Top.Mail.Ru

Як блогеры выканалі мары выхаванцаў дзіцячага дома?

Навагоднія святы — гэта час, калі цуды становяцца рэальнасцю, а дабрыня і клопат аб іншых асабліва важныя. Менавіта з такімі думкамі беларускія блогеры стварылі навагоднюю казку для выхаванцаў дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы дом № 5 г. Мінска», на якой нам пашчасціла пабываць і даведацца, як праходзіла падрыхтоўка мерапрыемства, пра што просяць выхаванцы дзіцячага дома ў сваіх лістах Дзеду марозу, і нават стаць сведкамі сапраўднага навагодняга цуду.


— Асноўная наша задача была не толькі прыехаць і правесці нейкую анімацыйную пераднавагоднюю праграму, але і выканаць жаданне кожнага выхаванца дзіцячага дома, — распавядае арганізатар мерапрыемства блогер Наталля Аскерка. — Для гэтага ўсе дзеці загадзя напісалі лісты Дзеду Марозу, дзе расказалі, аб якім падарунку яны мараць. А пасля гэтага я забрала лісты і, спісаўшыся з рознымі блогерамі, з якімі перыядычна маю зносіны і якіх прыцягваю ў свае праекты, склала табліцу, дзе мы размеркаваліся, хто будзе дарыць каму падарунак, некаторыя з нас узялі на сябе адказнасць стаць чараўнікамі адразу для некалькіх дзяцей. Усяго, дарэчы, было пяцьдзесят пяць лістоў, роўна як і выхаванцаў у дзіцячым доме. 

А вось чараўнікамі сталі яшчэ трыццаць чатыры блогеры, акрамя самой Наталлі: Наталля Поткіна, Пятроў Кірыл, Паша Флекс, Наталля Архіпава, Кацярына Лагунова, Таццяна Літвіновіч, Аліна і Ягор Сушкевіч, Ганна Пісарык, Дар’я Швайба, Кацярына Гляк, Ірына Яблонская, Яўгена Тарасенка, Юлія Кандраль, Карына Карэлей, Любоў Грыневіч, Лізавета Савік, Анастасія Макар, Таццяна Mama. go, Алена Кардон-Мелавацкая, Паліна Дварэцкая, Таццяна Саўчук, Жанна Вайсман, Вікторыя Арэстава, Бажэна Раманава, Алег Буткевіч, Валерыя Мілаванава, Ульяна Прусак, Наташа Буткевіч, Кацярына Каншывер, Ганна Арцюховіч, Яўгенія Шапо і Юлія Мікалаевіч. Кожны з іх выбіраў падарунак свайму падапечнаму з вялікай адказнасцю і любоўю. Акрамя гэтага, палова блогераў прыехала на само свята, каб разам з дзецьмі пагуляць і вядома ж выканаць іх мары.

Каб гэты дзень дзеці запомнілі надоўга, Наталля папрацавала і над анімацыйнай часткай свята. Апроч традыцыйнага віншавання і гульняў са Снягуркай і Дзедам Марозам, яны сумесна з Dino-Nano-Park прывезлі ў госці вялізнага дыназаўра, ад якога дзеці былі проста ў захапленні. Разам з ім усе дружна вадзілі карагоды, фатаграфаваліся і танчылі. А сстарэйшыя дзеці змаглі паспрабаваць кіраваць дыназаўраў меншага памеру. Фіналам праграмы, вядома, стала ўручэнне падарункаў. Ровар, машынка па вырабе папкорна, навушнікі, цюбінг, набор для нарошчвання пазногцяў — гэта толькі частка жаданняў, якія рабяты напісалі ў сваіх лістах. І ўсе яны спраўдзіліся!

— У сваім лісце я прасіла вялікі чамадан, і вось ён, — з радасцю паказвае на ружовы чамадан выхаванка дзіцячага дома Кансуэла Саковіч. — Я даўно аб такім марыла, каб можна было ездзіць з ім у дзіцячы лагер. Гэтым летам абавязкова вазьму яго з сабоой! Наогул мне сёння вельмі спадабалася свята, усё было вельмі весела. Асабліва мяне здзівіў дыназаўр, такіх вялікіх гасцнй да нас яшчэ не прыязджала. (Смяецца).

Пакуль астатнія выхаванцы распакоўвалі свае падарункі, мы паспелі пагутарыць з супрацоўнікам дзіцячага дома Таццянай Апанасенка.

— Дзеці ў захапленні! Мы вельмі ўдзячныя сённяшнім нашым гасцям, што зладзілі для нашых рабят такую навагоднюю казку. Ім удвая патрэбны любоў і клопат, і мы стараемся рабіць усё, каб яны іх адчувалі. І вельмі радасна, што ў нашай краіне столькі неабыякавых людзей, у тым ліку і медыйных асоб.

Акрамя дзяцей, зведаць на сабе навагодні цуд у гэты дзень удалося і сям’і блогераў Аліне і Ягору Сушкевіч.

— Паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемствве нас запрасіла Наталля, і мы з мужам адразу пагадзіліся. Вывучаючы жаданні дзяцей, амаль плакалі. І вырашылі ўзяцца выканаць мары столькіх дзяцей, колькі нам будзе па сілах. Узялі ў выніку дзевяць. Адным з хлопчыкаў, якому мы дарылі падарунак, аказаўся вельмі вясёлы і энергічны Клім. Вярнуўшыся дадому мы ўвесь час думалі пра яго. Пачалі высвятляць, колькі яму гадоў, у які клас ходзіць. І неяк усё сышлося. У нас ёсць сын, які ходзіць у такі ж клас, мы самі вельмі энергічныя людзі, як і гэты хлопчык, і ўжо шэсць гадоў хочам другое дзіця, але ўсё неяк ніяк, і ўжо задумваліся ні раз пра дзіцячы дом, але не адважваліся. Думалі пра дзяўчынку, вядома, але тут як быццам усё склалася. Таму вырашылі пакуль узяць яго на патранат, а далей, хто яго ведае, можа і апеку аформім. Вось такі навагодні цуд. 

— Ведаеце, свята атрымалася нават лепшым, чым я планавала. Але ад хвалявання пасля яшчэ некаторы час трэсліся рукі, — ужо пасля мерапрыемства падзялілася яго арганізатар. — Самае складанае на любы дабрачынны праект знайсці фундатараў на рэальныя жаданні дзяцей. Большасць думае: «накупім ім шакаладных цукерак і паедзем з імі гарбату пап’ем. І будзе ім шчасце». Даводзіцца тлумачыць, што гэтыя дзеці такія ж, як і нашыя, толькі без бацькоў. Яны жывуць у грамадстве, вучацца ў школах, развіваюцца па ўзросце. І ім патрэбны рэчы, якія адпавядаюць іх інтарэсам і ўзросту. Я ўпэўнена, знойдуцца людзі, якія ўспрымуць наш жэст як самапіяр, але гэта не так. Наогул дабрачыннай дапамогай я займаюся ўжо больш за восем гадоў. Але ні разу не анансавала гэтага ў блогу, бо з дзяцінства вучылі, што «рука таго, хто дапамагае, не павінна быць бачная». Ды і ведаеце, для блогераў гэта рызыка, адразу пачынаюць пісаць ашуканцы, ствараюць ліпавыя старонкі і пішуць, што муж б’е, п’е і дзеці галадаюць. Таму я не хацела гэта асвятляць. Але апошнім часам многія арганізацыі, якім я дапамагаю, гавораць адкрыта, што гэта трэба паказваць для таго, каб матываваць іншых дапамагаць. Так, і ведаеце, хочацца яшчэ паказаць, што блогеры не толькі ствараюць кантэнт і рэкламу, а гэта жывыя людзі з вялікім сэрцам, якія сёння падарылі дзецям не толькі падарункі, але і свята, эмоцыі, энергію. Я ўпэўнена, што мы змаглі перадаць ім крыху любові, якой ім хапае. І ў нашых сэрцах гэтыя дзеці сапраўды пакінулі свой след.

Ангеліна УЛІЧ

Фта аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю