У сталіцы 3 ліпеня адбудзецца мноства раённых мерапрыемстваў — у кожным раёне горада, а ў некаторых і не па адным. Пераважна яны завершацца да пачатку асноўных гарадскіх урачыстасцяў каля стэлы «Мінск — горад-герой». А ў 23:00 неба над сталіцай асвецяць святочныя феерверкі. Пляцоўкі для іх запуску размешчаны ў сямі пунктах: каля «Чыжоўка-Арэны», у парку Паўлава, каля Нацыянальнай бібліятэкі, у парках Уга Чавеса, Перамогі, Янкі Купалы і на набярэжнай вадасховішча «Дразды».
І на ўсе гэтыя мерапрыемствы прыйдзе мноства гледачоў, таму праваахоўнікі традыцыйна пераходзяць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Як растлумачыў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў, усе нарады арыентаваны на аказанне дапамогі людзям, іх абарону і папярэджанне правапарушэнняў, а пропуск грамадзян на святочныя пляцоўкі будзе арганізаваны праз кантрольна-прапускныя пункты.
Ужо з 10 гадзін 3 ліпеня на ўваходзе на святочны кірмаш у раёне Палаца спорту будзе працаваць 4 КПП і 36 пунктаў пропуску. А вечарам, з 21:00 да 00:10, каля стэлы «Мінск — горад-герой» пройдуць гала-канцэрт і акцыя «Праспяваем гімн разам» — туды грамадзян будуць прапускаць праз 16 КПП і 126 пунктаў пропуску. Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, цяжарных жанчын і бацькоў з малалетнімі дзецьмі арганізуюць асобныя праходы. Іх абазначаць аранжавымі тэнтамі, каб людзі маглі хутка зарыентавацца і не марнаваць час у агульных чэргах.
Таксама ў абавязковым парадку варта ўлічваць умовы надвор’я: на вуліцы можа быць горача, таму не лішнім будзе ўзяць з сабой ваду (па правілах — у празрыстай тары) і галаўныя ўборы. А вось алкаголь на святочных пляцоўках строга забаронены. Поўны спіс забароненых рэчаў даступны кожнаму — на інфармацыйных стэндах прама каля ўваходаў на свята. Кожны, хто адмовіцца ад надгляду на кантрольна-прапускным пункце, не зможа прайсці на пляцоўку. Абмяжуюць і праход з жывёламі, веласіпедамі, самакатамі і іншымі сродкамі перамяшчэння. У дапамогу праваахоўнікам — сістэмы камер відэаназірання.

Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя таксама перайшла на ўзмоцнены рэжым работы ўжо ў перадсвяточныя дні, займаючыся падрыхтоўчымі мерапрыемствамі. Як расказаў начальнік упраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Бабіч, асноўныя сілы засяродзяць на кантролі за дарожнай абстаноўкай, забеспячэнні бесперабойнага і бяспечнага руху асабістага і грамадскага транспарту па альтэрнатыўных маршрутах у аб’езд месцаў правядзення мерапрыемстваў. З 18:00 3 ліпеня да 01:00 4 ліпеня ў цэнтральнай частцы горада ўвядуць часовыя абмежаванні для ўсіх відаў транспарту. Будуць перакрыты праспект Пераможцаў на ўчастку ад вул. Інтэрнацыянальнай да вул. Сапёраў і праспект Машэрава ад вул. Даўмана да вул. Ціміразева.
Забяспечаць і бяспеку па перыметры святочных зон, дзе спыненне і стаянку транспартных сродкаў абмяжуюць. Таму ўсім тым, хто плануе наведаць свята, рэкамендуецца карыстацца грамадскім транспартам: ён будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, а час будзе працягнуты з улікам падвозу і развозу ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА