У пачатку сустрэчы з калектывам Ігар Сергяенка павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым Днём будаўніка, адзначыўшы, што сваёй працай, творчасцю і стаўленнем да справы яны фарміруюць аблічча сучаснай Беларусі.
Падчас сустрэчы Ігар Сергяенка расказаў работнікам дзяржаўнага вытворчага аб’яднання аб кірунках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, асобна спыніўшыся на заканадаўчай дзейнасці. «Ужо некалькі гадоў у нас дзейнічае Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, у адпаведнасці з якім былі зменены падыходы, спрошчаны працэдуры падрыхтоўкі дакументацыі на розных этапах, удакладнена тэрміналогія і вырашаны некаторыя праблемныя аспекты. Але жыццё паказвае, што неабходна ісці далей, і цяпер ідзе актыўнае абмеркаванне і падрыхтоўка змяненняў, у якія ўцягнуты і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У гэтым годзе мы зноў вернемся да карэкціроўкі кодэкса з улікам прапаноў не толькі юрыстаў, але ў першую чаргу практыкаў», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Гаворачы пра Закон «Аб ахове працы», у які таксама будуць уносіцца змены, Старшыня Палаты прадстаўнікоў заклікаў будаўнікоў уносіць свае прапановы.

Ігар Сергяенка праінфармаваў прысутных і аб іншых кірунках работы Палаты прадстаўнікоў, той абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі, і аб мерах, якія прымае дзяржава па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці з улікам знешніх выклікаў і пагроз.
Завяршэннем мерапрыемства стала ўрачыстая цырымонія, падчас якой спікер уручыў заслужаныя ўзнагароды выдатным работнікам за іх важкі ўклад у развіццё галіны.
Даслоўна
«Сёння „Мінскбуд“ — гэта 22 тысячы будаўнікоў, практычна 50 % будаўнічага комплексу горада Мінска. І будаўнічая галіна не толькі Мінска, але і ўсёй нашай краіны фактычна фарміруе аблічча нашай дзяржавы, па якім аб краіне мяркуюць і нашы жыхары, і госці Беларусі. Гэта і стварэнне новых камфортных мікрараёнаў, будаўніцтва наймагутнейшых прамысловых аб’ектаў, такіх як Беларуская атамная электрастанцыя, рэканструкцыя шэрагу прадпрыемстваў, узвядзенне аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння, малочнатаварных комплексаў і добраўпарадкаванне тэрыторый — спектр работ велізарны», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў у размове з журналістамі.
Ігар Сергяенка таксама адзначыў, што Цэнтр аховы працы сам па сабе з’яўляецца ўнікальным.
«Такіх у сферы будаўніцтва ў Беларусі няма. Тут праводзяцца заняткі не толькі з навучэнцамі каледжаў, але і з дзеючымі будаўнікамі па пытаннях бяспекі, правядзення розных відаў работ», — рэзюмаваў спікер.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА