Top.Mail.Ru
144

Як беларускія ўрачы лечаць праблемы са сном?

Новыя методыкі дыягностыкі і лячэння парушэнняў сну ўкараняюць у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Каб выявіць праблему, дастаткова прайсці абследаванне ў спецыяльнай лабараторыі. Да пацыента тут падключаецца больш за шэсць дзясяткаў датчыкаў, якія раскажуць урачу, чаму чалавек у сне храпе, чаму ў яго ўначы збіваецца рытм сэрца ці спыняецца дыханне.


Залаты стандарт

Праблемы са сном набылі вялікія маштабы пасля ковіднай інфекцыі, калі пацыенты перанеслі эмацыянальныя і фізічныя траўмы. Акрамя таго, пасля пандэміі многія сталі больш уважліва ставіцца да свайго здароўя. Звяртаюцца да ўрачоў з рознымі пытаннямі: праблемамі з засынаннем, начнымі абуджэннямі, парушэннямі рытму сэрца ў сне, уздрыгваннямі, храпам, спыненнем дыхання. І кожны пацыент — своеасаблівая загадка, якую трэба разгадаць урачу.

— Спачатку мы праводзім кансультатыўны прыём, апытваем пацыента, каб правільна прызначыць даследаванні, калі гэта патрэбна, — расказвае ўрач — неўролаг-самнолаг Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кандыдат медыцынскіх навук Аляксей Малкоў. Пры гэтым, каб звярнуцца да ўрача-самнолага, не патрэбна накіраванне.

Нярэдка падчас кансультацыі доктару ўжо зразумелыя прычыны парушэнняў сну і няма неабходнасці прымяняць функцыянальныя метады дыягностыкі.

Калі ж яны прызначаюцца, то звычайна гэта полісамнаграфія — залаты стандарт абследавання ва ўсім свеце. 

Абследаванне праводзіцца ў лабараторыі сну ўсяго за адну ноч і ўключае даследаванне кары галаўнога мозгу, фіксуе храп, спыненне дыхання, работу грудной і брушной сценкі, як пацыент рухаецца, як ён паглыбляецца ў сон і як выходзіць з яго. 

На ноч да чалавека падключаюць 64 датчыкі, а раніцай урач расшыфруе інфармацыю і прызначыць лячэнне.

— Многіх пацыентаў адпраўляюць да нас кардыёлагі з пытаннем, чаму рытм сэрца парушаецца ўначы, а днём — нет. Частай прычынай зрыву рытму з’яўляецца сіндром апноэ — спыненне дыхання ў сне. У такім выпадку не трэба ўстанаўліваць кардыястымулятар, дастаткова вылечыць апноэ, а лечыцца яно вельмі добра. Яшчэ адна катэгорыя пацыентаў, якія ноччу часта ўстаюць ў прыбіральню, а днём ім гэтага не патрабуецца. Зноў-такі спыненне дыхання можа правакаваць частае мочаспусканне. Можа будзіць пацыента трывога. Усё гэта мы бачым падчас даследавання за адну ноч, — расказвае Аляксей Малкоў.

Сіндром апноэ праяўляецца падчас храпу, які рэзка спыняецца, пасля чалавек рэзка ўсхрапвае і зноў пачынае дыхаць. Урач тлумачыць, што праблема звязана з западзеннем кораня языка, які перакрывае прасвет верхніх дыхальных шляхоў. У выніку чалавек задыхаецца, насычэнне крыві кіслародам падае, сігнал аб гэтым ідзе ў галаўны мозг, той у сваю чаргу падае сігнал дыяфра-гме — яна падымаецца, вызваляецца паветра, якое засталося ў трахеі, чалавек усхрапвае і зноў пачынае дыхаць. Аднак пры такіх сітуацыях звужаюцца сасуды, а пры рэзкім іх пашырэнні могуць адрывацца атэрасклератычныя бляшкі, што павышае рызыку інсультаў і інфарктаў. Калі ж дыяфрагма не спрацуе, ёсць рызыка вострай каранарнай смерці пасля цэнтральнага спынення дыхання.

— Акрамя таго, пацыенты з сіндромам апноэ часцей за ўсё пакутуюць ад абдамінальнага атлусцення, галаўнога болю, разбітасці. Гэты стан абавязкова трэба лячыць, — кажа Аляксей Малкоў, дадаючы, што сіндром паспяхова лечыцца з дапамогай СІПАП-тэрапіі — сну ў спецыяльнай масцы.

Эфектыўныя методыкі

Калі ж не звяртацца па дапамогу, запускаецца каскад рэакцый, у асноўным гэта метабалічныя парушэнні, павышаны ўзровень халестэрыну, цукровы дыябет і іншыя, якія назапашваюцца. 

Пацыенты імкнуцца лячыць наступствы: высокі ціск, дыябет, спрабуюць сядзець на дыетах, але з апноэ немагчыма пахудзець, галадаючы.

Пры гэтым пры парушэннях сну няма пацыентаў, якія дрэнна паддаюцца лячэнню. 

Магчыма, спатрэбіцца не адзін месяц і нават не адзін год, але вынік будзе абавязкова. Адметна, што пацыент сам павінен хацець выздаравець.

— Гэта работа з рэжымамі, правільнасцю адыходу да сну, расстаноўкі прыярытэтаў днём, псіхатэрапеўтычная карэкцыя, у 99 % выпадкаў — фармакалагічная карэкцыя. 

У выніку пацыент не храпе, не задыхаецца, худзее. У мяне ёсць вынікі, калі пацыенты скідвалі 50 кг за паўгода. Часам не трэба нават сядзець на дыетах, а дастаткова выставіць правільны дыягназ і падабраць правільную тактыку, — рэзюмуе самнолаг.

Акрамя новых методык лячэння парушэнняў сну ў цэнтры распрацоўваюцца метады рэабілітацыі пацыентаў са спалучанымі паталогіямі, у прыватнасці пасля інсультаў і траўмаў. 

Сярод сучасных метадаў і батулінатэрапія, якая выкарыстоўваецца для лячэння хранічных мігрэняў, бруксізму, спастыкі пасля інсультаў. Ёсць у медыкаў і вопыт лячэння сіндрому хранічных боляў шыі, галавы, спіны, тазавых боляў. 

Нядаўна ў клініцы закуплены транскраніяльны магнітны стымулятар — адзін з самых магутных у краіне. Ён выкарыстоўваецца для аднаўлення перыферычнай нервовай сістэмы пры мігрэнях, хранічных галаўных болях, трывогах і дэпрэсіях, аднаўленні пасля інсультаў.

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю