Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 мая падпісаў Указ па ўпарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак. Генеральны дырэктар ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыранаў пракаменціраваў новы дакумент.
Папярэдні Указ № 589 «Аб упарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак» быў прыняты ў 2006 годзе. Аднак час ідзе, і, зыходзячы з новых рэалій жыцця, спатрэбілася карэкціроўка дакумента.
— Згодна з новым Указам, выключаецца абавязковая ўмова па аснашчэнні платных парковак прыладамі па ўліку часу і разліку платы, а таксама тэхнічнымі сродкамі, якія перашкаджаюць выезду транспартнага сродку з паркоўкі ў выпадку неўнясення платы. На адкрытых паркоўках кантроль за аплатай будзе весціся з дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў, — адзначыў Андрэй Зыранаў.
Дакументам таксама ўдакладняюцца ўмовы арганізацыі і ўтрымання аўтамабільных парковак, за карыстанне якімі будзе брацца плата. На сёння, паводле статыстыкі, спраўна аплачваюць паркоўку каля 40–50% аўтаўладальнікаў. У будучыні, калі сістэма кантролю запрацуе, гэтая колькасць павінна павялічыцца.
Андрэй Зыранаў звярнуў увагу, што парадак работы аўтамабільных парковак і стаянак, а таксама спагнання платы за іх будзе вызначаны Саветам Міністраў. Гэта значыць Саўмін упаўнаважаны падрыхтаваць пастанову, згодна з якой будуць вызначаны паўнамоцтвы, уведзены парадак і адказнасць за нявыплату паркоўкі. Прапановы распрацаваны і перададзены ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Паўнамоцтвы на вызначэнне месцаў і размяшчэнне платных аўтамабільных парковак будуць перададзены мясцовым органам улады. Запланавана ўвядзенне дыферэнцыраваных тарыфаў у залежнасці ад попыту на паркоўку. Магчыма, будуць уведзены тарыфы па часе сутак.
— Будзе ўводзіцца або адказнасць, або павышаная аплата за несвоечасова аплачаную паркоўку, — падкрэслівае субяседнік. — Прычым спагнанне сродкаў плануецца ажыццяўляць у судовым парадку.