«За час адхілення ад міжнародных стартаў, мы не толькі не страцілі, але нават і прыраслі», — такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў, старшыня Беларускай федэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў. Апошнія чатыры гады былі бадай ці не самым складанымі ў гісторыі айчыннага баскетболу: спачатку пандэмійныя абмежаванні і адразу за імі — міжнародныя санкцыі. Трымацца на плаву і развівацца ў такіх умовах надзвычай складана, але баскетбол здолеў. Вынікі гэтай вялікай працы падводзілі на справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі баскетболу.
«За гэтыя чатыры гады зроблена было нямала. Упэўнены, было б зроблена больш, калі б не ў свой час пандэмія, потым забарона на ўдзел нашым камандам у міжнародных спаборніцтвах. Такія рашэнні нашы каманды злавілі на піку формы і хлопцы, і дзяўчаты выступалі на высокім узроўні», — адзначыў Максім Рыжанкоў.
І сапраўды да гэтых рашэнняў беларускі баскетбол «грымеў» на міжнароднай арэне. У 2021 годзе у баскетболе 3×3 жаночая зборная U-17 стала бронзавым прызёрам Кубка Еўропы, мужчынская зборная U-18 заваявала такія ж медалі на Кубку свету. На піку была нацыянальная жаночая зборная па баскетболе, у 2022 годзе нашы дзяўчаты займалі 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, і 6-е — у еўрапейскім. Пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай жаночая зборная Беларусі заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы-2021 і выйграла адборачныя матчы да чэмпіянату Еўропы-2023, абыграўшы суперніц з Чэхіі і Нідэрландаў. Мужчынская зборная ўпершыню ў гісторыі згуляла ў асноўнай кваліфікацыі чэмпіянату свету-2023. Падапечныя Расціслава Вяргуна занялі першае месца ў групе, атрымаўшы важную перамогу над камандай Турцыі, а затым уступіўшы Грэцыі, але не страціўшы статус лідара. У другім туры трэба было згуляць два матчы з камандай Вялікабрытаніі, але гульні былі адменены. І ў асноўны раўнд чэмпіянату свету ўпершыню ў гісторыі выйшлі англічане. А маглі б беларусы...
«Мы вельмі верылі ў нашых спартсменаў. Але атрымалася тое, што атрымалася. І ўвесь гэты час мы працавалі над тым, каб умацаваць федэрацыю, каб не згубіць юнацкі і дзіцячы спорт. Разам з нашымі партнёрамі і спонсарамі ўкладваліся ў развіццё спартыўнай інфраструктуры. Мы нарасцілі намаганні па падрыхтоўцы судзейскага корпуса, трэнерскага корпуса. — адзначыў Максім Рыжанкоў. — Трэнер нашай мужчынскай зборнай Расціслаў Вяргун — адзін з лепшых трэнераў Адзінай лізе ВТБ. На мой погляд, самы лепшы, таму што пры тых чалавечых і фінансавых магчымасцях і рэсурсах, якія ў яго ёсць, ён робіць проста неверагодныя рэчы. І гэта таксама паказвае, што выбар быў зроблены слушны».
Старшыня БФБ заўважыў, што акцэнт робіцца на развіццё баскетболу 3×3. І ў гэтым ёсць рэзон. Менавіта жаночая зборная па баскетболу 3×3 атрымала права выступіць на першым Алімпійскім кваліфікацыйным турніры і пазмагацца за магчымасць патрапіць на Токіа-2020. у 2021 годзе наша каманда паспяхова прайшла групавы этап і патрапіла ў чвэрцьфінал, дзе саступіла камандзе ЗША, укамплектаванай топавымі баскетбалісткамі жаночай НБА, якія і сталі чэмпіёнкамі алімпійскіх гульняў. Міжнародны алімпійскі камітэт па выніках Токіа-2020 высока ацаніў патэнцыял новага віду спорту, зараз у баскетболе 3×3 у фінале Гульняў за месцы на п’едэстале будуць змагацца ўжо не 8, а 12 каманд. У выпадку вяртання на міжнародную арэну ў нашых зборных ёсць добрыя шансы пазмагацца на пуцёўку на Алімпіяду.
Напрыканцы 2024 года ў Калузе (Расія) адбыліся матчы Суперфіналу Адзінай Кантынентальнай Лігі 3×3, па выніках якіх жаночая зборная 3×3 «Беларусь» і салігорскі «Шахцёр» заваявалі срэбра шостага сезона Лігі. Суперфінал з’яўляўся вырашальным турнірам шостага сезона ЕКЛ 3×3. У ім бралі ўдзел лепшыя каманды рэгулярнага чэмпіянату, а таксама калектывы з краін Еўропы і Азіі. І гэта толькі самыя громкія вынікі баскетболу 3×3. Амаль на кожным турніры гэты від спорту прыносіць краіне медалі. Чаго толькі вартыя ІІ Гульні краін СНД, якія прымала Беларусь у 2023 годзе. Нашы спартсмены заваявалі медалі ўсіх проб: мужчынская зборная «Беларусь-1» заваявала золата, жаночая зборная «Беларусь-1» — серабро, мужчынская каманда «Беларусь-2» і жаночая «Беларусь-2» сталі бронзавымі прызёрамі. Максім Рыжанкоў тады назваў такі вынік фурорам. Можна вельмі доўга казаць пра патэнцыял баскетболу 3×3. Але найбольш красамоўнымі будуць такія факты.
«Мы і далей будзем развіваць гэты від спорту, як найбольш любімы ў гледачоў, дынамічны, як від, які прыцягвае вялікую ўвагу да баскетбола», — запэўніў старшыня БФБ.
Развіваюцца і новыя віды баскетболу. Напрыклад, фіджытал-баскетбол. Беларусы не разгубіліся на Гульнях будучыні, якія праходзілі ў 2024 годзе ў Казані. З 2023 года аб сабе заявілі баскетбалісты на інвалідных калясках.
«Нічога не цураемся і нарошчваем мускулы, каб быць канкурэнтаздольнымі да таго часу, калі будзе прынятае станоўчае рашэнне аб нашым вяртанні на міжнародную арэну. Наогул такога кшталту размовы ўсё часцей гучаць. Асабліва ўзмацняюцца з абраннем новага прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта. І мы спадзяемся, што гэтыя рашэнні не за гарамі», — падсумаваў Максім Рыжанкоў.
Падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі міністр замежных спраў адзінагалосна быў абраны старшынёй Беларускай федэрацыі баскетболу. Але, як расказаў Максім Рыжанкоў, зараз федэрацыя знаходзіцца ў пошуку новага кіраўніка.
«Чым больш займаюся міжнароднымі справамі ў Міністэрстве замежных справаў, тым менш часу застаецца на баскетбол. Таму мы ў актыўным пошуку новага кіраўніка федэрацыі, яго намеснікаў. — растлумачыў ён. — І ў сувязі з тым, што падышоў тэрмін выбараў і няма магчымасці аператыўна падабраць сур’ёзнага чалавека на адказную грамадскую пасаду, прынятае рашэнне, што Выканкам федэрацыі працягне працу ў ранейшым складзе на часовы перыяд, у рамках якога адбудзецца выбар пераемніка і прадстаўленне яго баскетбольнай грамадскасці як кандыдата на пасаду старшыні. Кіраўнік дзяржавы гэту пазіцыю падтрымаў і паставіў шэраг задач перад кіраўніцтвам федэрацыі з прыцягненнем магчымасцей МЗС па развіццю спорту і максімальнаму ўключэнню баскетбола ў міжнародныя мерапрыемствы. Таму ў бліжэйшы час мне трэба будзе засяродзіцца на пытаннях пошуку пераемніка і выкананні задач, пастаўленых Прэзідэнтам».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА