Top.Mail.Ru

Як Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт адказвае на выклікі часу

Інжынеры будучыні

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт працягвае развівацца як адзін з ключавых адукацыйных цэнтраў краіны, арыентуючыся на патрэбы рэальнага сектара эканомікі, міжнароднае супрацоўніцтва і падрыхтоўку запатрабаваных спецыялістаў.

Ужо ў бягучым годзе ў БНТУ з’явіцца новая адукацыйная траекторыя — на факультэце транспартных камунікацый адкрываецца спецыяльнасць, звязаная з дарожна-будаўнічай і пад’ёмна-транспартнай тэхнікай. Як адзначыў рэктар універсітэта Сяргей ХАРЫТОНЧЫК, яе з’яўленне абумоўлена канкрэтным запытам прамысловасці.

Першы набор на новую спецыяльнасць плануецца ў рамках бягучай уступнай кампаніі. Мяркуецца, што група будзе камплектавацца ў звыклым фармаце — каля 25 чалавек, якія па выніках навучання атрымаюць кваліфікацыю «Інжынер-механік».

Разам з тым нязменна высокім застаецца попыт на шэраг традыцыйных кірункаў. Сярод іх — прамысловае будаўніцтва, энергетыка, галіновая эканоміка. Стабільна папулярнымі застаюцца архітэктура і інфармацыйныя тэхналогіі.

Усяго ў гэтым годзе БНТУ плануе прыняць 3 828 першакурснікаў. Пры гэтым асноўная частка месцаў — 3 173 — фінансуецца за кошт бюджэту дзяржавы. Набор будзе ажыццяўляцца па 56 спецыяльнасцях на 16 факультэтах. План мэтавага набору пакуль не зацверджаны, аднак чакаецца, што гэта будзе каля 600 чалавек.

Актыўна развіваецца і міжнароднае супрацоўніцтва. У найбліжэйшай перспектыве БНТУ разлічвае пачаць набор на факультэт кітайскіх тэхналогій, які ствараецца сумесна з Паўночна-Усходнім універсітэтам Кітая. Плануецца, што там будуць навучацца не толькі беларускія і кітайскія студэнты, але і прадстаўнікі іншых краін. Асноўная мэта — асваенне сучасных тэхналагічных рашэнняў і іх далейшае прымяненне ў эканоміцы.

Паралельна пашыраецца супрацоўніцтва з расійскімі ВНУ. У гэтым годзе плануецца запуск сумеснай адукацыйнай праграмы з Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя М. Э. Баўмана, якая прадугледжвае атрыманне двух дыпломаў. Бакі ўжо рыхтуюць канчатковыя вучэбныя планы.

Замежныя студэнты таксама актыўна выбіраюць БНТУ, арыентуючыся на патрэбы сваіх краін. Напрыклад, прадстаўнікі Узбекістана аддаюць перавагу будаўнічым і архітэктурным спецыяльнасцям, кітайскія студэнты — машынабудаванню і аўтамабільнай галіне, спецыяльнасцям, звязаным з галіновай эканомікай, а выхадцы з афрыканскіх краін — прыборабудаванню.

Важным фактарам пры выбары ўніверсітэта становіцца і яго пазіцыя ў міжнародных рэйтынгах — БНТУ ўваходзіць у першую тысячу ВНУ свету. Акрамя таго, адукацыйныя праграмы рэалізуюцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — ва Узбекістане, Таджыкістане, Кітаі і Расіі.

Такім чынам, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт сёння — гэта не толькі якасная адукацыя, але і платформа для інтэграцыі навукі, вытворчасці і міжнароднага супрацоўніцтва, дзе рыхтуюцца спецыялісты, запатрабаваныя як у Беларусі, так і за яе межамі.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю