Ужо праз некалькі дзён у нашай краіне пачнецца самы галоўны этап электаральнай кампаніі — галасаванне. Для беларусаў выбары Прэзідэнта краіны заўсёды асацыююцца з сапраўдным святам. Тым не менш не варта забываць пра бяспеку. Як правіла, ужо падчас датэрміновага галасавання сілавыя структуры краіны пераходзяць на узмоцнены варыянт нясення службы. Гэта робіцца не толькі для таго, каб забяспечыць бяспеку грамадзян, якія прыйдуць галасаваць, але і саміх членаў выбарчых камісій, для таго, каб нашы выбары прайшлі без усялякіх здарэнняў і парушэнняў. Якія меры будуць прымаць праваахоўнікі і ратавальнікі, каб падчас галасавання не было непрыемных неспадзяванак, расказалі на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Сістэмы відэаназірання, трывожныя кнопкі, імгненнае рэагаванне
«У мэтах выканання задач па забеспячэнні бяспекі ў перыяд электаральнай кампаніі Міністэрствам унутраных спраў наладжана ўзаемадзеянне з выбарчымі камісіямі, выканкамамі і іншымі зацікаўленымі, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Купчэня. — З асабовым складам праведзены заняткі аб асаблівасцях заканадаўства аб выбарах. Акрамя таго, праведзены неабходныя камандна-штабныя вучэнні і трэніроўкі. Арганізавана прыняцце дадатковых мер па абследаванні і абсталяванні памяшканняў участковых камісій сістэмамі відэаназірання і трывожнымі кнопкамі. Да пачатку датэрміновага галасавання ўсе аб’екты будуць абсталяваны ўсім неабходным».
Па словах прадстаўніка МУС, палова месцаў, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання, будуць абсталяваны сістэмамі відэаназірання рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі: «Сёння праводзяцца дадатковыя інструктажы па парадку нясення службы з асабовым складам, арганізавана адпрацоўка тыпавых алгарытмаў дзеянняў ва ўзаемадзеянні са старшынямі выбарчых камісій. Акрамя таго, Дзяржаўтаінспекцыяй абследавана вулічна-дарожная сетка, забяспечаны кантроль за прывядзеннем дарожнымі і камунальнымі арганізацыямі праезнай часткі і тратуараў у належны стан». Аляксандр Купчэння звярнуў увагу на выкананне правілаў стаянкі і прыпынку паблізу выбарчых участкаў. З боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі будзе забяспечаны пастаянны кантроль, прымацца меры ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Асноўныя намаганні сканцэнтраваныя на забеспячэнні правапарадку непасрэдна падчас галасавання выбаршчыкаў. «З 20 студзеня асабовы склад органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў пераводзіцца на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Для каардынацыі дзеянняў асабовага складу, збору і аналізу інфармацыі прадугледжана функцыянаванне аператыўна-сітуацыйных штабоў на ўсіх узроўнях. Канцэпцыяй забеспячэння бяспекі прадугледжана кругласутачнае нясенне службы асабістага складу на ўсіх участках для галасавання шляхам выстаўлення пастоў. Міліцыянеры будуць знаходзіцца паблізу памяшканняў для галасавання ў гатоўнасці зрэагаваць і аказаць неабходнае садзейнічанне камісіям у падтрыманні парадку. Акрамя таго, да месцаў правядзення галасавання таксама будуць набліжаныя нарады адзінай дыслакацыі. Мы прадугледжваем таксама дадатковыя мабільныя групы і групы хуткага рэагавання ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматычнай зброяй, што будуць гатовы аказаць імгненную дапамогу».
Як адзначыў спікер, дзякуючы названым мерам, ні адно правапарушэнне, ні адно супрацьпраўнае дзеянне не застанецца па-за ўвагай. Для забеспячэння рэагавання на магчымыя правакацыі, аказання дапамогі і садзейнічання супрацоўнікам органаў унутраных спраў будуць прыцягвацца члены добраахвотных дружын, ветэраны органаў унутраных спраў і прадстаўнікі БРСМ. Акрамя таго, будзе забяспечана бяспека членаў выбарчых камісій пры перавозцы бюлетэняў, а таксама пры працэдуры галасавання асобных катэгорый грамадзян па месцы жыхарства.
«З улікам вопыту мінулых гадоў пад асаблівай увагай будзе любая інфармацыя, якая змяшчае пагрозы або абразы ў дачыненні да членаў выбарчых камісій або старшыняў камісій. Кожнаму такому факту будзе давацца імгненная ацэнка і прымацца меры рэагавання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Хачу яшчэ раз звярнуць увагу, што аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы па выяўленні і фіксацыі такіх правапарушэнняў працягваюцца і знаходзяцца на пастаянным кантролі. Меры, якія прымаюцца, дазволяць забяспечыць своечасовае рэагаванне ў выпадку ўскладнення аператыўнай абстаноўкі. Органы ўнутраных спраў гатовыя да выканання пастаўленых задач», — падагульніў Аляксандр Купчэня.
«Не толькі кантроль, але і забеспячэнне пажарнай бяспекі...»
У рамках падрыхтоўкі правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі міністрам па надзвычайных сітуацыях прынята адпаведнае рашэнне аб арганізацыі работы падрыхтоўкі правядзення выбараў, якім прадугледжаны комплекс мер, што ўключаюць работу па прафілактыцы ўзнікнення надзвычайных сітуацый, а таксама аператыўнага рэагавання. Аб гэтым расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аварыйна-ратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Аляксей Навіцкі: «Органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду забяспечана правядзенне абследаванняў супрацьпажарнага стану больш за 4,5 тысячы аб’ектаў, на якіх будуць размяшчацца выбарчыя ўчасткі. Таксама з мэтай павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі работнікамі МНС аказана ўся неабходная практычная дапамога, праведзены адпаведныя інструктажы аб мерах пажарнай бяспекі».
Па яго словах, у падраздзяленнях МНС праведзена больш за чатыры тысячы заняткаў з ратавальнікамі і з работнікамі дзяжурных змен па тактыцы тушэння пажараў на тыпавых аб’ектах, якія будуць размяшчацца ў выбарчых участках. У тым ліку дадаткова вывучаны характарыстыкі аб’ектаў, маршруты руху, месца размяшчэння вонкавага пажарнага водазабеспячэння.
«Для арганізацыі дзяжурства ў асноўны дзень галасавання 26 студзеня на выбарчых участках будзе задзейнічана пяць тысяч работнікаў органаў падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, — дадаў Аляксей Навіцкі. — Для ажыццяўлення перыядычнага кантролю ў перыяд датэрміновага галасавання з 21 па 25 студзеня плануецца задзейнічаць 1600 работнікаў сістэмы МНС. Непасрэдна ў асноўны дзень галасавання ўсе работнікі органаў падраздзяленняў пяройдуць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. На баявое дзяжурства заступіць 3700 ратавальнікаў, 1400 адзінак пажарнай ратавальнай тэхнікі».
«Наша задача падчас дзяжурства — не толькі кантроль за забеспячэннем пажарнай бяспекі, але і своечасовае выяўленне пажараў і іншых надзвычайных сітуацыі, паведамленне пра іх, эвакуацыя людзей у выпадку іх узнікнення, тушэнне ўзніклых пажараў першаснымі сродкамі пажаратушэння, а таксама сустрэча падраздзяленняў МНС, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і іншыя здарэнні. У цэлым, органы падраздзяленняў МНС гатовыя да забеспячэння бяспекі ў перыяд правядзення выбараў», — запэўніў Аляксей Навіцкі.
Фота з Тэлеграм-канала Нацыянальнага прэс-цэнтра