Сэрвіс пачаў працаваць з 1 кастрычніка. Ён дае магчымасць грамадзянам пакінуць і аплаціць заяўку на дровы ў лясгасах галіны без наведвання лясніцтваў. Зрабіць гэта можна як на сайце drova.belgosles.by, так і з дапамогай спецыяльнага telegram-бота.
«Калі першапачаткова такім чынам можна было заказаць толькі дровы ў круглым выглядзе, то ў далейшым з’явілася магчымасць заказу дроў у колатым выглядзе ў тых лясгасах, якія іх вырабляюць. Новы сэрвіс дае магчымасць таксама фіксаваць і аналізаваць заяўкі, пакінутыя ў лясніцтвах традыцыйным спосабам. Гэта ў сваю чаргу дапамагае Мінлясгасу сачыць за своечасовасцю і паўнатой выканання заявак. Пры ўзнікненні праблемных пытанняў ведамства мае магчымасць аператыўна ўмяшацца ў працэс», — адзначылі ў прэс-службе.
У кастрычніку беларусы пакінулі больш за 21 тыс. заявак на дровы агульным аб’ёмам звыш 165 тыс. кубаметраў. Большасць з іх ужо выкананы: спажыўцам адгружана 122 тыс. кубаметраў дроў.
Як сведчаць даныя аналітыкі, 94% заявак паступіла на дровы ў круглым выглядзе (19 774 заяўкі), доля заявак на колатыя дровы склала 6% (1 257 заявак). Больш за 50% усіх заявак грамадзяне палічылі за лепшае пакінуць асабіста, наведаўшы лясніцтвы, яшчэ 25% заявак зроблены ў тэлефонным рэжыме, каля 20% — праз новую вэб-платформу, 4% скарысталіся telegram-ботам.
«Такім чынам, агульная колькасць грамадзян, якія скарысталіся новым анлайн-сэрвісам у кастрычніку, склала амаль 5 тыс. чалавек. Найбольшую актыўнасць праявілі жыхары Мінскай і Гомельскай абласцей», — дадалі ў прэс-службе.