У ходзе рабочай паездкі ва Уздзенскі раён Прэзідэнт азнаёміўся з развіццём племянной жывёлагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс новага кірунку. ТАА «БелІнтэрГен-агра» робіць стаўку на высокую прадукцыйнасць, сучасныя тэхналогіі і эфектыўнасць. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці племянной жывёлагадоўлі ў Беларусі ў цэлым, а таксама аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства. Размова ішла аб выкарыстанні сучасных тэхналогій, у тым ліку біятэхналогій, у малочнай і мясной жывёлагадоўлі пры мадэрнізацыі старых ферм у сучасныя малочнатаварныя комплексы, перспектывах генетыкі ў гэтай сферы. Акрамя таго, Прэзідэнт азнаёміўся з пародамі племянных жывёл, выведзенымі на сельгаспрадпрыемстве, умовамі іх утрымання.
«Гэта шлях без усялякай моцнай рэформы і мадэрнізацыі ў Беларусі мець рэнтабельную жывёлу»
Па прылёце на Уздзеншчыну Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго інфармуюць аб тым, што ТАА «БелІнтэрГен-агра» — гэта перспектыва ўвогуле сельскай гаспадаркі ў краіне.
«Што ж тут перспектыўнага ў гэтай гаспадарцы? — удакладніў ён у спецыялістаў. — Я ж прыехаў сюды не для таго, каб паглядзець, як жывёлу кормяць. Я добра ведаю, як жывёлу трэба карміць. Тое, што мы дрэнна разводзім жывёлу, — гэта факт. Дзесьці горш, дзесьці лепш. Але ў чым „разыначка“ гэтай гаспадаркі?»

Як далажылі Прэзідэнту, адметнасць сельгаспрадпрыемства заключаецца ў тонкасцях і строгім выкананні тэхналагічных працэсаў — гэта дазваляе інтэнсіўна расці пагалоўю. Гаворачы аб тонкасцях тэхналагічнага працэсу, дырэктар ТАА «БелІнтэрГен» Іван Кыса расказаў аб тым, што рацыён жывёл — поўнасцю беларускай вытворчасці. Аснова рацыёну — грубыя кармы, вырашчаныя ўласнымі сіламі. Не менш важныя складнікі паспяховасці сельгаспрадпрыемства — асаблівасці ўзнаўлення племяннога статка, індывідуальны падыход да кожнай каровы, генетыка. Адна карова ў сярэднім дае 38 літраў малака ў суткі.
«Тэхналагічная дысцыпліна — гэта падмурак, — падкрэсліў Іван Кыса. — Гэта павінна быць усюды. А некаторыя тонкасці і нюансы даюць вялікую эканамічную выгаду».
ААТ «БелІнтэрГен-агра» — беларуская прыватная кампанія, якая займаецца племянной жывёлагадоўляй, у асноўным, развядзеннем галштынскай пароды кароў. Спецыялізуюцца тут і на развядзенні джэрсейскай пароды, якая адносіцца да дробных парод кароў малочнага кірунку.

Малочнатаварны комплекс «Ячанка» ў 2013 годзе быў набыты праз аўкцыён, пасля чаго на ім была праведзена рэканструкцыя. Па стане на 1 чэрвеня, на комплексе ўтрымліваецца 1344 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх — 641 карова. На сучасным этапе сельгаспрадпрыемствам вядзецца будаўніцтва сучаснага малочнатаварнага комплексу замкнёнага цыклу на 3500 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак складзе 1500 галоў кароў з надоем 13 тысяч кілаграмаў малака ў год на карову.
«Дык у чым шчасце фермерскай гаспадаркі?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў дырэктара ТАА «БелІнтэрГен» Івана Кысы.
«У нас аграбізнес такога тыпу, дзе карова сама сабе інвестар: мы зарабляем сродкі самі, укладваем і за кошт гэтага расцём, — заўважыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — Вядома, у нас ёсць невялікія крэдытныя грошы. Я 50 краін наведаў, вывучаў вопыт, стажыроўкі праходзіў — усё найлепшае імкнуўся сюды прыўнесці. Мне было цікава, як можна зарабіць на малаку племянных жывёл і пабудаваць новы комплекс».
Цікавы факт: кіраўнік сельгаспрадпрыемства Іван Кыса — доктар біялагічных навук, вынаходнік і аўтар шматлікіх патэнтаў. У свой час ён вырашыў змяніць навуковую дзейнасць на фермерства. І ў яго гэта атрымалася, тым больш набыты навуковы вопыт удаецца прымяняць на практыцы.
«Ніякай тут выключнай „разыначкі“ я не бачу: проста парадак навёў (кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — „Зв.“) і працуе на гэтым кавалку зямлі, — зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка. — Гэта шлях без усялякай моцнай рэформы і мадэрнізацыі ў Беларусі мець рэнтабельную жывёлу».

Іван Кыса падрабязна расказаў Прэзідэнту аб планах далейшага развіцця сельгаспрадпрыемства. Акцэнт будзе рабіцца на генетычныя кампаненты ў працэсе ўзнаўлення пагалоўя.
«Дык у чым жа будучыня сельскай гаспадаркі?» — спытаў Прэзідэнт у кандыдата эканамічных навук Надзеі Каткавец, якая прысутнічала на мерапрыемстве.
Па яе словах, для таго каб сур’ёзна крочыць наперад, патрэбна павялічыць вытворчасць малака. На гэта, як лічыць спецыяліст, істотна могуць паўплываць кармы і генетыка. Калі з кармамі, як заўважыла Надзея Каткавец, ужо навучыліся працаваць, то магчымасці генетыкі ў працэсе ўзнаўлення малочнага статка задзейнічаны не поўнасцю. У гэтым плане вельмі многае, па яе словах, робіць кіраўнік гаспадаркі.
«Мы на вяршыні сельгасвытворчасці, бо гэты працэс кантралюем»
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падрабязна далажыў кіраўніку дзяржавы аб развіцці племянной жывёлагадоўлі ў Беларусі. Кіраўнік ведамства выказаў Прэзідэнту ўдзячнасць за тое, што ў нашай краіне захавалася структура племянной службы.
«Гэта не мне дзякуй, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта дзякуй спецыялістам, якія прапаноўвалі разумнае нешта. Вось я сюды і прыехаў для таго, каб нешта разумнае знайсці. А разумнае толькі ў адным — выкананне тэхналагічнай дысцыпліны. Тэхналогіі нам зразумелыя даўным-даўно, яшчэ з тых часоў, калі мы пачыналі працаваць. Што тут новага? Своечасова карміць, своечасова даіць, малако прадаваць нармальна».
Дзяржаўнае рэгуляванне ў племянной справе ажыццяўляе Мінсельгасхарч. Юрый Горлаў далажыў, што структура складаецца з «Белплемжыўаб’яднання», у склад якога ўваходзіць шэсць абласных прадпрыемстваў, што займаюцца селекцыяй і генетычнымі пытаннямі.
Аляксандр Лукашэнка памятае, як даваў даручэнне стварыць у кожнай вобласці селекцыйна-генетычныя цэнтры. «Можа, нам не трэба ў кожнай вобласці?» — пацікавіўся ён у спецыялістаў.

Як праінфармаваў Юрый Горлаў, у перспектыве, магчыма, столькі і не трэба будзе. Аднак цяпер, па яго словах, шэсць селекцыйна-генетычных цэнтраў эфектыўна працуюць. Акрамя таго, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання расказаў аб магчымасцях унікальных лабараторый, створаных на базе «Белплемжыўаб’яднання».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, ці ўяўляе інтарэс у Беларусі такі кірунак, як мясная жывёлагадоўля. Як заўважылі спецыялісты, гэты кірунак павінен развівацца, але не трэба рабіць яго прыярытэтным.
«А як вы бачыце: у Віцебскай вобласці гэта актуальна для нас, зыходзячы з тых прыродных умоў, насельніцтва?» — пацікавіўся Прэзідэнт перспектывамі развядзення жывёлы мясной пароды на Віцебшчыне.
«Прыродна-кліматычныя ўмовы Віцебскай вобласці не дазваляюць гэту жывёлу круглы год пасвіць, — удакладніла Надзея Каткавец. — Яна таксама патрабуе свайго звычайнага догляду, але не такога, як малочны статак. Віцебская вобласць можа займацца гэтым кірункам. Гэта менш працоўных рэсурсаў, тэхналагічныя тонкасці ўтрымання, кармлення і іншае».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой указаў на тое, што ў іншых краінах некаторыя буйныя прыватныя прадпрыемствы адмаўляюцца ад мясной жывёлагадоўлі.
«Бачыць трэба такую тэндэнцыю, але, думаю, што гэта не наш шлях, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы таму і трымаемся ў краіне за гэтыя калгасы, саўгасы, шчыра кажучы, для таго каб людзей накарміць».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь — краіна, якая знаходзіцца ў зоне крытычнага земляробства, аднак гэта не перашкаджае нам дасягаць поспехаў у сельскагаспадарчай сферы. «Тым не менш мы на вяршыні сельгасвытворчасці, бо гэты працэс кантралюем, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы не аддаём яго нават фермерам на водкуп».

Кіраўнік дзяржавы не мае нічога супраць фермерства. Наадварот, ён прыхільнік прыватнай ініцыятывы ў сельскай гаспадарцы. Аднак займацца гэтым, па словах Прэзідэнта, павінны добрасумленныя людзі, якія добра працуюць.
«Культура земляробства вельмі высокая», — даў ацэнку ТАА «БелІнтэрГен-агра» Аляксандр Лукашэнка. Але так бывае не ўсюды. Таму, па словах кіраўніка дзяржавы, трэба акуратна падыходзіць да перадачы зямель у прыватную ўласнасць. У той жа час беларускі лідар падкрэсліў, што трэба бачыць вось такіх фермераў, якія эфектыўна працуюць.
«Трэба знаходзіць такія месцы, дзе зямельныя рэсурсы ёсць, а людзей амаль не засталося, — гаворачы аб развіцці племянной жывёлагадоўлі ў краіне, паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Комплексаў мы набудавалі, а яны запоўнены не на 100 % у краіне».
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што жывёлу трэба вырошчваць самім, а не купляць за мяжой. «Добрага вам ніхто не прадасць», — растлумачыў ён.
«Сяляне ж людзі такія: грошы даў — будуць працаваць»
Дырэктар ТАА «БелІнтэрГен» Іван Кыса далажыў кіраўніку дзяржавы аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства, а таксама аб выкарыстанні сучасных тэхналогій, у тым ліку біятэхналогій, у малочнай і мясной жывёлагадоўлі пры мадэрнізацыі старых ферм у сучасныя малочнатаварныя комплексы, перспектывах генетыкі ў гэтай сферы.

Ён растлумачыў, што фермы ў свой час ім былі куплены не для таго, каб зарабіць грошай. «Вы ў 2011 годзе былі ў Брэсцкай вобласці, у Белавежскай пушчы і агучылі, якой можа быць будучыня ў малых ферм, — расказаў перадгісторыю свайго інтарэсу да гэтай сферы дзейнасці Іван Кыса. — Потым вы гаварылі аб тым, што вучоным трэба выходзіць са сваіх кабінетаў».
«Гэта мяне здзівіла крыху, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе змену сферы дзейнасці Івана Кысы. — Думаю, доктар навук, акадэмік будучы і раптам усё гэта кінуў, паехаў у вёску, узяў заняпалыя дзве фермы вакол вёскі і пачаў там працаваць».
«Я восьмае дзіця ў сям’і, сялянскі сын, — растлумачыў фермер. — Мне было гэта цікава».
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства падрабязна расказаў аб зробленым на бягучым этапе, перспектывах далейшага развіцця гаспадаркі. У прыватнасці, у наступным годзе ёсць намер дасягнуць 13,3 тысячы літраў малака ў год ад каровы. Акрамя таго, Іван Кыса расказаў, што сярэднямесячны заробак у гаспадарцы за красавік гэтага года склаў 3517 рублёў.
Прэзідэнт за гэта пахваліў. «Сяляне ж людзі такія: грошы даў — будуць працаваць, грошай не даў — працаваць не будуць», — канстатаваў ён.
«Гэта не каровы — гэта фабрыка»
Пасля заслухоўвання дакладаў Прэзідэнт непасрэдна на ферме азнаёміўся з пародамі племянных жывёл, выведзенымі на сельгаспрадпрыемстве, умовамі іх утрымання.
Іван Кыса падзяліўся сваім меркаваннем далейшага развіцця малочнатаварных комплексаў у краіне. Па яго словах, яны павінны быць вялікімі: мінімум на 2 тысячы галоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта меркаванне ён чуе. «Не перашкаджаю, але я не прыхільнік наогул чагосьці вялікага — аб’яднання гаспадарак, — растлумачыў Прэзідэнт. — Я прыхільнік вось такіх гаспадарак (невялікіх, кампактных. — „Зв.“). Чаму? Людзі ў нас такія. Яны хочуць цябе бачыць (кіраўніка. — „Зв.“): ты прыехаў пагаварыць і іншае. Псіхалогія таксама важная для вытворчасці».
Акрамя таго, па словах беларускага лідара, вялікія комплексы — гэта вялікія адходы ад жывёл. А для Аляксандра Лукашэнкі, які перажывае за стан прыроды, гэта недапушчальна.
«Таму я не прыхільнік буйнога, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але гавораць, што эканамічна гэта (больш выгадна. — „Зв.“). Лічу, што эканоміка эканомікай, але важней — людзі, умовы і іншае: жыць жа тут трэба. Але разумею, што можам адстаць, бо шалёныя ў Амерыцы і Еўропе не глядзяць на гэта — ідуць сваім шляхам, пляваць на ўсё хацелі».

Будучы ў прафілакторыі для маладняку, Аляксандр Лукашэнка ацаніў умовы ўтрымання цялят, сам будынак. «Калі падзяжу няма — значыць, добры», — заўважыў ён.
Гаворачы аб памяшканнях, дзе ўтрымліваецца жывёла, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў тыражыраваць гэты вопыт пры будаўніцтве МТК па ўсёй краіне: проста і нядорага.
«Гэта добрае ўтрыманне жывёлы, — удакладніў беларускі лідар. — Вось такія каровы павінны быць. Гэта не каровы — гэта фабрыка. Вось, гэта каровы. Ну так, іх і накарміць трэба. Тут нічога новага няма. Парадак і добрая жывёла».
Прэзідэнт лічыць важным, каб вопыт гэтага сельгаспрадпрыемства адзін у адзін быў маштабаваны хоць бы на Мінскую вобласць.

Па завяршэнні знаёмства з малочнатаварным комплексам кіраўніку дзяржавы ўручылі падарунак — цяля джэрсейскай пароды па мянушцы Муся. Джэрсейская парода адносіцца да дробных парод кароў малочнага кірунку. Гэта адна з самых старых і тлустамалочных культурных парод. Адсюль і яе галоўная асаблівасць — малако ўтрымлівае вялікую колькасць тлушчу (у сярэднім 5-6 %) і бялку (вызначаецца высокім утрыманнем бялку А2). Дзякуючы невялікай вазе, каровы патрабуюць значна меншай колькасці корму ў параўнанні з буйнымі пародамі. Сутачны ўдой складае да 30 літраў. Каровы гэтай пароды добра прыстасоўваюцца да розных кліматычных умоў.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Уздзенскі раён