У летніках Міншчыны ратавальнікі навучаюць дзяцей правілам бяспекі на вадзе.
Сонца, свежае паветра і доўгачаканыя канікулы — ідэальнае спалучэнне для летняга адпачынку дзяцей. Аднак, каб бесклапотнае баўленне часу не азмрочылася бядой, ратавальнікі МНС і АСВОД узялі на сябе важную місію — навучыць юных жыхароў Мінскай вобласці бяспечным паводзінам на вадзе.
Першыя ўрокі стартавалі ў аўторак на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Дубрава» ў Салігорскім раёне. Тут, у гульнявой і займальнай форме, дзеці даведаліся, як пазбегнуць небяспечных сітуацый, як правільна аказаць першую дапамогу і што рабіць, калі хтосьці тоне.
«Наша галоўная задача — нагадаць дзецям пра тыя небяспекі, якія тоіць у сабе вада, — расказвае начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Немагай. — Мы хочам, каб як мага больш людзей асвоілі навыкі плавання і ведалі, як дапамагчы сабе і іншым у экстранай сітуацыі».
Сучасны падыход да бяспекі
Летась ратавальнікі ўкаранілі новы навучальны фармат, які ўжо даказаў сваю эфектыўнасць. Заняткі праходзяць на кожнай змене ў дзіцячых аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці і, мяркуючы па водгуках дзяцей, такі падыход ім па душы: «Сёння я даведалася, што нельга песціцца на матрацы, таму што можна зваліцца і нават захлынуцца, — падзялілася сваімі ўражаннямі Марыя Грыневіч. — Важна быць асцярожным на вадзе і заўсёды правяраць, ці бяспечна там плаваць»
Алёна Зелянкоўская, яшчэ адна ўдзельніца заняткаў, расказала аб конкурсах і прызах, якія зрабілі навучанне яшчэ больш цікавым: «Нам патлумачылі, што купацца на вадаёмах без бацькоў нельга. Калі хтосьці тоне, трэба тэрмінова патэлефанаваць па нумары „112“».
Тэорыя і практыка — залог поспеху
Ратавальнікі не толькі расказваюць аб правілах бяспекі, але і паказваюць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Дзеці даведаюцца, як правільна кінуць ратавальны круг і як дапамагчы чалавеку, які тоне, не падвяргаючы сябе небяспецы.
"Важна не толькі расказаць дзецям аб правілах бяспекі, але і паказаць на практыцы, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, — кажа прадстаўнік АСВОД. — Бо ад умення хутка і правільна зрэагаваць можа залежаць чыёсьці жыццё.
Бяспека — гэта агульны клопат
«Выкарыстоўваем гульнявой метад навучання. Знаёмім дзяцей з вадой, каб яны з ёй пасябравалі. Галоўная наша мэта — навучыць асноўным правілам бяспекі на вадзе, — адзначыў старшы інжынер аддзела службы і боегатоўнасці Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Вадзім Якімовіч
Па словах Алены Седун, начальніка дзіцячага аздараўленчага лагера «Дубрава», супрацоўніцтва з МНС, АСВОД, ДАІ, РАУС і Белдзяржстрах з’яўляецца важнай часткай летняй аздараўленчай праграмы. «Мы ўпэўнены, што падобныя заняткі прыносяць свой плён і нашы дзеці будуць у бяспецы», — падкрэсліла яна.
Урокі бяспекі на вадзе будуць працягвацца ў дзіцячых лагерах Мінскай вобласці на працягу ўсяго лета. Ратавальнікі ўпэўненыя, што дзякуючы гэтым заняткам дзеці не толькі добра адпачнуць, але і набудуць каштоўныя веды.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
фота МНС.