Top.Mail.Ru

Як БУТБ уплывае на экспартныя паказчыкі і канкурэнтаздольнасць краіны

Празрысты механізм здзелкі

Беларуская ўніверсальная таварная біржа — гэта больш, чым проста гандлёвая пляцоўка. Сёння гэта ключавы элемент сучаснай эканомікі Беларусі, які забяспечвае празрыстасць цэнаўтварэння, пашырэнне экспартных магчымасцяў і павышэнне канкурэнтаздольнасці нашых прадпрыемстваў. Пра тое, як БУТБ дапамагае беларускаму бізнесу ўпэўнена адчуваць сябе на сусветным рынку, апошнія змены на біржы і асаблівасці попыту пакупнікоў мы пагаварылі са старшынёй праўлення БУТБ Аляксандрам Асмалоўскім.

Уклад у эканоміку краіны

— БУТБ, як і любая сучасная таварная біржа, — гэта электронная пляцоўка, дзе ва ўмовах сумленнай канкурэнцыі здзяйсняюцца здзелкі куплі-продажу тавараў, — пачынае размову Аляксандр Асмалоўскі.

Біржа акумулюе попыт і прапанову, фарміруючы празрысты рыначны механізм цэнаўтварэння. Гэта павышае эфектыўнасць работы прадпрыемстваў як у збыце, так і ў закупках. Суразмоўнік падкрэслівае, што гэта спрыяе пашырэнню геаграфіі экспарту беларускай прадукцыі, дапамагае вырашаць пытанні імпартазамяшчэння, зніжае рызыкі пры гандлі з іншымі краінамі і наладжвае прамыя кантакты паміж вытворцамі і спажыўцамі, выключаючы пасрэднікаў.

— Акрамя фарміравання справядлівай рыначнай цаны, у БУТБ ёсць і іншыя важныя функцыі, — кажа кіраўнік біржы. — Кожная з іх напрамую ўплывае на эканамічныя паказчыкі краіны, яе экспартны патэнцыял, канкурэнтаздольнасць і ўстойлівасць да знешніх фактараў.

Што прыцягвае бізнес?

Сёння паслугамі БУТБ карыстаюцца каля 28 тысяч беларускіх прадпрыемстваў, як дзяржаўных, так і прыватных. Што ж прымушае іх выбіраць менавіта біржу?

— Любая кампанія імкнецца да прыбытку, а біржа дапамагае яго максімізаваць. Мы павялічваем выручку ад продажаў і скарачаем выдаткі на закупкі, — тлумачыць Аляксандр Асмалоўскі. — Акрамя таго, рызыкі на БУТБ значна ніжэйшыя, чым на звычайным рынку. Гэта дасягаецца дзякуючы задатку і разлікам праз рахункі біржы. Іншымі словамі, кампаніі прыходзяць на таргі перш за ўсё таму, што гэта выгадна і бяспечна.

Доўгі час існаваў міф пра тое, што папулярнасць БУТБ звязана толькі з абавязковай рэалізацыяй праз біржу, якая рэгулюецца пастановай Саўміна № 714. Але гэта не так. Сёння толькі каля паловы тавараабароту прыпадае на «абавязковыя» тавары: піламатэрыялы, сухое малако і мяса.

— Эфектыўны продаж гэтых тавараў — пытанне эканамічнай бяспекі, — падкрэслівае старшыня праўлення. — Пры гэтым, калі паглядзець на структуру здзелак на ўнутраным рынку, то «абавязковыя» тавары складаюць каля 30 %. Астатняе — гэта кантракты, заключаныя добраахвотна.

Найважнейшай перавагай біржавога механізму з’яўляецца празрыстасць і аб’ектыўнасць цэн.

— Кошт тавару на біржы залежыць не ад жадання нейкага канкрэтнага прадаўца ці пакупніка, а ад суадносін попыту і прапановы ў цяперашні момант часу, — адзначае суразмоўца. — Дарэчы, менавіта таму БУТБ — спотавая біржа. Гэта значыць, што ў нас на таргах кошт вызначаецца тут і цяпер і адлюстроўвае рэальную кан’юнктуру рынку.

Змены апошніх гадоў

— Адно з галоўных змяненняў — спрашчэнне працэдуры акрэдытацыі. Цяпер удзельнікам таргоў можна стаць усяго за некалькі дзён, — кажа Аляксандр Асмалоўскі. — Акрэдытацыя, электронны лічбавы подпіс, праграмнае забеспячэнне і навучанне даюцца бясплатна. Аплачваецца толькі біржавы збор пасля заключэння здзелкі. Дарэчы, калі вы паўдзельнічалі ў гандлёвай сесіі, але здзелку не заключылі, то біржа не возьме з вас ні капейкі.

Каб прыцягнуць замежных пакупнікоў, быў уведзены механізм адрасных здзелак пры продажы малочнай прадукцыі і піламатэрыялаў на экспарт.

— Гэта дазваляе заключаць здзелкі не ананімна, а з канкрэтнымі прадаўцамі і пакупнікамі. Пры гэтым цана не можа быць ніжэйшай за каціроўку, якая склалася на біржавых таргах, — тлумачыць кіраўнік БУТБ.

У выніку прыкметна вырасла экспартная выручка беларускіх вытворцаў, а на біржу прыйшлі імпарцёры з такіх «экзатычных» краін, як Венесуэла, Інданезія, Кенія, Малайзія, Мексіка, М’янма і Сенегал.

Таксама былі створаны пляцоўкі для гандлю нафтапрадуктамі і электраэнергіяй на экспарт, сэрвісы для імпартазамяшчэння і продажу неліквіднай маёмасці. У 2023 годзе адкрылася прадстаўніцтва БУТБ у Шанхаі, забяспечыўшы прамую сувязь біржы з кліентамі з Кітая. Дзейнасць прадстаўніцтва садзейнічае імпарту запатрабаванай у Беларусі кітайскай прадукцыі і ўплывае на павелічэнне продажаў беларускіх тавараў на рынку КНР.

— Самым важным новаўвядзеннем гэтага года лічу пачатак публікацыі біржавых цэнавых індэксаў па пяці групах тавараў. На ўнутраным рынку гэта круглыя лесаматэрыялы, чорныя металы і шроты алейных, а на знешнім — піламатэрыялы і сметанковае масла, — падкрэслівае Аляксандр Асмалоўскі.

Па словах кіраўніка біржы, БУТБ сёння і пяць гадоў таму — гэта «дзве вялікія розніцы».

Што выклікае цікавасць?

Якія краіны — ключавыя партнёры БУТБ у міжнародным гандлі? Па выніках першых месяцаў 2025 года, у пяцёрку лідараў па экспарце ўвайшлі Расія, Кітай, Узбекістан, Азербайджан і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

— Цікава, што няма нейкай асаблівай розніцы паміж краінамі — у асноўным усе купляюць адны і тыя ж беларускія тавары, але ў розных аб’ёмах, — адзначае старшыня праўлення БУТБ.

У гандлі з Расіяй самая разнастайная наменклатура тавараў: мяса-малочная прадукцыя, піламатэрыялы і лом металаў. Кітай закупляе піламатэрыялы, ялавічыну і сухое малако. Узбекістан — абразныя дошкі, сухое малако і астуджаную ялавічыну. Падобная структура здзелак і з Азербайджанам. Толькі ў дадатак да ўжо пералічаных тавараў азербайджанскія ўдзельнікі таксама купляюць на біржавой пляцоўцы сметанковае масла. У ААЭ экспартуюцца амінакіслоты, сухое малако і піламатэрыялы.

Што тычыцца імпарту, то тут лідзіруе Расія, за ёй ідуць Кітай, Францыя, Германія і Арменія. З Расіі ў Беларусь паступае металапракат, збожжа, змазачныя матэрыялы і прамысловае абсталяванне. З Кітая — вырабы з металаў і электраабсталяванне. Францыя і Германія пастаўляюць насенне, а з Арменіі імпартуецца пераробны чыгун.

Марыя АСТРОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю