трывалай платформай беларуска-кітайскіх літаратурных зносін. Аснову гэтаму заклала доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь.
— Якія планы і спадзяванні на сёлетнюю паездку? Якія сустрэчы мяркуеце правесці?
— Мы ўдзячны Пасольству Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь за дэталёвую прапрацоўку творчай паездкі і складанне яе насычанай праграмы. Будуць праведзены перамовы са старшынёю Саюза пісьменнікаў Кітая Чжанам Хунсэнем. Удзел з кітайскага боку прымуць сакратар Сакратарыята Саюза пісьменнікаў Кітая Чэнь Эрхау і дырэктар адзела знешніх сувязяў Чжан Хунбінь. Чжан Хусэнь — вядомы празаік, аўтар раманаў «Сонца і змяя», «Начальнік цэха» іншых твораў, якія карыстаюцца папулярнасцю у кітайскага чытача. Адбудзецца сустрэча з генеральным дырэктарам Кітайскай выдавецкай групы Маа Юаньшэнем.
Наша дэлегацыя пабывае і ў Шанхаі, дзе правядзём перамовы з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Шанхая, сустрэнемся з рэдакцыяй часопіса «Мэн’я». У Шанхаі наведаем Цэнтр беларускіх даследванняў Усходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта, дзе кіраўніком працуе дасведчаны славіст, добры сябра Беларусі Бэй Вэньлі. Ён не аднойчы выступаў з інтэрв’ю ў беларускіх медыя, уважліва сочыць за сучасным літаратурным працэсам у нашай краіне. З сабою мы вязём рукапісы твораў беларускіх паэтаў і празаікаў. Спадзяёмся выйсці на пэўную канкрэтыку па выданню новых кніг беларускіх аўтараў у Кітаі, непасрэдна ў Шанхаі. Прэзентуем для кітайскіх выдаўцоў і ўніверсітэцкіх славістаў анталогію аднаго верша Янкі Купалы «Беларускім партызанам» на мовах народаў свету«, яна толькі што выйшла ў выдавецтве «Беларусь». Пад адной вокладкай сабраны пераклады на 55 моў. Неўміручы купалаўскі твор, напісаны ў верасні 1941 года як заклік да змагання з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, гучыць са старонак кнігі і на кітайскай мове. Перакладчык — згаданы сябра беларускай літаратуры Хань Сяае.
— Сёння тыражы папяровых выданняў усё меншыя ў параўнанні з ранейшымі дзесяцігоддзямі. Магчыма, тое, што робіцца на ніве мастацкага перакладу, не становіцца шырока вядомай з’явай і па гэтай прычыне...
— З гэтым нельга не пагадзіцца. Таму будзем разам з кітайскімі калегамі шукаць не толькі мастацкія навацыі, але і шляхі, тэхналагічныя рашэнні для прадстаўлення нашых літаратур у лічбавай прасторы.
Гутарыў Раман Сэрвач