Вялікую Перамогу здабывалі не толькі на фронце, але і ў тыле ворага. У Беларусі шмат такіх гераічных гісторый. Раскажам пра адну з іх — як у красавіку 1944 года на Брэстчыне яшчэ ў глыбокай акупацыі тыдзень трымалася так званая «Здзітаўская абарона», падчас якой ворагі імкнуліся знішчыць даволі вялікую партызанскую зону ў Бярозаўскім раёне, у якой знаходзілася каля 10 тысяч мірных жыхароў... Нашы выстаялі!
Пра тыя часы цяпер нагадвае мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона». Шасціметровая фігура партызана, які пераможна ўздымае рукі, нібыта сустракае наведвальнікаў,— памяць пра гераічны подзвіг землякоў захоўваюць і ўшаноўваюць жыхары бліжэйшых вёсак Здзітава і Спорава — нашчадкі тых, хто выжыў падчас вайны дзякуючы партызанам. «Гэта адзін з найважнейшых цэнтраў ваеннай памяці ў нашым раёне, — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Вольга Ярмашэвіч. — Штогод мы ўшаноўваем удзельнікаў тых падзей праз адметныя акцыі».
Нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым і вялікую колькасць войскаў праціўніка, на Брэстчыне ўжо ў 1942 годзе пачалі фармавацца буйныя партызанскія атрады, якія пазней аб’ядноўваліся ў брыгады. Ім удавалася кантраляваць цэлыя раёны, ствараючы «партызанскія зоны», дзе не магла замацавацца нямецкая ўлада. Дзе такое было магчыма? Вядома, на балоце! Таму ў 1943 годзе каля вёскі Спорава ў Бярозаўскім раёне месціўся Брэсцкі падпольны абкам КПБ, якім кіраваў Сяргей Сікорскі, і быў створаны штаб Брэсцкага партызанскага злучэння. Уладкавалі базы, шпіталі, нават рэдакцыю абласной газеты. Усё было прадумана: у выпадку аблогі партызаны маглі трымаць абарону, выкарыстоўваючы гаці і пераправы праз Дарагабуж. Немцы баяліся сюды ступаць. Да пары.
У 1944-м сітуацыя змянілася: фронт ужо рушыў у адваротны бок, увага была менавіта да беларускага напрамку. Гітлераўцам быў вельмі патрэбны спакой у тыле, а яшчэ і бяспека мясцовых чыгуначных шляхоў, па якіх дастаўляліся войскі і ўзбраенне да лініі фронту. У сакавіку пачаліся абстрэлы вёскі Спорава з самалётаў, жыхары ратаваліся ў лясах. Было зразумела, што на гэтым не спыняцца, і партызаны сканцэнтраваліся каля вёскі Здзітава — рабілі ўмацаванні, дзоты, акопы, пераправы. У гэтым ім дапамагалі мясцовыя жыхары, бо было зразумела: калі рухне гэты бастыён, ніхто не ўратуецца. А ў гэтай зоне жыло каля 10 тысяч чалавек.
На пачатку красавіка нямецкае камандаванне распачало маштабную карную аперацыю ў раёне Бярозы, каб знішчыць партызанскія атрады.
Сюды накіраваліся не толькі атрады СС, але і даволі вялікія вайсковыя сілы: на 2-3 тысячы партызан вораг кінуў каля 10 тысяч салдат, падтрыманых артылерыяй, танкамі і авіяцыяй. Наступленне пачалося адразу па некалькіх напрамках, дзе абарону трымалі розныя партызанскія брыгады.
Некалькі дзён атак, абстрэлаў. Бомбы скідвалі з самалётаў, але балота рабіла сваю справу: яны разрываліся ў дрыгве, не пакідаючы асколкаў, згадвалі пасля сведкі тых падзей. Гэта былі поўнамаштабныя баявыя дзеянні з масіраванымі бамбардзіроўкамі, абстрэламі, за якімі ішлі наземныя атакі, — але іх адбівалі народныя мсціўцы з брыгад імя Дзяржынскага і «Савецкая Беларусь», 345-га партызанскага атрада і атрада імя Будзённага... Вораг нёс вялікія страты, не мог прасунуцца. Нямецкія войскі не змаглі з ходу прарваць пазіцыі і напароліся на шчыльны агонь. Як ваяваць з нязломнымі?.. Тады наперадзе нямецкіх салдат сталі пускаць жыхароў вёсак. У сваіх ніхто не страляў — пераходзілі на іншыя ўмацаванні. Яны трымаліся тыдзень. Выстаялі.
Пасля таго, як адышлі на другую лінію абароны, карнікі яшчэ некаторы час трымалі аблогу, але нашы людзі ведалі, як выжыць на сваёй зямлі. Далей штурмаваць фашысты не рашыліся: падлічылі страты. За тыдзень упартых баёў партызаны пад Здзітава ліквідавалі больш за 600 салдат і афіцэраў (нашы страты былі значна меншыя). Тым самым замарудзілі перагрупоўку нямецкіх войскаў, што было істотна для аперацыі «Баграціён». Памяць пра гэта захоўваецца ў раённым музеі і музеі Здзітаўскай школы. Але падзеі вартыя таго, каб пра іх ведалі больш шырока, бо гэта прыклад таго, што нават у самыя змрочныя часы, у самай адчайнай сітуацыі беларусы на сваёй зямлі могуць выяўляць усю сваю моц — і перамагчы.
Гэта былі сем дзён бессмяротнасці, калі Здзітава ператварылася ў «палескі Сталінград». Стратэгічная перамога— бо такім чынам партызаны адстаялі свае зоны ўплыву і захавалі буйныя лагеры, якія былі ў вобласці. Яшчэ адзін вельмі важны месціўся зусім непадалёк ад Здзітава — ва ўрочышчы «Хаваншчына» (гэта ўжо Івацэвіцкі раён), што прыкметна, таксама ў балотах. Фактычна, тут дзейнічалі адны і тыя ж брыгады, базіраваўся штаб партызан Брэстчыны і падпольны абкам, выдавалася абласная газета «Зара», існавалі санчасць і лясная школа. Там і цяпер можна пабачыць, як жылі тыя, хто абараняў сваю зямлю, гатовы быў дзеля яе ісці на смерць, нават не задумваючыся пра тое, што здзяйсняе подзвігі, а проста таму, што так было правільна. У музейным комплексе «Хаваншчына» адноўлены партызанскі побыт, тут робяць гістарычныя рэканструкцыі. Падобна «таемнаму востраву» (прыйсці сюды можна было па вузкай драўлянай кладачцы) «Хаваншчына» ахоўвала і некалькі гадоў давала дапамогу тым, для каго галоўныя баі былі наперадзе. Бо пасля вызвалення Беларусі шмат маіх землякоў, партызан Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў, уліліся ў пераможную армію, якая ішла на Берлін.
Ларыса ЦІМОШЫК